Міхась (Міхаіл Мікалаевіч) Клімковіч прыйшоў у літаратуру ў канцы 1920-х гг. Ён нарадзіўся ў вёсцы Сялітранка Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1915 г. скончыў Барысаўскае 4-класнае гарадское вучылішча, потым экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка. У 1915–1921 гг. працаваў у школах Барысаўскага павета. У 1921 г. М. Клімковіча прызвалі ў Чырвоную армію. Пасля дэмабілізацыі быў настаўнікам, сакратаром валаснога і раённага камітэта партыі бальшавікоў, загадваў культаддзелам Цэнтральнага савета прафсаюзаў БССР. У 1932–1934 гг. з’яўляўся старшынёй аргкамітэта па стварэнні Саюза пісьменнікаў БССР, праўленне якога ўзначальваў у 1934–1939 гг. У 1943–1947 гг. быў галоўным рэдактарам дзяржаўнага выдавецтва БССР. Да 1954 г. працаваў літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў БССР і адначасова ўзначальваў камісію па рабоце з маладымі аўтарамі.
Займацца літаратурнай творчасцю М. Клімковіча пачаў рана. У час вучобы ў гарадскім вучылішчы змяшчаў свае вершы ў рукапісным часопісе “Пробліскі”. Першымі друкаванымі творамі сталі паэма “Чатырнаццаць слуцкіх” і шэраг вершаў, якія былі апублікаваны ў 1929 г. Міхась Клімковіч пісаў вершы, апавяданні, байкі, публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя артыкулы, сатырычныя творы, займаўся перакладамі. Найбольш поўна яго талент праявіўся ў драматургіі. Ён з’яўляецца аўтарам драматычных паэм “Кацярына Жарнасек” (1937), “Адплата” (1945), “Уся ўлада Саветам” (1957), трылогіі “Георгій Скарына” (1946, 1947, 1955). У 1946 г. была выдадзена кніга прозы М. Клімковіча “Лясное возера”.
Пісьменік актыўна працаваў у жанры опернай і балетнай драматургіі. Ён напісаў лібрэта опер “Апошні вечар на хутары” (1940), “Кастусь Каліноўскі” (1947), “Песня аб шчасці” (1952). На багатым матэрыяле беларускіх казак і легенд стварыў лібрэта балета “Князь-возера” (1949). Літаратурная спадчына М. Клімковіча налічвае шмат вершаў, некаторыя з іх пакладзены на музыку вядомымі кампазітарамі (У. Алоўнікавым, Д. Лукасам, А. Туранковым, Я. Цікоцкім і інш.) і сталі папулярнымі песнямі. Міхась Клімковіч з’яўляецца аўтарам тэкстаў Дзяржаўнага гімна БССР (1944, музыка Н. Сакалоўскага) і Рэспублікі Беларусь (2002, у суаўтарстве з У. Карызнам).
Пісьменнік плённа працаваў у галіне крытыкі і літаратуразнаўства. Яго кніга “Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру” (1953) стала грунтоўным літаратурным даследаваннем.