Дата рождения: 01.11.1868 Казьяны, в., Шумілінскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти: красавік 1942 Казахстан
Краткая справка: вучоны ў галіне гісторыі і археаграфіі, архівазнаўства, крыніцазнаўства, старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі
Варианты имени: Даўгяла Зміцер Іванавіч
Имена на других языках: Довгялло Дмитрий Иванович (русский);
Криптонимы: Д.И.Д.
Дзмітрый Іванавіч Даўгяла належаў да таго пакалення вучоных, якое прыйшло ў гістарычную навуку ў канцы XIX – пачатку XX ст. Працягваючы справу сваіх настаўнікаў і калег – А.П. Сапунова, Е.Р. Раманава, М.В. Доўнар-Запольскага, ён стаяў ля вытокаў нацыянальнай беларускай археаграфіі і айчыннай архіўнай справы.
Нарадзіўся Д.І. Даўгяла ў в. Казьяны Гарадоцкага павета Віцебскай губерні (цяпер Шумілінскі раён Віцебскай вобласці) у сям’і протаіерэя. Пасля заканчэння мясцовага народнага вучылішча паступіў у 1882 г. у Віцебскую духоўную семінарыю. Адукацыю працягваў у Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, куды быў залічаны ў 1890 г. Менавіта там захапіўся айчыннай і царкоўнай гісторыяй. Адначасова прайшоў курс навучання ў Санкт-Пецярбургскім археалагічным інстытуце ў якасці вольнага слухача. У 1894 г. Д.І. Даўгяла скончыў акадэмію, атрымаў навуковую ступень кандыдата багаслоўя і быў накіраваны ў Віцебск памочнікам інспектара духоўнай семінарыі. У 1895 г. выконваў абавязкі рэдактара «Полоцких епархиальных ведомостей». У канцы лістапада 1896 г. переведзены на пасаду выкладчыка біблейскай і царкоўнай гісторыі, адначасова чытаў курс грамадзянскай гісторыі ў прыватным жаночым вучылішчы Р.А. Мілінарскай. У 1897 г. Д.І. Даўгяла быў прызначаны архіварыусам Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў. У час працы ў Віцебску ён актыўна ўдзельнічаў у грамадскім і навуковым жыцці горада. З А.П. Сапуновым і М.Я. Нікіфароўскім займаўся стварэннем і фарміраваннем калекцыі Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея. У 1899 г. у суаўтарстве з М.Я. Нікіфароўскім падрыхтаваў каталог «Описание предметов древности, поступивших в Витебское епархиальное церковно-археологическое древлехранилище по ноябрь 1897 года». Вучоны падтрымліваў сувязь з беларускім гуртком, які існаваў пры газеце «Витебские губернские ведомости». Для Гісторыка-статыстычнага камітэта (быў арганізаваны пры Свята-Уладзімірскім брацтве) склаў у 1897 г. алфавітны спіс прыходскіх цэркваў епархіі. Вынікам гэтай вялікай працы стала кніга «Полоцкая епархия к 1903 году» (1903). Пасля аб’яднання ў 1903 г. віцебскага архіва з Віленскім цэнтральным архівам старажытных актаў Д.І. Даўгяла пераехаў у Вільню. Працаваў памочнікам архіварыуса, адначасова выкладаў у навучальных установах, выконваў абавязкі члена камісіі па стварэнні Віленскай публічнай бібліятэкі, рэдагаваў газету «Белая Русь». У 1906–1915 гг. ён уваходзіў у склад Віленскай археаграфічнай камісіі (з 1913 г. яе старшыня), быў кіраўніком спраў канцылярыі папячыцеля Віленскай навучальнай акругі і Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства, з’яўляўся рэдактарам «Записок Северо-Западного отдела Русского географического общества» (кн. 1–4, 1910–1914). У 1909 г. стаў ганаровым членам Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.
Напярэдадні акупацыі Вільні нямецкімі войскамі (верасень 1915 г.) Д.І. Даўгяла эвакуіраваўся ў Магілёў. Ён займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, з’яўляўся супрацоўнікам Магілёўскай дырэкцыі народных вучылішч. Вясной 1917 г. быў прызначаны загадчыкам аддзела народнай адукацыі Магілёўскага павятовага земства. У 1919–1924 гг. выкладаў гісторыю ў Магілёўскай савецкай школе 2-й ступені, чытаў лекцыі па краязнаўстве і гісторыі Магілёва на курсах Рабасветы (прафсаюз работнікаў асветы), вёў курс беларусазнаўства ў Магілёўскім інстытуце народнай асветы. Педагагічную працу вучоны сумяшчаў з навуковай работай. У сакавіку 1919 г. Д.І. Даўгяла стаў упаўнаважаным Галоўнага ўпраўлення архіўнай справы Наркамасветы РСФСР па Магілёўскай губерні, якая ўваходзіла ў склад РСФСР; у 1921 г. быў прызначаны загадчыкам Магілёўскага губернскага архіва, адначасова ўзначальваў створаны па яго ініцыятыве губернскі музей. Вучоны выступаў з дакладамі і паведамленнямі на Першай Усебеларускай канферэнцыі архівістаў (май 1924 г.) і Першым з’ездзе даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі (студзень 1926 г.). Дзякуючы намаганням Д.І. Даўгялы былі захаваны многія архіўныя, бібліятэчныя і музейныя каштоўнасці Магілёўшчыны.
У 1925 г. па запрашэнні кіраўніцтва Інстытута беларускай культуры Д.І. Даўгяла пераехаў у Мінск. Працаваў вучоным сакратаром Гісторыка-археалагічнай камісіі Інбелкульта, уваходзіў у склад Дзяржаўнай камісіі па вяртанні беларускіх архіваў з РСФСР, якую ўзначальваў З.Х. Жылуновіч. Некаторы час чытаў курс крыніцазнаўства гісторыі Беларусі на сацыяльна-гістарычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1927 г. Д.І. Даўгяла быў прызначаны вучоным сакратаром Археаграфічнай камісіі. З 1929 г. працаваў дырэктарам бібліятэкі Беларускай АН. У 1937 г. стаў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН БССР. 10 снежня гэтага ж года быў арыштаваны і ў 1939 г. высланы ў Казахстан. Пакаранне адбываў у кішлаку Пахта-Арал Чыкменцкай вобласці, дзе памёр у 1942 г. Рэабілітаваны 9 чэрвеня 1964 г.
Дзмітрый Іванавіч Даўгяла ўнёс значны ўклад у арганізацыю архіўнай справы Беларусі наогул і Віцебшчыны ў прыватнасці, у развіццё архівазнаўства, археаграфіі, крыніцазнаўства, вывучэнне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Ён быў рэдактарам і складальнікам апошніх тамоў дакументальнага выдання Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актавых кніг – «Историко-юридических материалов, извлеченных из актовых книг губерний Витебской и Могилевской...» (т. 27–32, 1899–1906), удзельнічаў у падрыхтоўцы да выдання «Актов Виленской археографической комиссии» (т. 32–37, 1907–1912). З’яўляўся рэдактарам і складальнікам першага беларускага савецкага археаграфічнага выдання – «Беларускага архіва» (т. 1–3, 1927–1930), падрыхтаваў да выдання «Матэрыялы да гісторыі мануфактуры Беларусі ў часы распаду феадалізму» (т. 1–2, 1934–1935), быў адным са складальнікаў «Гісторыі Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, 1936). Ён таксама аўтар прац «З гісторыі беларускага пісьменства XVII ст.» (1927), «Літоўская Метрыка і яе каштоўнасць для вывучэння мінуўшчыны Беларусі» (1933) і інш. Вучоны публікаваў помнікі беларускага дзелавога пісьменства і мовы, першым даследаваў гісторыю і гістарычную тапаграфію полацкіх, Барысаўскага, Свіслацкага, Аршанскага замкаў. Ён з’яўляецца аўтарам шматлікіх прац па гісторыі гарадоў і мястэчак Беларусі: Барысава, Веткі, Лепеля, Мінска, Оршы. Вывучаў таксама гісторыю нацыянальных меншасцей у Беларусі. Падрыхтаваныя да друку пад кіраўніцтвам Д.І. Даўгялы зборнікі дакументаў вызначаліся глыбінёй, высокім навуковым узроўнем даследавання.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.