Да юбілею Пятра Румянцава

15 студзеня 2025 г. спаўняецца 300 гадоў з дня нараджэння расійскага ваеннага і дзяржаўнага дзеяча Пятра Аляксандравіча Румянцава

Сярод расійскіх военачальнікаў ХVІІІ ст. Пятру Аляксандравічу Румянцаву належыць адно з самых пачэсных месцаў. Як выдатны ваеначальнік ён займаўся распрацоўкай новых формаў вядзення бою, цікавіўся пытаннямі тактыкі і стратэгіі, з’яўляўся аўтарам шэрага грунтоўных ваенна-тэарэтычных работ, якія выкарыстоўваліся пры напісанні і складанні статутаў расійскай арміі, арганізацыі навучання афіцэраў і салдат. У гісторыю Беларусі П.А. Румянцаў увайшоў, як уладальнік Гомеля і фундатар будаўніцтва цудоўнага палаца.

Нарадзіўся ён у Маскве (па іншых звестках у Прыднястроўі) у сям’і вядомага дыпламата графа Аляксандра Іванавіча Румянцава. Маці, Марыя Андрэеўна, паходзіла з вядомага баярскага роду Мацвеевых. У 1735 г. хлопчыка запісалі радавым у лейб-гвардзейскі Праабражэнскі полк. У 1739 г. быў залічаны ў склад рускага пасольства ў Берліне. Праз пэўны час паступіў у Сухапутны шляхецкі корпус (знаходзіўся ў Санкт-Пецярбургу і з’яўляўся адной з самых прэстыжных ваенна-навучальных устаноў Расіі). У 1740 г. ён атрымаў званне падпаручніка і быў накіраваны ў армію. Першым месцам службы стала Фінляндыя, на тэрыторыі якой П.А. Румянцаў удзельнічаў у руска-шведскай вайне 1741–1743 гг. У чэрвені 1741 г. стаў паручнікам, потым вызначыўся пры ўзяцці Гельсінгфорса і атрымаў чын капітана. У ліпені 1743 г. П.А. Румянцаў даставіў у Санкт-Пецярбург дакументы аб заключэнні Абаскага мірнага дагавора. Расійская імператрыца Лізавета Пятроўна прысвоіла яму званне палкоўніка і прызначыла камандзірам Варонежскага пяхотнага палка.

У 1748 г. П.А. Румянцаў прымаў удзел у паходзе корпуса князя М.В. Рапніна на Рэйн Пасля смерці бацькі (1749) ён поўнасцю прысвяціў сябе вайсковай службе. У 1755 г. стаў генерал-маёрам. У час Сямігадовай вайны (1756–1763) камандаваў брыгадай, дывізіяй, корпусам. Вызначыўся ў бітвах пад Грос-Егерсдорфам (1757), Кунерсдорфам (1759), асада крэпасці Кольберг. Імператар Пётр ІІІ узнагародзіў П.А. Румянцава ордэнамі Святога Аляксандра Неўскага, Святога апостала Андрэя Першазваннага і Святой Ганны, прысвоіў яму званне генерал-аншэфа і прызначыў галоўнакамандуючым рускай арміяй у Памераніі.

   

А. Кацэбу. Узяцце крэпасці Кольберг 6 снежня 1761 г. (1852).

 

У чэрвені 1762 г. расійскі прастол заняла Кацярына II, і П.А. Румянцаў падаў прашэнне аб адстаўцы, аднак пакінуць службу яму не дазволілі. У 1764 г. П.А. Румянцаў быў прызначаны прэзідэнтам Маларасійскай калегіі і генерал-губернатарам Маларосіі. На гэтай пасадзе граф праявіў сябе таленавітым адміністратарам. Пад яго кіраўніцтвам была праведзена інвентарызацыя тэрыторыі Маларосіі і складзены знакаміты Румянцаўскі вопіс.

 

 

Генеральная опись Малороссии : Эпизод из деятельности первого правителя Малороссии, гр. П.А. Румянцева-Задунайского / [Д. И. Багалей]. – Киев, 1883. – 31 с.

 

У лістападзе 1768 г. пачалася руска-турэцкая вайна. Паспяховыя дзеянні войск, якімі камандаваў П.А. Румянцаў, прымусілі Турцыю заключыць 21 ліпеня 1774 г. мірны дагавор. За перамогі каля Рабой Магілы, Ларгі, Кагула (усе 1770) граф атрымаў ганаровае найменне Задунайскі, званне генерал-фельдмаршала, быў узнагароджаны ордэнам Святога Георгія 1-га класа, у яго гонар адлілі медаль.

 

 

План бітвы каля Рабой Магілы 17(28) чэрвеня 1770 г.

 

Пасля завяршэння вайны П.А. Румянцаў зноў кіраваў Маларосіяй. У 1776 г. суправаджаў цэсарэвіча Паўла ў час яго візіту ў Прусію. У лютым 1779 г. Кацярына ІІ прызначыла графа генерал-губернатарам Курскага і Харкаўскага намесніцтваў. Калі пачалася руска-турэцкая вайна 1787–1791 гг. П.А. Румянцаў узначаліў так званую Украінскую армію (пазней увайшла ў склад галоўных сіл рускіх войск, якімі камандаваў Р.А. Пацёмкін). Апошнія гады жыцця граф правёў у сваім маёнтку Ташань пад Палтавай. Ён памёр 19 снежня 1796 г.

Галоўным помнікам фельдмаршалу з’яўляецца палацава-паркавы ансамбль у Гомелі, які ён атрымаў у 1775 г. ад Кацярыны II. На месцы драўлянага замка князя М. Чартарыйскага, які размяшчаўся на высокім правым беразе Сажа, П.А. Румянцаў пачаў будаваць у 1777 г. мураваны палац. Пасля смерці графа маёнтак атрымаў у спадчыну яго старэйшы сын М.П. Румянцаў, які зрабіў Гомель сваёй асноўнай рэзідэнцыяй. У наш час гэта адзін з найбольш цікавых помнікаў грамадскай архітэктуры на тэрыторыі Беларусі.