Да юбілею Веры Пола

7 лютага 2026 г. спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння актрысы тэатра і кіно, народнай артысткі Беларусі Веры Пола

У гісторыю беларускай культуры Вера Мікалаеўна Пола ўвайшла як актрыса яркага камедыйнага таленту. Больш за 50 гадоў творчага жыцця прысвяціла яна Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы.

Нарадзілася В. Пола ў Мінску ў сям’і інспектара народных вучылішч. Вучылася ў Мінскай Марыінскай гімназіі, іграла ў аматарскіх спектаклях, любіла спяваць. Менавіта спевы паклалі пачатак яе творчаму шляху. Валодаючы прыемным нізкім грудным голасам, Вера Мікалаеўна карысталася вялікай папулярнацю як выканаўца беларускіх народных песень. Яе артыстычныя даныя заўважыў мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага тэатра Е. Міровіч, які ў 1922 г. прыняў яе ў харавую групу, а потым перавёў у склад акцёраў. У час навучання акцёрскаму майстэрству дзяўчына выконвала эпізадычныя ролі ў спектаклях «На Купалле» М. Чарота, «Машэка» Е. Міровіча, выступала як спявачка.

Першы поспех прыйшоў да В. Пола ў камедыі-сатыры Е. Міровіча «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (1927), у якім гледачы ацанілі яе надзвычай яркае і маляўнічае выкананне ролі кулацкай дачкі Маланні. Значнай лічыцца работа ў спектаклі па п’есе К. Крапівы «Хто смяецца апошнім», дзе актрыса стварыла вострахарактарны і нават гратэскавы вобраз Ганны Паўлаўны, жонкі Гарлахвацкага. Адной з лепшых у перадваенны перыяд у яе творчасці стала роля Кацярыны ў пастаноўцы па п’есе К. Крапівы «Партызаны». У час Першай дэкады беларускага мастацтва ў Маскве (1940) тэатральныя крытыкі палічылі, што В. Пола стварыла самы выразны і запамінальны вобраз адмоўнага персанажа. У гады Вялікай Айчыннай вайны актрыса разам з тэатрам знаходзілася ў эвакуацыі ў Томску. У складзе франтавых брыгад прымала ўдзел у канцэртах і спектаклях. Вяршыняй яе творчасці ў гэты час стаў вобраз Агаты ў камедыі Я. Купалы «Паўлінка».

 

 

Вера Пола ў ролі Агаты ў спектаклі па п’есе Я. Купалы «Паўлінка».

 

Здольнасць актрысы ствараць цікавыя, разнапланавыя вобразы асабліва ярка раскрылася ў пасляваенны час, на які выпадае найбольшая колькасць яе сцэнічных работ. Асаблівую папулярнасць сярод іх мелі ролі Лябёдкінай («Позняе каханне» А. Астроўскага), Сцепаніды («Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка), Аўдоцці («Твой светлы шлях» А. Маўзона), Сухадол («Сэрца на далоні» І. Шамякіна) і інш.

 

 

Вера Пола ў ролі Лябёдкінай у спектаклі па п’есе А. Астроўскага «Позняе каханне».

 

За глыбокае разуменне вобразаў жанчын з народа і таленавітае выкананне ролі Паўліны Бохан у спектаклі «Пяюць жаваранкі» актрыса ў 1952 г. была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі СССР. Вера Пола сыграла больш за 120 роляў на сцэне Купалаўскага тэатра.


 

 

Вера Пола ў ролі Паўліны Бохан, Уладзімір Дзядюшка ў ролі Пытляванага ў спектаклі па п’есе К. Крапівы «Пяюць жаваранкі».

 

Знялася таксама ў кінафільмах «Хвоі гамоняць» (1929), «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Несцерка» (1955).

 

 

Вера Пола ў ролі Мальвіны ў кінафільме «Несцерка».

 

За заслугі ў развіцці беларускага тэатральнага мастацтва В. Пола ў 1953 г. прысвоена ганаровае званне народнай артысткі БССР. Яна ўзнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», медалямі.