Мікалай Шчакаціхін

13 кастрычніка спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Шчакаціхіна

Навуковая і выкладчыцкая дзейнасць даследчыка мастацкай спадчыны Беларусі Мікалая Мікалаевіча Шчакаціхіна стала асновай для далейшага развіцця нацыянальнага мастацтвазнаўства.

Нарадзіўся ён у Маскве ў сям’і, якая мела цесныя сувязі з тагачаснай артыстычнай элітай – музыкантамі, кампазітарамі, літаратарамі. Таленавіты хлопчык з ранняга ўзросту цікавіўся мастацтвам, шмат чытаў. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома ад маці – настаўніцы замежных моў. Пасля заканчэння з залатым медалём прыватнай мужчынскай гімназіі А. Флёрава ў 1914 г. М.М. Шчакаціхін паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта. Вучыўся на аддзяленні тэорыі і гісторыі мастацтва, дзе сярод выкладчыкаў былі вядомыя вучоныя – гісторык-усходазнавец М.В. Нікольскі, археолаг У.К. Мальмберг, даследчык малюнка і мастацтва кніжнай графікі А.А. Сідараў, буйны спецыяліст па візантыйскім і старажытнарускім мастацтве і архітэктуры А.І. Някрасаў і інш. Ужо ў 1918 г. асобным выданнем выйшла і першае самастойнае мастацтвазнаўчае даследаванне маладога вучонага, прысвечанае швейцарскаму графіку і жывапісцу Ф. Валатону.

Пасля заканчэння навучання М.М. Шчакаціхін некаторы час працаваў у музеях Масквы, Арла, Харкава. У 1921 г. пераехаў у Мінск, дзе быў прыняты на пасаду асістэнта на кафедру гісторыі мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мікалай Мікалаевіч пачаў сістэматычнае даследаванне беларускай мастацкай культуры. Ён распрацаваў навуковую канцэпцыю гісторыі беларускага мастацтва, асноўныя кірункі яго развіцця і перыядызацыі і першы грунтоўны курс лекцый па гісторыі нацыянальнага мастацтва. У 1923 г. абараніў працу «Иллюстрации Даниэля Ходовецкого к “Буре” Шекспира» і атрымаў дазвол на выкладчыцкую работу ва ўніверсітэце. Адначасова з 1925 г. у Інстытуце беларускай культуры быў навуковым сакратаром секцыі беларускага мастацтва, з 1926 г. членам-супрацоўнікам камісіі па гісторыі мастацтваў і стыль-рэдактарам выдавецкага аддзела, з 1927 г. навуковым сакратаром камісіі па вывучэнні мастацтва Беларусі. У 1929–1930 гг. з’яўляўся старшынёй камісіі гісторыі мастацтваў Беларускай акадэміі навук. Вучоны працягваў даследаванні па пытаннях тэорыі і практыкі розных галін беларускага мастацтва, ездзіў у экспедыцыі, вывучаў бібліятэчныя і архіўныя матэрыялы, выступаў у друку. Навуковыя інтарэсы былі вельмі шырокія – старабеларускі іканапіс, гравюра, старажытнае манументальнае дойлідства, нумізматыка, сфрагістыка, слуцкія паясы, творчасць мастакоў І. Ахрэмчыка, М. Філіповіча, В. Волкава, А. Грубэ і інш. Сярод прац – «Фрэскі Полацкага Барысаглебскага манастыра», «Васіль Вашчанка – магілёўскі гравёр канца XVI – пачатку XVIII сталецця», «Матэрыялы да гісторыі беларускага малярства XVIII ст.», «Наша сучаснае мастацтва і нацыянальны стыль» (усе 1925 г.), «Сучаснае мастацтва Беларусі» (1926), «Беларуская архітэктура ў ХІ–ХІІ ст.» і «Беларускае мастацтва ў гістарычнай і археалагічнай літаратуры» (1927), «Помнікі старадаўняй архітэктуры XVII–XVIII сталеццяў у Мінску» (1928), «Новы Менск» (1930) і інш. Вучоны стварыў шэраг фундаментальных прац, прысвечаных Ф. Скарыне і яго выданням («Калі радзіўся Францішак Скарына» (1925), «Дрэварыты і арнамент у выданнях Скарыны» і «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францішка Скарыны» (1926), «Да пытання аб храналогіі “Малой падарожнай кніжыцы” Скарыны» (1928). Працуючы над стварэннем цэласнай гісторыі развіцця мастацкай думкі, вучоны задумаў абагульніць вынікі сваіх даследаванняў у грунтоўным шматтомным выданні «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва». Першы і адзіны том быў выдадзены ў 1928 г. і змяшчаў навуковы агляд мастацтва Беларусі ад курганных старажытнасцей да царкоўна-абарончых храмаў XVI ст.

 

                              

 

У 1930 г. М.М. Шчакаціхін быў беспадстаўна абвінавачаны, арыштаваны і высланы ў г. Белябей Башкірскай АССР (цяпер Башкартастан, Расія). Працаваў на розных пасадах, выкладаў латынь, рускую і нямецкую мовы. Працягваў займацца даследчыцкай дзейнасцю: напісаў некалькі артыкулаў (не апублікаваны), закончыў у рукапісе і накіраваў у Эрмітаж працу «Очерк истории литовской монеты XVI–XVII столетий» (ч. 1, 1932–1937). Цяжка хворы М.М. Шчакаціхін памёр 5 красавіка 1940 г. і быў пахаваны ў Белябеі (рэабілітаваны ў 1956 г.).

Навуковая спадчына М.М. Шчакаціхіна не страціла свайго значэння і сёння. Абапіраючыся на апублікаваныя ім работы, наступныя пакаленні даследчыкаў працягвалі паглыбленае вывучэнне праблем, закранутых вучоным. Гэта спрыяла высвятленню шматлікіх пытанняў, удасканаліла створаную вучоным першую ў айчыннай навуцы аб’ектыўную карціну развіцця беларускага мастацтва ад самой старажытнасці.