

Кандрат Кандратавіч Атраховіч (літаратурны псеўданім Кандрат Крапіва) нарадзіўся ў вёсцы Нізок што на Уздзеншчыне. Скончыў царкоўнапрыходскую школу, народнае вучылішча, экстэрнам здаў экзамены на званне народнага настаўніка і адзін год працаваў настаўнікам Мнішанскага земскага народнага вучылішча Мінскага павета. З 1915 г. прымаў удзел у баявых дзеяннях у час Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў.
Кандрат Кандратавіч Атраховіч (1916).
У 1925 г. К.К. Атраховіч перабраўся ў Мінск. Быў членам літаратурных арганізацый “Маладняк” і “Узвышша”, працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры, загадваў аддзелам часопіса “Полымя рэвалюцыі”. У 1930 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Рэдкалегія часопіса “Узвышша”. Злева направа: сядзяць – К. Чорны, У. Дубоўка, К. Крапіва; стаяць – А. Бабарэка, Я. Пушча (1927).
У 1939 г. пісьменнік зноў быў мабілізаваны: прымаў удзел у вызваленні Заходняй Беларусі і савецка-фінляндскай вайне. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны К.К. Атраховіч працаваў у рэдакцыі газеты “Красноармейская правда”, затым – у газеце “За Савецкую Беларусь” Заходняга фронту.
Кандрат Кандратавіч Атраховіч (1942).
З сакавіка 1943 г. і да канца вайны быў адказным рэдактарам ілюстраванай сатырычнай газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Пасля вайны два гады рэдагаваў сатырычны часопіс “Вожык”.
Літаратурная дзейнасць К. Крапівы пачалася яшчэ ў пачатку 1920-х гг. Яго раннія агітацыйныя, сатырычныя і гумарыстычныя вершы друкаваліся на старонках газеты “Савецкая Беларусь”. Праз некаторы час яны ўвайшлі ў кнігі баек “Асцё” і “Крапіва” (абодва 1925). Пачынаючы з другой паловы дваццатых гадоў выйшлі з друку зборнікі: “Біблія” (1926), “Байкі” (1927), “Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў” (1930), “Ухабы на дарозе” (1930), “Смех і гнеў” (1946), “Жаба ў каляіне” (1957) і інш. Класікай беларускай літаратуры сталі байкі: “Вол і Авадзень”, “Варона-мітынгоўшчыца”, “Сука ў збане”, “Каршун і цецярук”, “Дыпламаваны баран”, “Сава, Асёл ды Сонца” і інш.
У ранні перыяд сваёй літаратурнай дзейнасці К. Крапіва паспяхова працаваў і ў галіне мастацкай прозы. Першыя празаічныя творы пісьменніка – сатырычныя мініяцюры, гумарэскі і апавяданні – склалі зборнікі “Апавяданні” (1926), “Людзі-суседзі” (1928) і “Жывыя праявы” (1930). У пачатку 1930-х гг. пісьменнік звярнуўся да новага для яго літаратурнага жанру: напісаў першую частку рамана “Мядзведзічы”.
Найбольш значнае месца ў творчасці К. Крапівы займае драматургія. Першая п’еса “Канец дружбы” была напісана ім у 1933 г. Потым былі народная драма пра падзеі грамадзянскай вайны “Партызаны” (1937) і сатырычная камедыя “Хто смяецца апошнім” (1939), якая з’яўляецца адным з лепшых твораў беларускай камедыяграфіі. Кандрат Крапіва – аўтар драм “Проба агнём” (1943), “З народам” (1948), “Людзі і д’яблы” (1958), камедыі “Пяюць жаваранкі” (1950) і інш. У 1970-я гг. драматург напісаў фантастычную камедыю “Брама неўміручасці”, цёпла была сустрэта публікай яго драма “На вастрыі” (на сцэне вядома пад назвай “Блытаныя сцежкі”, 1982).
Кандрат Крапіва быў не толькі літаратарам. З 1947 г. ён працаваў у Акадэміі навук БССР, узначальваў мовазнаўчы сектар у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва, потым Інстытут мовазнаўства, у 1956–1982 гг. быў віцэ-прэзідэнтам АН БССР. Пісьменнік шмат зрабіў для развіцця беларускага мовазнаўства: напісаў шэраг прац па беларускай лексікаграфіі, прымаў удзел у стварэнні руска-беларускага і беларуска-рускага слоўнікаў, займаўся пытаннямі распрацоўкі тэрміналогіі ў розных галінах навукі.
Кандрат Крапіва – заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1978), Герой Сацыялістычнай Працы (1975), народны пісьменнік Беларусі (1956). У яго гонар названы Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, Уздзенская сярэдняя школа № 2, вуліцы ў Мінску, Беразіно, Ганцавічах, Дзяржынску, Калодзішчах, Смаргоні, Уздзе.