БАРЫСАЎ – КУЛЬТУРНАЯ СТАЛІЦА БЕЛАРУСІ 2021 ГОДА

Асобае месца сярод многіх беларускіх гарадоў з багатым гістарычным мінулым займае Барысаў. У сувязі з атрыманнем ганаровага статусу «Культурная сталіца Беларусі 2021 года» на працягу ўсяго года запланаваны рэспубліканскія і рэгіянальныя творчыя праекты, будуць праведзены акцыі, форумы, многія іншыя мерапрыемствы. Гораду на Бярэзіне ёсць пра што расказаць і ёсць што паказаць сваім гасцям.

Ён цікавы турыстам з Беларусі, Расіі і іншых краін і ўсім тым, хто ведае і любіць еўрапейскую гісторыю, архітэктуру і культуру. Горад даў свету і краіне нямала вядомых прозвішчаў. Знакавай фігурай з’яўляецца І. Х. Каладзееў – вядомы ў Беларусі бібліяфіл і землеўладальнік, калекцыянер і мецэнат канца XIX – пачатку XX ст. Барысаўшчына – радзіма вучоных-медыкаў, якія аказалі значны ўплыў на развіццё айчыннай медыцыны. Сярод іх – дактары медыцынскіх навук – афтальмолаг Т. В. Бірыч, нейрахірургі А. Л. Леановіч і М. В. Паўлавец, кардыяхірург Ю. П. Астроўскі. Будучы міністр замежных спраў СССР А. А. Грамыка вучыўся ў Барысаўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Ураджэнцы горада народны мастак Беларусі А. А. Анікейчык і заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі В. Ф. Шкаруба, творчасць якіх атрымала сусветную вядомасць, з’яўляюцца лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Уклад у развіццё музычнага мастацтва Беларусі ўнеслі кампазітар Р. П. Бутвілоўскі, дырыжор узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь А. У. Фёдараў. Прызнанымі майстрамі тэатральнай сцэны сталі народная артыстка СССР Н. М. Бурмістрава і заслужаны артыст Беларусі, дыктар беларускага радыё І. Л. Курган. Літаратурныя традыцыі падтрымлівалі ў горадзе такія пісьменнікі і паэты, як Янка Купала, В. В. Зуёнак, С. І. Законнікаў, А. С. Ставер, М. М. Мятліцкі, Г. В. Далідовіч і інш.



Цікавыя факты з гісторыі горада

 

Адной са славутасцей Барысава з’яўляецца воданапорная вежа, пабудаваная па праекце расійскага інжынера У. Шухава ў 1927 г. Прызначалася для забеспячэння вадой паравозаў, якія праходзілі праз горад. У той час чыгуначным саставам вады патрабавалася ледзь не больш, чым паліва, таму падобныя вежы будаваліся па ўсяму шляху руху. Узводзіць цагляныя вышкі было доўга і дорага, і тады інжынер і вынаходнік У. Шухаў знайшоў рашэнне, прапанаваўшы замяніць іх гіпербалоіднымі металічнымі канструкцыямі, якія не толькі нічым не ўступалі ў трываласці, але і дазвалялі эканоміць будаўнічы матэрыял. 27-метровая вежа ўяўляе сабой прыгожую металаканструкцыю ў форме гіпербалоіда вярчэння. А арыгінальнасць заключалася ў тым, што крывалінейная фігура выканана выключна з прамалінейных дэталяў, змацаваных не зваркай, а заклёпкамі. Існуе меркаванне, што на стварэнне ажурных металічных сетак інжынера натхнілі плеценыя сялянскія кошыкі – нескладаныя ў вырабе, але пры гэтым трывалыя і надзейныя. Сёння вежа мае толькі дапаможнае значэнне ў якасці рэзерву. На працягу многіх гадоў яна з’яўлялася дамінантай у сілуэце правабярэжнай часткі горада. У Беларусі захавалася ўсяго дзве вежы такога тыпу, другая размешчана ў в. Коханава, пад Оршай. Такіх збудаванняў у Расіі, Беларусі і Украіне засталося ўсяго 11, а самае вядомае – у Маскве на Шабалаўцы. Барысаўскай вежы ў 2011 г. быў прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.


У межах вуліц Р. Люксембург, Батарэйнай і праспекта Рэвалюцыі размешчаны рэшткі фартыфікацыйных збудаванняў вайны 1812 г. Напярэдадні нашэсця французскіх войскаў на правым беразе р. Бярэзіны перад мостам, на шляху ў Барысаў пачалося будаўніцтва земляных умацаванняў. Тут працавалі сапёры, а таксама жыхары Барысава і бліжэйшых вёсак. Планавалася ўстанавіць артылерыйскія батарэі. Да пачатку вайны іх будаўніцтва не было скончана. Аднак земляныя ўмацаванні адыгралі немалаважную ролю ў бітве на Бярэзіне каля в. Студзёнка ў лістападзе 1812 г. З «Батарэямі» непарыўна звязана барысаўская гісторыя ХХ ст. У 1926 г. яны прызнаны гістарычным помнікам і ўзяты пад ахову дзяржавы. У 1985 г. на Набярэжным вале пабудавана назіральная пляцоўка і ўсталяваны мемарыяльны знак, а праз тры гады тут упершыню адбылася рэканструкцыя. У 2007 г. рэшткі земляных фартыфікацыйных збудаванняў «Батарэя» ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У 2012 г. у сувязі з 200-годдзем вайны 1812 г. быў зацверджаны праект зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей «Рэшткі земляных фартыфікацыйных збудаванняў “Батарэя” ў г. Барысаве Мінскай вобласці».