

Сярод выдатных вучоных, якія ўнеслі значны ўклад у геаграфічнае асваенне Зямлі, адметнае месца займае ваенны геадэзіст, генерал-лейтэнант Іосіф Іванавіч Ходзька.
Нарадзіўся ён у сям’і пісьменніка, драматурга, грамадскага дзеяча Яна Ходзькі ў мястэчку Крывічы Вілейскага павета Мінскай губерні (цяпер гарадскі пасёлак у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці). Атрымаў добрую хатнюю адукацыю, затым вучыўся ў Віленскай універсітэцкай гімназіі, дзе захапіўся дакладнымі навукамі. У 1816 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Пад кіраўніцтвам прафесара П.Я. Славінскага больш паглыблена вывучаў астраномію і геадэзію. Пасля заканчэння навучання (1821) І.І. Ходзька некаторы час працаваў ад’юнктам астранамічнай абсерваторыі пры ўніверсітэце. У 1822 г. па рэкамендацыі прафесара Я. Снядэцкага быў залічаны ў Корпус ваенных тапографаў. Пад кіраўніцтвам генерала К.І. Тэнера праводзіў тапаграфічныя і трыянгуляцыйныя работы на захадзе Латвіі, у Літве, Гродзенскай і Мінскай губернях, займаўся градуснымі вымярэннямі мерыдыяна базавай дугі Струвэ (1824–1828).
Схема Віленскай, Курляндскай, Гродзенскай і Мінскай трыянгуляцый
У 1831 г. у якасці штабнога афіцэра І.І. Ходзька накіраваны на Балканы. Праводзіў разнастайныя астранома-геадэзічныя, тапаграфічныя і бараметрычныя работы на тэрыторыі сучаснай Румыніі і на Басфоры. Па выніках даследаванняў зрабіў ваенна-статыстычнае апісанне княстваў Малдавіі і Валахіі, якое было прадстаўлена імператару Мікалаю І.
З 1839 г. І.І. Ходзька служыў на Каўказе. Займаўся складаннем карт гэтага рэгіёна, праводзіў астранамічныя назіранні. У 1845 г. яму быў даручаны праект па трыянгуляцыі Закаўказзя. На працягу некалькіх гадоў у складаных умовах высокагор’я ён займаўся стварэннем сеткі геадэзічных пунктаў на мясцовасці для правядзення тапагеадэзічнай здымкі. У 1850 г. ажыццявіў узыходжанне на Арарат і ўпершыню правёў геадэзічныя работы на такой значнай вышыні. За перыяд Закаўказскай трыянгуляцыі даследчыкам было дадзена дасканала выверанае азначэнне 1386 пунктам па іх геаграфічным становішчы і вышыні над узроўнем мора, складзена першая карта гэтага рэгіёна з вызначэннем усіх вяршынь, горных перавалаў і леднікоў.
У час Крымскай вайны 1853–1856 гг. І.І. Ходзька знаходзіўся ў Турцыі, праводзіў тапаграфічныя работы ў раёне Карса і Эрзерума. Складзеныя ім карты дазволілі больш эфектыўна планаваць ваенныя аперацыі на тэрыторыі гэтага рэгіёна.
З 1858 г. І.І. Ходзька ўзначальваў ваенна-тапаграфічны аддзел Галоўнага штаба Каўказскай арміі. Пад яго кіраўніцтвам у 1860–1865 гг. праводзіліся трыянгуляцыйныя работы на Паўночным Каўказе.
Схема трыянгуляцыі Паўночнага Каўказа
У 1864 г. ім падрыхтавана фундаментальная навуковая праца «Общий взгляд на орографию Кавказа», якая стала першым геаграфічным апісаннем гэтага рэгіёна і была высока ацэнена сусветнай навукай.
Пасля завяршэння Каўказскай трыянгуляцыі (1867) І.І. Ходзька выйшаў у адстаўку. Жыў у Тыфлісе, працягваў займацца даследчыцкай дзейнасцю: супрацоўнічаў з Каўказскім аддзелам Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства, вывучаў леднікі гары Казбек (1874), удзельнічаў у Міжнародным геаграфічным кангрэсе (1875). У 1868 г. вучоны быў адзначаны Канстанцінаўскім медалём – вышэйшай узнагародай Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства, у 1872 г. стаў яго ганаровым членам.
За гады службы І.І. Ходзька быў адзначаны шэрагам дзяржаўных узнагарод: ордэнамі святой Ганны ІІІ (1833), ІІ (1844) і І (1859) ступеняў, святога Уладзіміра ІV (1836) і ІІ (1862) ступеняў, ордэнамі святога Станіслава ІІ (1841) і І (1855) ступеняў, ордэнам святога Георгія ІV ступені, ордэнам Белага Арла (1868), ганаровымі знакамі за бездакорную службу.
У 1901 г. Каўказскі аддзел Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства стаў прысуджаць залатыя і сярэбраныя медалі імя І.І. Ходзькі, якімі ўзнагароджваліся выбітныя члены таварыства, а таксама лепшыя сачыненні па геаграфіі Каўказа.
Даследаваннем жыцця і дзейнасці І.І. Ходзькі займаецца У.В. Мкртычан. Ён аўтар кніг, публікацый у перыядычным друку. У 2020 г. у г.п. Крывічы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці з’явілася мемарыяльная дошка ў гонар выбітнага вучонага-геадэзіста.