Леў Сямёнавіч Выгоцкі

17 лістапада спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Льва Сямёнавіча Выгоцкага – аднаго з самых вядомых псіхолагаў свету

Нарадзіўся Леў Сямёнавіч у Оршы ў сям’і банкаўскага служачага. У хуткім часе сям’я пераехала ў Гомель, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага вучонага. З ранняга дзяцінства Леў па сваім развіцці і здольнасцях значна апярэджваў аднагодкаў, таму здолеў экстэрнам здаць экзамены і паступіў адразу ў шосты клас прыватнай мужчынскай гімназіі доктара Ратнера. Любімымі прадметамі для здольнага вучня сталі літаратура і філасофія. Пасля заканчэння гімназіі з залатым медалём Л.С. Выгоцкі паступіў у Імператарскі Маскоўскі ўніверсітэт (1913). У 1914 г. паступіў на гісторыка-філасофскі факультэт Маскоўскага гарадскога народнага ўніверсітэта імя А.Л. Шаняўскага, дзе ў той час працавалі лепшыя прафесары і выкладчыкі Расіі – П.П. Блонскі, У.І. Вярнадскі, К.А. Ціміразеў, Г.Г. Шпет і інш. Дзякуючы ім Л.С. Выгоцкі зацікавіўся псіхалогіяй і з таго часу не спыняў даследаванняў у гэтай галіне. Вучобу ва ўніверсітэтах сумяшчаў з працай тэхнічнага сакратара ў часопісе «Новый путь», дзе таксама друкаваўся як аўтар літаратурна-крытычных артыкулаў. Яго дыпломная работа ў народным універсітэце «Трагедия о Гамлете, принце Датском, У. Шекспира» была вельмі высока ацэнена спецыялістамі ў галіне лінгвістыкі і не страціла сваёй навуковай каштоўнасці і сёння. Пасля паспяховага заканчэння абодвух універсітэтаў Л.С. Выгоцкі ў 1917 г. вярнуўся ў Гомель. У 1919 г. разам са сваім стрыечным братам Давідам арганізаваў літаратурнае выдавецтва, дзе друкаваліся найбольш значныя творы сучаснасці, а таксама класіка. З 1922 г. Л.С. Выгоцкі працаваў выкладчыкам логікі і псіхалогіі Гомельскага педагагічнага тэхнікума. Па яго ініцыятыве тут быў створаны псіхалагічны кабінет, дзе праводзілася вучэбная, даследчая і метадалагічная работа, быў сабраны матэрыял для першых фундаментальных прац. Вынікі эксперыментальных даследаванняў, праведзеных у псіхалагічным кабінеце тэхнікума, аформлены Л.С. Выгоцкім у выглядзе некалькіх навуковых прац, некаторыя з якіх былі прадстаўлены на ІІ Усерасійскім з’ездзе па псіханеўралогіі (Петраград, студзень 1924 г.). Дзякуючы гэтым дакладам, што прыцягнулі ўвагу спецыялістаў, ён атрымаў запрашэнне на працу ў Маскоўскі дзяржаўны інстытут эксперыментальнай псіхалогіі.

У 1924 г. Л.С. Выгоцкі пераехаў у Маскву, дзе з гэтага часу пачаўся найбольш плённы перыяд жыцця вучонага. Леў Сямёнавіч засяродзіў сваю ўвагу на вывучэнні праблем педагагічнай псіхалогіі і дэфекталогіі. Кіраваў аддзелам адукацыі псіхічна і фізічна адсталых дзяцей пры Народным камісарыяце асветы РСФСР. У 1925 г. удзельнічаў у Міжнароднай канферэнцыі па адукацыі глуханямых дзяцей у Лондане. За некалькі гадоў працы і даследаванняў у гэтай галіне стварыў новую комплексную навуку – дэфекталогію. Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Психология искусства» (1925). З 1929 г. стаў навуковым кіраўніком і кансультантам Эксперыментальнага дэфекталагічнага інстытута ў Маскве, дзе займаўся распрацоўкай медыка-псіхолага-педагагічнага падыходу да вывучэння дзяцей з асаблівасцямі развіцця і падрыхтоўкай спецыялістаў у галіне спецыяльнай адукацыі. У 1931 г. прафесар Выгоцкі паступіў завочнае аддзяленне медыцынскага факультэта Украінскага навукова-даследчага псіханеўралагічнага інстытута ў Харкаве. Чытаў лекцыі, выступаў з дакладамі, пісаў артыкулы, праводзіў эксперыменты, займаўся даследчыцкай дзейнасцю. Такі напружаны графік работы падкасіў здароўе вучонага, які шмат гадоў пакутаваў на сухоты. Многія з яго планаў засталіся нерэалізаванымі з-за заўчаснай смерці ў 1934 г.

Навуковыя распрацоўкі Л.С. Выгоцкага, дзякуючы сваёй значнасці і практычнай каштоўнасці, і сёння працягваюць заставацца актуальнымі і аказваюць вялікае ўздзеянне на сучасную псіхалогію і педагогіку.