Міхаіл Без-Карніловіч

10 кастрычніка спаўняецца 225 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Восіпавіча Без-Карніловіча

У гістарыяграфіі, археалогіі і краязнаўстве вылучаецца постаць генерал-маёра рускай арміі Міхаіла Восіпавіча Без-Карніловіча – таленавітага даследчыка старажытнай гісторыі Беларусі, чалавека, які заўжды ішоў сваім шляхам і на многія пытанні гісторыі меў уласны погляд.

Большасць даследчыкаў лічыць, што брат дзекабрыста А.В. Карніловіча, Міхаіл Восіпавіч Без-Карніловіч родам з Магілёўскай губерні (па іншых звестках ён нарадзіўся на Украіне). Лёс будучага краязнаўца і гісторыка быў звязаны з ваеннай службай: ён скончыў 1-ы кадэцкі корпус (Санкт-Пецярбург; 1816), удзельнічаў у руска-турэцкай вайне (1828–1829). У 1831–1847 гг. М.В. Без-Карніловіч у якасці ваеннага тапографа ўзначаліў экспедыцыю па Мінскай, Наўгародскай, Віцебскай, Валынскай, Магілёўскай губернях і Беластоцкай вобласці. Падчас правядзення ваенна-стратэгічнага агляду Віцебшчыны, вынікам якога стала выданне ў Пецярбургу кнігі “Віцебская губерня” (1852), Міхаіл Восіпавіч зацікавіўся аб’ектамі старажытнай гісторыі: курганамі, гарадзішчамі, замчышчамі, землянымі валамі. Пераязджаючы з вёскі ў вёску, з горада ў горад, ён слухаў легенды і паданні, вывучаў адметнасці побыту мясцовага насельніцтва.

На падставе сабраных падчас экспедыцыі гістарычных і этнаграфічных матэрыялаў Міхаіл Восіпавіч выдаў кнігу “Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе адносяцца” (1855). Як чалавек ваенны, М.В. Без-Карніловіч пісаў афіцыйна і лаканічна, але некаторыя звесткі падаюцца ім у эмацыянальна-ўзнёслай манеры, што дае падставу меркаваць пра літаратурныя задаткі аўтара, якія, калі б ён раней узяўся за пяро, маглі б рэалізавацца больш поўна і ўсебакова. У сваёй кнізе Міхаіл Восіпавіч даў даволі аб’ектыўную характарыстыку беларускага народа, апісаў звычаі, заняткі, народныя абрады, вытворчую дзейнасць беларусаў. Гісторыю Беларусі даследчык разглядаў не толькі як апісанне войн, паходаў і змены княжацкіх дынастый, ён даў характарыстыку палітыцы старажытных князёў. Асаблівую цікавасць выклікаюць апісанні М.В. Без-Карніловічам гісторыі асобных гарадоў ці асобных мясцін, пры складанні якіх аўтар карыстаўся толькі дакладнымі матэрыяламі, якія вывучаў у дзяржаўных, манастырскіх і прыватных архівах. Каштоўныя думкі Міхаіл Восіпавіч выказаў па гісторыі старажытнага Полацка, які ён лічыў цэнтрам крывічоў. Аўтар апісаў мясцовыя помнікі старажытнага дойлідства, спыніўся на эканамічным стане горада, адзначыў згуртаванасць Полацкай зямлі ў 1230–1240 гг. у барацьбе супраць крыжакоў. Міхаіл Без-Карніловіч упершыню разгледзеў гісторыю старажытнага Лукомля – сталіцы аднайменнага ўдзельнага княства. Ён першым вызначыў месцазнаходжанне Друцка (Дручэска), якое падцвердзілі раскопкі сучасных археолагаў. Акрамя таго, Міхаіл Восіпавіч сабраў краязнаўчыя звесткі і склаў гістарычныя даведкі пра Лепель, Мсціслаў, Магілёў, Люцын, Невель, Оршу, Копысь і іншыя мясціны, і тым самым унёс істотны ўклад у развіццё беларускага краязнаўства і археалогіі.

Праца Міхаіла Восіпавіча Без-Карніловіча з неаслабнай цікавасцю выкарыстоўваецца і сёння, калі выходзіць шмат гісторыка-краязнаўчай літаратуры, а ў некаторых выпадках застаецца адзінай крыніцай, да якой могуць звярнуцца даследчыкі.