Да юбілею Вольгі Фёдараўны Нячай

4 сакавіка 2026 г. спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння кіназнаўца і кінакрытыка Вольгі Фёдараўны Нячай

Вольга Фёдараўна Нячай нарадзілася ў Растове-на-Доне ў сям’і вучонага-гісторыка Фёдара Макаравіча Нячая. У 1945 г. разам з бацькамі пераехала ў Мінск. Пасля заканчэння сярэдняй школы скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна, аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. З 1959 г. працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адначасова выкладала ў Мінскім інстытуце культуры (з 1980), з 2005 г. працавала ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Кандыдацкую дысертацыю па праблемах беларускага кіно В.Ф. Нячай абараніла ў 1963 г., доктарскую па праблемах тэлебачання – у 1985 г.

 

                                                                          

 

Даследчыца вывучала гісторыю і тэорыю экраннага мастацтва (кіно і тэлебачання), яго месца ў сістэме культуры і масавых камунікацый, паэтыку і генезіс кінамастацтва, цікавілася пытаннямі кінадраматургіі і рэжысуры, праблемамі кінаадукацыі.

 

 

Вольга Фёдараўна выступала з крытычнымі артыкуламі і аглядамі, рыхтавала матэрыялы для лектараў. Яна з’яўляецца адным з аўтараў «Истории белорусского кино» (т. 1–2, 1969–1970) і «Гісторыі кінамастацтва Беларусі» (т. 3, 2004), складальнікам і навуковым рэдактарам каталога беларускіх дакументальных фільмаў «Белорусская культура и кино» (2002), зборнікаў «Белорусское кино в лицах» (2004) і «Белорусское кино: персоналии» (2007). Да апошніх дзён жыцця даследчыца працягвала работу над калектыўнай працай «Великая Отечественная война в киноискусстве Беларуси» (2010).

Кнігі В.Ф. Нячай «Экран и мы» (1971), «Фильм у нас дома» (1974), «Становление художественного телефильма» (1976), «Большой мир малого экрана» (1979), «Телевидение как художественная система» (1981), «Блеск и нищета “массовой культуры”» (1984), «Ракурсы: о телевизионной коммуникации и эстетике» (1990) і інш. не страцілі сваёй актуальнасці.

 

                   

 

Свой вопыт В.Ф. Нячай імкнулася перадаць маладым навукоўцам, шмат часу аддавала падрыхтоўцы студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў і на працягу многіх гадоў чытала лекцыі ў вышэйшых навучальных установах нашай краіны. Яе вучэбным дапаможнікам «Основы киноискусства», падрыхтаваным у суаўтарстве з Г.В. Ратнікавым, карысталіся ў Беларусі, Расіі, Латвіі, ва Украіне.

 

 

Навуковую і педагагічную работу В.Ф. Нячай сумяшчала з грамадскай дзейнасцю: была членам Беларускага саюза кінематаграфістаў, уваходзіла ў Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў і рэдкалегію часопіса «На экранах», мастацкі савет Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», журы Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

Плённая праца В.Ф. Нячай была адзначана граматамі і медалямі, прэміямі Саюза кінематаграфістаў СССР (1985), Дзяржаўнага камітэта па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю БССР (1984), Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў (1998).