Аляксандра Клімава

1 кастрычніка спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі і СССР Аляксандры Клімавай

Сапраўдную любоў і шанаванне выклікала ў аматараў тэатра народная артыстка Беларусі і СССР Аляксандра Іванаўна Клімава. Амаль паўстагоддзя свайго жыцця актрыса прысвяціла працы ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага.

Нарадзілася яна ў пасёлку Затаболаўка Кустанайскага раёна (цяпер горад у Казахстане) у сялянскай сям’і. У дзяцінстве займалася ў балетнай і музычнай студыях, марыла аб тэатры. Пасля заканчэння школы пачала працаваць на Магнітагорскім металургічным заводзе, адначасова займалася ў драмгуртку Дома металургаў. У 1942 г. А. Клімава паступіла ў вучэбную студыю Магнітагорскага драматычнага тэатра імя А.С. Пушкіна, дзе яе першым настаўнікам стаў рэжысёр Л. Празароўскі. Ужо ў студыйных ролях – Ані ў «Вішнёвым садзе» А. Чэхава і Каці ў «Варварах» М. Горкага – маладая актрыса прадэманстравала незвычайную прывабнасць свайго таленту. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны паступіла ў Маскоўскае тэатральнае вучылішча імя М. Шчэпкіна на курс выдатнай савецкай актрысы В. Пашэннай. У 1949 г. дэбютавала на сцэне Адэскага рускага драматычнага тэатра імя А.В. Іванова, пасля некалькі гадоў паспяхова выступала ў тэатрах Кіева і Харкава.

Росквіт таленту актрысы пачаўся ў 1956 г., калі яна прыняла запрашэнне ў Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр БССР (цяпер – Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага). Яе дэбютная роля Камісара ў «Аптымістычнай трагедыі» У. Вішнеўскага адразу ж выклікала шырокі водгук крытыкі і прызнанне гледачоў. У гэтым вобразе актрыса выступала на сцэне Крамлёўскага палаца з’ездаў, стала лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу тэатраў і фестывалю «Прыбалтыйская вясна». За наступныя гады працы ў тэатры А. Клімава сыграла больш за 80 галоўных роляў. Яна ўвасобіла ўсе трагедыйныя вобразы, пра якія толькі могуць марыць актрысы – Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф. Шылера), Клеапатра, лэдзі Макбет, Гертруда («Антоній і Клеапатра», «Макбет», «Гамлет» У. Шэкспіра), Ларыса («Беспасажніца» А. Астроўскага) і інш. Сапраўднымі тэатральнымі легендамі сталі сыграныя ёю ролі Нілы Сніжко («Барабаншчыца» А. Салынскага), Гелены («Варшаўская мелодыя» Л. Зорына), прынцэсы Касманаполіс («Салодкагалосая птушка юнацтва» Т. Уільямса), Спірыдонавай («Шостае ліпеня» М. Шатрова). Іграла ў п’есах беларускіх аўтараў – Жанчына («Вяртанне ў Хатынь» А. Адамовіча), суддзя Зубрыч («Трывога» А. Петрашкевіча), Жанчына ў белым («Апошняя інстанцыя» М. Матукоўскага) і інш. Які б вобраз ні стварала актрыса, ён заўсёды ўзрушваў гледача, станавіўся падзеяй тэатральнага жыцця.

 

                                   

 

Акрамя работы ў тэатры А. Клімава знялася больш чым у 30 мастацкіх і тэлевізійных фільмах – «Каранцін», «Вытокі», «Залаты ганак», «Таму што кахаю», «Па сямейных абставінах», «Радуніца», «Сыны ідуць у бой», «Побач з вамі», «Уся каралеўская раць», «Па сакрэту ўсяму свету», «Атланты і карыятыды», «Шапка Манамаха» і інш. У 1981–1988 гг. выкладала ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце.

За творчыя дасягненні Аляксандра Іванаўна на працягу сваёй кар’еры была ўдастоена званняў заслужанай артысткі БССР (1959), народнай артысткі БССР (1963), народнай артысткі СССР (1969), узнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1960), Леніна (1976), Дружбы народаў (1981), Францыска Скарыны (2001), медалямі. У 1994 г. стала лаўрэатам тэатральнай прэміі імя І. Буйніцкага. Яе творчасці прысвечаны хранікальна-дакументальныя фільмы «Актрыса – мая прафесія» (1970) і «Апошні спектакль» (1998).

Аляксандра Клімава пакінула яркі след у тэатральным мастацтве нашай краіны. Моцны драматычны тэмперамент, эмацыянальнасць, душэўнасць, тонкае адчуванне стылю, выдатнае майстэрства – сталі адметнымі рысамі непаўторнага таленту актрысы.