Прыкладам вяртання гісторыка-культурнай і мастацкай спадчыны можа служыць сядзібна-паркавы комплекс Козел-Паклеўскіх на ўскраіне вёскі Красны Бераг Жлобінскага раёна. Гісторыя сядзібы пачынаецца з сярэдзіны XVI ст. Шмат разоў пераходзіла яна ад аднога ўладальніка да другога, пакуль у 1877 г. не была набыта генерал-маёрам Міхаілам Сямёнавічам Гатоўскім. Для будаўніцтва палаца ён прывёз у Красны Бераг вядомага расійскага архітэктара Віктара Шрэтэра. Усяго за тры гады быў узведзены палац, у якім спалучыліся рысы неарэнесансу і неаготыкі. Побач з палацам быў разбіты англійскі парк пейзажна-рэгулярнага тыпу, дзе расло шмат відаў раслін.
Музей-сядзіба Швыкоўскіх на Брэстчыне – унікальны помнік сядзібна–паркавай архітэктуры, вядомы як “Пружанскі палацык” – адзіны на тэрыторыі краіны сядзібны дом, які захаваўся ў нязменным выглядзе з часу пабудовы. Будынак быў узведзены ў 1854–1870 гг. архітэктарам Марыя Ланці для Валенція Швыкоўскага. Унутраная планіроўка ўключала каля 40 пакояў: салон, кветкавую залу, паляўнічы кабінет, сталовую, шэраг жылых і службовых памяшканняў. Сядзібны дом акружаў пейзажны парк са штучнымі каналамі і вадаёмам, аранжарэяй, дзе вырошчвалася шмат відаў экзатычных раслін.
Сярод помнікаў дойлідства сваёй непаўторнай прыгажосцю вылучаецца палацава-паркавы ансамбль Булгакаў у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. У ХІХ ст. бабруйскі маршалак Ігнацій Булгак вырашыў пабудаваць тут велічны палац у стылі класіцызму. Будынак меў прамавугольную форму і складаўся з цэнтральнай часткі, бакавых крылаў з аранжарэяй, капліцай і жылымі памяшканнямі, уязной брамай. Аўтарам праекта быў прафесар Віленскага ўніверсітэта Караль Падчашынскі. У палацы захоўвалася калекцыя жывапісу, слуцкіх паясоў, сярэдневяковай зброі, а таксама бібліятэка старадрукаваных і рукапісных кніг. Выдатным аб’ектам садова-паркавага мастацтва быў англійскі пейзажны парк з каскадам штучных вадаёмаў, скульптурамі, альтанкамі, ажурнымі дэкаратыўнымі масткамі і лаўкамі.
Выдатным помнікам архітэктуры з’яўляецца палацава-паркавы комплекс Святаполк-Чацвярцінскіх у пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Велічны двухпавярховы будынак з мноствам вітражных вокнаў у стылі неабарока быў узведзены варшаўскім архітэктарам Уладзіславам Марконі ў пачатку ХХ ст. У склад сядзібнага комплексу ўваходзіў парк рэгулярнага тыпу, флігель, млын, сажалка і некалькі гаспадарчых пабудоў.
Палац і парк Рдултоўскіх у аграгарадку Сноў Нясвіжскага раёна лічыцца адным з найпрыгажэйшых помнікаў архітэктуры і палацава-паркавага мастацтва першай паловы XIX ст. Пабудаваны ён па праекце архітэктара Браніслава Тычэцкага для навагрудскага павятовага маршалка Казіміра Рдултоўскага. Нягледзячы на вялізныя памеры (працягласць палаца 140 метраў) будынак выглядае вельмі гарманічна. Вакол палаца быў разбіты вялікі парк у рамантычным стылі. Яго ўпрыгожвала сістэма каналаў з маляўнічымі астравамі, масткамі, альтанкамі.
Сядзібна-паркавы ансамбль Бішэўскіх у пасёлку Лынтупы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці быў пабудаваны ў пачатку ХХ ст. паводле праекта віленскага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага. Будынак упрыгожвалі калоны, багатая ляпніна, раскошнае аздабленне. Побач з домам былі ўзведзены гаспадарчыя пабудовы, капліца, арачны мост, вялікая гранітная лесвіца з мармуровымі скульптурамі. У парку раслі рэдкія дрэвы і кусты, меліся пляцоўкі для назірання за маляўнічымі краявідамі, музычны павільён, сістэма вадаёмаў са штучных сажалак, злучаных паміж сабой.
Па меркаванні даследчыкаў, на тэрыторыі Беларусі ў канцы XIX – пачатку ХХ ст. было больш за 8000 розных сядзіб, палацаў і фальваркаў, але да нас дайшло каля 1200. Вяртанне гістарычных сядзіб і палацаў да новага жыцця спрыяе захаванню нашай гістарычнай памяці, павагі да гісторыі і культуры свайго краю і з’яўляецца справай гонару кожнага культурнага чалавека.