БЕЛАРУСЬ У ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЕ

Вялікая Айчынная вайна супраць гітлераўскай Германіі і яе саюзнікаў займае асобае месца ў сусветнай гісторыі. Гэта быў не проста ўзброены канфлікт паміж дзяржавамі, а цэлая эпоха, напоўненая вялікімі матэрыяльнымі і людскімі стратамі, гераізмам і мужнасцю савецкіх людзей, якія адстаялі незалежнасць Радзімы і выратавалі свет ад фашызму.

Вялікая Айчынная вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 г. з магутнага бомбавага ўдару вермахта па прыгранічных раёнах СССР, чыгуначных вузлах, аэрадромах і групоўках войск Чырвонай Арміі. Фашысцкая Германія ажыццяўляла план пад кодавай назвай “Барбароса”, які прадугледжваў хуткае акружэнне і знішчэнне галоўных сіл Чырвонай Арміі, захоп Ленінграда, Масквы, Цэнтральнага прамысловага раёна і Данецкага вугальнага басейна буйнымі сіламі танкавых, механізаваных войск і авіяцыі Германіі.


 

План вайны фашысцкай Германіі супраць СССР. Крыніца ілюстрацыі: Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны, 1941–1945 : [да 70-годдзя вызвалення Беларусі] / В. І. Ермаловіч. – Мінск : Беларусь, 2014. – С. 24.

 

Подзвігі і страты 1941 г.

 

За сваю гісторыю Беларусь зведала шмат войнаў, кожная з якіх пакідала пасля сябе смерць і разбурэнне. Аднак самай жорсткай стала Вялікая Айчынная вайна. На беларускім участку дзяржаўнай граніцы СССР наступала галоўная групоўка нямецкіх войск – група армій “Цэнтр”. З першых крокаў захопнікі адчулі моцнае супраціўленне байцоў Чырвонай Арміі. Мужна змагаліся з ворагам пагранічнікі 86-га Аўгустоўскага, 87-га Ломжынскага, 88-га Шапятоўскага пагранатрадаў. Асабліва жорсткія баі вяліся ў раёне Брэсцкай крэпасці, якую штурмавалі 2 пяхотныя і 2 танкавыя дывізіі ворага пры падтрымцы авіяцыі і часцей узмацнення. Абарону цытадэлі арганізавалі маёр П.М. Гаўрылаў, палкавы камісар Я.М. Фамін, лейтэнант А.М. Кіжаватаў і інш. У акружэнні, без вады і прадуктаў харчавання, пры недахопе боепрыпасаў і медыкаментаў гарнізон змагаўся, адбіваючы па 6-8 атак за дзень. Разам з чырвонаармейцамі змагаліся жанчыны і дзеці з сем’яў ваеннаслужачых. Да канца чэрвеня вораг захапіў большую частку крэпасці, аднак асобныя баі працягваліся на яе тэрыторыі да канца ліпеня 1941 г.

 

 

І. Ахрэмчык. Абаронцы Брэсцкай крэпасці. Крыніца ілюстрацыі: Іван Ахрэмчык = Иван Ахремчик = Ivan Akhremcheyk : [альбом / аўтар тэксту і складальнік: В. У. Вайцахоўская ; пераклад на англійскую мову: А. В. Валасач]. – Мінск : Беларусь, 2018. – С. 61.

 

Абарона Брэсцкай крэпасці стала сімвалам гераічнай абароны Радзімы. 28 ліпеня 1944 г. у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі крэпасць была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Каля 200 удзельнікаў яе абароны былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Званне Героя Савецкага Саюза атрымалі П.М. Гаўрылаў і А.М. Кіжаватаў. 8 мая 1965 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Брэсцкай крэпасці было прысвоена ганаровае званне “Крэпасць-герой”. 8 лістапада 1956 г. на цэнтральным востраве цытадэлі быў адкрыты музей. У 1969–1971 гг. вялася работа па стварэнні мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, адкрыццё якога адбылося 25 верасня 1971 г.

 

Мемориальный комплекс “Брестская крепость-герой”. Скульптурная композиция “Жажда”, монумент “Скорбящий” и 100-метровый штык-обелиск. Источник иллюстрации: Победа. Помним и гордимся : 70-летию Великой Победы посвящается : [фотоальбом / автор текста В. Ф. Гигин ; составители: Д. А. Жук, Г. Н. Головатая, А. В. Жибуль]. – Минск : БЕЛТА, 2015. – С. 173.


Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі

 

Летам 1941 г. групоўка нямецкіх армій “Цэнтр” нанесла знішчальны ўдар па пагранічных заставах, штабах, вузлах сувязі, чыгунках, мастах і раёнах дыслакацыі асноўных часцей і злучэнняў Заходняй асобай ваеннай акругі. Нягледзячы на вялікія страты, байцы і камандзіры Чырвонай Арміі ўпарта абараняліся. Разам з імі супраць захопнікаў змагаліся батальёны народнага апалчэння. Цяжкія абарончыя баі за Мінск, Барысаў, Бабруйск, Жлобін, Рагачоў, Гомель, Віцебск і Магілёў спрыялі зрыву “маланкавай вайны”.

Гераічнай старонкай у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны стала бітва за Магілёў, які з’яўляўся важным стратэгічным пунктам на шляху да Масквы. За 10 дзён баявых дзеянняў чырвонаармейцамі было знішчана 179 танкаў і бронетранспарцёраў праціўніка, 4 тыс. нямецкіх салдат і афіцэраў. Асабліва жорсткія баі адбыліся на Буйніцкім полі, дзе байцы і апалчэнцы ўтрымлівалі абарону да 22 ліпеня.

У 1962 г. на месцы былых баёў быў устаноўлены абеліск, 9 мая 1995 г. адкрыты мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”. 17 красавіка 2004 г. на яго тэрыторыі заклалі “Алею абаронцаў Магілёва”.

 

Мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”. Крыніца ілюстрацыі: https://planetabelarus.by/sights/memorialnyy-kompleks-buynichskoe-pole/

 

Нямецкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі

 

У канцы жніўня 1941 г. Беларусь была захоплена нямецкімі войскамі. З першых дзён акупацыі нямецкія ўлады распачалі планамерна ажыццяўляць палітыку генацыду і “выпаленай зямлі”. Толькі за 1941 г. было знішчана каля 100 тыс. жыхароў Беларусі, спалена 120 вёсак разам з людзьмі. На тэрыторыі рэспублікі былі створаны гета і канцэнтрацыйныя лагеры. Гіганцкай фабрыкай смерці стаў лагер Трасцянец, які быў створаны каля в. Малы Трасцянец Мінскага раёна ў лістападзе 1941 г. З верасня 1941 па кастрычнік 1943 г. на яго тэрыторыі загінула больш за 200 тыс. савецкіх ваеннапалонных, падпольшчыкаў, партызан, яўрэяў з мінскага гета і дэпартаваных з Аўстрыі, Польшчы, Чэхаславакіі, Францыі і Германіі. Інфармацыя аб жудасных злачынствах гітлераўцаў у Трасцянцы была прадстаўлена на Нюрнбергскім і іншых судовых працэсах.

22 чэрвеня 2015 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё манумента “Брама памяці”. Мемарыяльны комплекс “Трасцянец” аб’яднаў месцы масавага знішчэння людзей, 34 брацкія магілы ва ўрочышчы Благаўшчына, архітэктурна-скульптурныя збудаванні, мемарыял “Масіў імёнаў”.


 

Мемарыяльны комплекс “Трасцянец”. Крыніца ілюстрацыі: http://bsa.by/news/BUA/memorialnyiy-kompleks-trostenets

 

Мемарыял “Яма”

 

Для ўшанавання памяці пра ахвяры Халакосту ў розных кутках Беларусі былі ўзведзены шматлікія помнікі. Сярод іх – мемарыял “Яма”, які ўстаноўлены ў Мінску на месцы аднаго з буйнейшых у Еўропе яўрэйскіх гета, дзе 2 сакавіка 1942 г. гітлераўцы знішчылі каля 5 тыс. чалавек.

 

Мемарыяльны комплекс “Яма”. Крыніца ілюстрацыі: https://planetabelarus.by/sights/memorialnyy-kompleks-yama-v-minske/


Трагедыя Хатыні


22 сакавіка 1943 г. гітлераўскія карнікі спалілі жывымі і расстралялі амаль усіх жыхароў вёскі Хатынь. У ліпені 1964 г. над магіламі, дзе былі пахаваны забітыя, быў устаноўлены помнік “Смуткуючая маці”. 5 ліпеня 1969 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптуры “Няскораны чалавек”. У мемарыяльны комплекс “Хатынь” уваходзяць Могілкі, дзе знаходзяцца 185 урнаў з зямлёй і попелам знішчаных і неадноўленых беларускіх вёсак, а таксама Дрэва жыцця са спісам 433 спаленых, але адроджаных паселішчаў. У 2004 г. адбылося адкрыццё фотадакументальнай экспазіцыі і прэзентацыя серыі аўталітаграфій народнага мастака Беларусі В. Шаранговіча “Памяці вогненных вёсак”.


 

В. Занкович. Непокорённый человек. Источник иллюстрации: Художественные сокровища Вилейского края / [Вилейский районный исполнительный комитет ; автор-составитель С. Г. Чеботарь ; фото: С. И. Глоба и др.]. – Минск : Рифтур, 2008. – С. 51–56.

 

Народная барацьба на акупіраванай тэрыторыі

 

У кароткі тэрмін на акупіраванай тэрыторыі рэспублікі разгарнулася моцнае антыфашысцкае супраціўленне. Дзясяткі тысяч патрыётаў сталі членамі падпольных арганізацый. Найбольш дзейснай формай антыфашысцкага супраціўлення стаў партызанскі рух, які набыў агульнанародны характар. Партызаны разбуралі камунікацыі ворага, вызвалялі вялікія тэрыторыі, прымалі ўдзел у абарончых баях і наступальных аперацыях Чырвонай Арміі. За гераізм і адвагу, праяўленыя ў барацьбе ў тыле ворага, больш як 140 тыс. партызан і падпольшчыкаў Беларусі былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 88 з іх сталі Героямі Савецкага Саюза. 16 ліпеня 1944 г. у Мінску адбыўся партызанскі парад.

   

Белорусские партизаны на параде в Минске. 16 июля 1944 г. Источник иллюстрации: Победа. Помним и гордимся : 70-летию Великой Победы посвящается : [фотоальбом / автор текста В. Ф. Гигин ; составители: Д. А. Жук, Г. Н. Головатая, А. В. Жибуль]. – Минск : БЕЛТА, 2015. – С. 77.

 

Вызваленне Беларусі

 

Выгнанне гітлераўцаў з тэрыторыі рэспублікі пачалося ўвосень 1943 г. 23 верасня 1943 г. у час правядзення Чарнігаўска-Прыпяцкай наступальнай аперацыі быў вызвалены першы раённы цэнтр Беларусі – гарадскі пасёлак Камарын.

23 чэрвеня 1944 г. пачалася аперацыя “Баграціён” – адна з самых буйных ў Другой сусветнай вайне. Яна адыграла рашаючую ролю ў выгнанні захопнікаў з тэрыторыі СССР і падзялялася на два этапы. На першым з іх (23 чэрвеня – 4 ліпеня) у ходзе Мінскай наступальнай аперацыі 3 ліпеня 1944 г. была вызвалена сталіца Беларусі. У ходзе другога (5 ліпеня – 29 жніўня) савецкія войскі завяршылі знішчэнне акружанай каля Мінска 105-тысячнай групоўкі гітлераўскіх войск. Выгнанне ворага з тэрыторыі нашай краіны завяршылася вызваленнем Брэста 28 ліпеня 1944 г.

 

 

Освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков (1943–1944). Источник иллюстрации: Энциклопедия Победы : Беларусь – Москва / [составители: А. И. Докучаев, Б. Д. Долготович, Л. В. Языкович ; научные редакторы: Ю. В. Баженов и др.]. – Минск : Беларуская Энцыклапедыя ; Москва : Армпресс, 2009. – С. 192.

 

Ніхто не забыты, нішто не забыта


Мінула амаль восем дзесяцігоддзяў пасля заканчэння вайны, аднак памяць аб тых, хто ваяваў на франтах, змагаўся з ворагам у партызанскіх атрадах і падполлі, загінуў у турмах і канцэнтрацыйных лагерах захоўваецца беларускім народам. Яна адлюстравана ў назвах плошчаў, праспектаў і вуліц, мастацкіх і дакументальных фільмах, экспазіцыях музеяў, увекавечана ў помніках і абелісках.

 

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Крыніца ілюстрацыі: https://minsknews.by/muzej-istorii-velikoj-otechestvennoj-vojny-podgotovil-ekskursionnye-proekty/