Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч

Да 110-годдзя з дня нараджэння Юзэфы Мацкевіч

Станаўленне і развіццё дыялекталагічных даследаванняў у галіне беларускай лінгвістычнай навукі звязана з імем мовазнаўца, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Юзэфы Фларыянаўны Мацкевіч.

Нарадзілася яна ў вёсцы Ухлё Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. У дзесяцігадовым узросце засталася сіратой і выхоўвала ў сям’і старэйшага брата. Пасля заканчэння Магілёўскага педагагічнага тэхнікума працавала ў вясковай школе. Вялікая прага да ведаў, імкненне да нязведанага прывялі маладую настаўніцу ў студэнцкую аўдыторыю. Мінскі педагагічны інстытут, які яна закончыла ў 1938 г., даў добрую філалагічную падрыхтоўку. Потым Ю.Ф. Мацкевіч паступіла ў аспірантуру, дзе спецыялізавалася па гісторыі беларускай мовы. У час Вялікай Айчыннай вайны жыла ў Смалявіцкім раёне. Дапамагала партызанам: была сувязной брыгады “Смерць фашызму”. У 1945 г. вярнулася ў Мінск і ўладкавалася на працу ў Інстытут мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. У 1946 г. Ю.Ф. Мацкевіч абараніла кандыдацкую дысертацыю “Літоўскі статут 1529 г. як помнік беларускай літаратурнай мовы XV – пачатку XVI стагоддзя”.

Сапраўдным прызваннем, галоўным аб’ектам яе навуковых інтарэсаў стала беларуская дыялекталогія. У 1950 г. Ю.Ф. Мацкевіч узначаліла сектар дыялекталогіі і фактычна ўсю дыялекталагічную работу, што вялася ў краіне: наладжвала навуковыя сувязі з расійскімі і ўкраінскімі калегамі, складала метадычныя дапаможнікі, удзельнічала ў экспедыцыях. У сціслы тэрмін быў падрыхтаваны “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” (1963), у якім раскрываліся фанетычная і марфалагічная будова, лексічныя асаблівасці і сінтаксічная структура. Арганічным працягам і абагульненнем атласа стала калектыўная праца “Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак” (1968–1969), падрыхтаваная з непасрэдным удзелам Ю.Ф. Мацкевіч. Пазней выйшаў у свет “Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча” (т. 1–5, 1979–1986). Галоўным рэдактарам і адным з укладальнікаў яго была Ю.Ф. Мацкевіч. Гэта выданне з’яўляецца крыніцай далейшага вывучэння гісторыі і дыялекталогіі беларускай мовы.

 

                                         

У навуковай дзейнасці даследчыцы важнае месца займала праца па стварэнні “Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак”, работа над якім вялася з 1970 па 1985 г. Апублікавана пяць тамоў: “Жывёльны і раслінны свет” (1993), “Сельская гаспадарка” (1994), “Чалавек” (1996), “Побыт” (1997), “Семантыка. Словаўтварэнне. Націск” (1998). Гэта першая найбольш поўная лінгвістычная праца ў айчынным мовазнаўстве, якая мае важнае культурна-гістарычнае значэнне. У змешчаных лінгвістычных картах дэталёва адлюстраваны заканамернасці тэрытарыяльнага размеркавання каля 35 тыс. слоў беларускіх народных гаворак. Прадстаўлены лексіка розных прадметна-тэматычных груп беларускай дыялектнай мовы, новыя цікавыя дадзеныя па акцэнталогіі, словаўтварэнні і семантыцы. У 2000 г. аўтарскі калектыў на чале з Ю.Ф. Мацкевіч за стварэнне атласа быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.

Юзэфа Фларыянаўна – аўтар больш за 100 навуковых работ па пытаннях дыялекталогіі, моўнага майстэрства пісьменнікаў; суаўтар фундаментальных прац “Нарысы па гісторыі беларускай мовы”, “Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія” (абедзве 1957), “Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі” (1962), “Нарысы па беларускай дыялекталогіі” (1964), “Мікратапанімія Беларусі” (1974). Манаграфія “Марфалогія дзеяслова ў беларускай мове” (1959) – першая ў беларускім мовазнаўстве спроба апісання дзеяслова з усёй складанасцю яго катэгорый і формаў на базе беларускіх гаворак і мовы мастацкай літаратуры.

 

                              

 

Навуковую працу Ю.Ф. Мацкевіч сумяшчала з выкладчыцкай – чытала курс сучаснай беларускай мовы ў Мінскім педагагічным інстытуце. У 1978 г. ёй прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі БССР. Грамадская і навуковая дзейнасць мовазнаўца адзначана ордэнам Дружбы народаў (1981) і медалём “За доблесную працу” (1970).