Да юбілею Івана Навуменкі

16 лютага 2025 г. спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Якаўлевіча Навуменкі

У сузор’і пісьменнікаў, якія ў сваіх творах ярка адлюстравалі тэму Вялікай Айчыннай вайны, Івану Якаўлевічу Навуменку належыць адно з самых значных месцаў.

Нарадзіўся І. Навуменка ў г. Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. У сярэдняй школе ўсе прадметы здольнаму вучню даваліся лёгка, але асабліва ён любіў літаратуру. У дзяцінстве спрабаваў пісаць вершы, у старэйшых класах – артыкулы і рэцэнзіі на мастацкія творы. Ён марыў сур’ёзна займацца літаратурай, але ўсе планы перакрэсліла вайна. Сямнаццацігадовым юнаком уключыўся І. Навуменка ў барацьбу з акупантамі: прымаў актыўны ўдзел у падпольнай дзейнасці, быў сувязным і партызанам Васілевіцкай брыгады імя П. Панамарэнкі, уваходзіў у армейскую разведвальна-дыверсійную групу. Разам з часцямі Чырвонай Арміі ўдзельнічаў у вызваленні родных мясцін. З 1943 г. быў на фронце: ваяваў на Карэльскім перашыйку, ва Усходняй Прусіі, у Сілезіі.

Пасля дэмабілізацыі І. Навуменка працаваў карэспандэнтам мазырскай абласной газеты “Бальшавік Палесся”. У 1950 г. скончыў завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна (БДУ), у 1954 г. – аспірантуру. З 1953 па 1958 г. загадваў аддзелам прозы часопіса “Маладосць”. Потым працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1972 г. І. Навуменку абралі членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР. У 1973 г. пісьменнік узначаліў Інстытут літаратуры імя Я. Купалы, у 1980 г. стаў акадэмікам, праз два гады віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР. У 1992–2002 гг. – саветнік пры прэзідыуме Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН Беларусі). З 2002 г. – галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі.

Іван Навуменка актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці краіны: уваходзіў у склад праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, прымаў удзел у рабоце XXV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, пяць гадоў з’яўляўся дэпутатам і старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978), народны пісьменнік Беларусі (1995) І. Навуменка ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1945), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1975), Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Айчыннай вайны ІІ ст. (абодва 1985), медалямі.

Пачаткам літаратурнай дзейнасці пісьменніка лічыцца 1955 г. У гэты час у часопісе “Маладосць” былі апублікаваны яго першыя апавяданні “Сідар і Гараська” і “Эх, махорачка”. З 1957 г. кніга за кнігай пачалі выдавацца зборнікі апавяданняў, навел і аповесцей – “Сямнаццатай вясной” (1957), “Хлопцы-равеснікі” (1958), “Верасы на выжарынах” (1960), “Бульба” (1964), “Таполі юнацтва” (1966; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі, 1967), “Вераніка” (1968), “Тая самая зямля” (1971), “Падарожжа ў юнацтва” (1972), “Замяць жаўталісця” (1977), “Пераломны ўзрост” (1986), “Водгулле далёкіх вёснаў” (1989) і інш. У творах адлюстраваны лёс пакалення аднагодкаў аўтара, якое, нягледзячы на цяжкія ваенныя гады і супярэчнасці жыцця, захавала рамантычны, часам летуценны погляд на рэчаіснасць.

 

                      

 

Найбольш поўна тэма Вялікай Айчыннай вайны раскрыта ў раманах І. Навуменкі “Сасна пры дарозе” (1962), “Вецер у соснах” (1967), “Сорак трэці” (1973). Аўтар паказаў складаны і супярэчлівы працэс фарміравання волі і характараў маладых людзей, гатовых да подзвігу ў імя Радзімы.

 

                                                                              

 

У раманах, створаных у 1970–80-я гг. (“Смутак белых начэй”, “Летуценнік”, “Асеннія мелодыі”), паўстае вобраз беларускага інтэлігента старэйшага пакалення. Сучаснае жыццё з усімі яго канфліктамі, супярэчлівасцямі асэнсоўваецца пісьменнікам у апошнім значным творы – трылогіі “Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва” (1997) і яго працягу “Любімы горад” (1999).

 

                      

 

Шырока вядомы І. Навуменка і як даследчык у галіне нацыянальнага літаратуразнаўства. Ён аўтар манаграфій “Янка Купала. Духоўны воблік героя” (1967), “Якуб Колас. Духоўны воблік героя” (1968; за абедзве Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Коласа, 1972), “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч” (1992), “Змітрок Бядуля” (1995), “Максім Багдановіч” (1997), “Ранні Кузьма Чорны (1923–1929)” (2000).