Да юбілею Канстанціна Алексютовіча

20 мая спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння балетмайстра і пастаноўшчыка Канстанціна Алексютовіча

Канстанцін Андрэевіч Алексютовіч па праве лічыцца адным з заснавальнікаў беларускага прафесійнага танцавальнага майстэрства. З творчасцю гэтага выдатнага балетмайстра, педагога, знаўца беларускага танцавальнага фальклору звязана цэлая эпоха ў развіцці нацыянальнай харэаграфіі.

Нарадзіўся ён у в. Бахаравічы Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) і з ранніх гадоў захапіўся музыкай і танцамі. Прафесійную адукацыю атрымаў у Харэаграфічнай школе бальнага танца Н. Сакалоўскага ў Мінску (1903) і Санкт-Пецярбургскім тэатральным вучылішчы (1906). Пасля заканчэння навучання вярнуўся ў Мінск. Працаваў танцмайстрам-настаўнікам пластыкі і танца Аляксееўскай жаночай гімназіі Я.Д. Рэйман. Арганізаваў і ўласную харэаграфічную студыю і школу бальнага танца. Ставіў характарныя танцы («Гапак», «Мазурка», «Кракавяк», «Фанданга»), у якіх часта саліраваў.

 

 

К. Алексютовіч з удзельнікамі харэаграфічнай студыі

 

У пачатку 1920-х гг. К. Алексютовіч вярнуўся ў Беларусь. У 1921–1928 гг. з’яўляўся балетмайстрам Першага Беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1), у 1930–1937 гг. – Беларускага ТРАМа і Беларускага тэатра юнага гледача імя Н.К. Крупскай. Супрацоўнічаў з У. Галубком у Трэцім Беларускім дзяржаўным тэатры. З’яўляўся пастаноўшчыкам танцаў, карагодаў, гульняў і абрадавых сцэн у спектаклях «На Купалле» М. Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода» Е. Міровіча, «Панскі гайдук» Н. Бываеўскага, «Вяселле» В. Гарбацэвіча, «Паўлінка», «Адвечная песня», «Сон на кургане» Я. Купалы і інш.

 

 

Сцэна са спектакля “Каваль-ваявода” БДТ-1

 

На аснове беларускага танцавальнага фальклорнага матэрыялу К. Алексютовіч удасканаліў шэраг беларускіх народных танцаў, увёў новыя тэхнічныя элементы рухаў, распрацаваў сучасныя сцэнічныя варыянты найбольш вядомых з іх: «Лявоніхі», «Крыжачка», «Полькі-Янкі», «Чарота», «Чобатаў», «Мяцеліцы», «Мікіты», «Таўкачыкаў», «Кола», «Юрачкі», «Вераб’я», «Лянка», «Шастака», «Казачка», «Цярэшкі» і інш. Зацікавіўшыся тэкстам і мелодыяй песні «Бульба», на яе аснове стварыў аднайменны танец.

Канстанцін Алексютовіч – аўтар першых балетных пастановак на беларускай прафесійнай сцэне: «Капелія» Л. Дэліба, «Зачараваны лес» Р. Дрыга, «Фея лялек» І. Баера, аднаактовага спектакля «Помста сябровак» на ўласнае лібрэта і музыку Л. Маркевіча. У 1937 г. К. Алексютовіч быў прызначаны галоўным балетмайстрам Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

 

 

К. Алексютовіч з салістамі Ансамбля беларускай народнай песні і танца

 

Падрыхтаваныя ім у гэты час пастаноўкі «Бычок», «Галубец», «Танец з маскай», «Ой, рэчанька-рэчанька», «Пайшоў Ясь на наш лужок», «Карагодная» і іншыя вызначаліся выключнай тэатральнасцю і ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнай харэаграфіі. Прызнаннем майстэрства стала ўзнагароджанне калектыву ганаровай граматай Вярхоўнага савета БССР, а яго балетмайстра – ордэнам «Знак Пашаны» (1940).

Асноўную дзейнасць у прафесійным тэатры К. Алексютовіч паспяхова спалучаў з работай у танцавальных калектывах мастацкай самадзейнасці Мінскага клуба камсамола (1926–1930), Клуба будаўнікоў (1932–1937), харэаграфічнай студыі Палаца піянераў імя М. Гікалы (1936–1941). Распрацаваў для гэтых ансамбляў шэраг харэаграфічных карцінак і сюжэтных танцаў на сучасную тэматыку: «Новая вёска», «Піянерскі», «Камсамолачка», «Беларускі маладзёжны танец», «Моладзь на будоўлі», «Маладзёжныя рабочыя скокі», «Вытворчы танец», «Танец з лялькай», «Свята вясны», «Матроскі танец», «Тачанка» і інш.

Як галоўны кансультант Рэспубліканскага дома народнай творчасці праводзіў семінары па харэаграфіі, у ходзе якіх знаёміў з асаблівасцямі народных танцаў, іх кампазіцыяй, манерай выканання, чытаў лекцыі па методыцы правядзення ўрокаў класічнага і народнага характарнага танцаў. За гады творчай і педагагічнай дзейнасці К. Алексютовіч падрыхтаваў выхаваў цэлую плеяду выдатных выканаўцаў і спецыялістаў у галіне харэаграфіі. Сярод яго вучняў народныя артысты Беларусі С. Дрэчын і А. Рыбальчанка, заслужаны дзеяч культуры Беларусі І. Серыкаў, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі П. Акулёнак, Л. Алексютовіч, артысткі балета Ю. Хіраска, Т. Узунава і інш.

У час Вялікай Айчыннай вайны К. Алексютовіч працаваў галоўным балетмайстарам абласнога Узбекскага музычна-драматычнага тэатра і балетнай студыі пры Доме Чырвонай арміі ў Самаркандзе.