Да юбілею Баранавіч

У лістападзе 2021 г. Баранавічы адзначаюць сваё 150-годдзе

На поўначы Брэсцкай вобласці паміж рэчкамі Шчара і Мышанка знаходзіцца горад Баранавічы. З вышыні птушынага палёту добра бачны веер стальных рэек, якія злучаюць два вакзалы і дэпо – лакаматыўнае і вагоннае – і разбягаюцца ва ўсе бакі. Менавіта з чыгункай звязана ўзнікненне горада Баранавічы. Таму на гербе горада красуецца паравоз.

29 лістапада 1871 г. адбылася падзея, якая паклала пачатак узнікненню Баранавічаў: быў уведзены ў эксплуатацыю ўчастак чыгуначнай веткі Смаленск – Брэст, пабудаваны вакзал, дамы для чыгуначнікаў, паравозныя майстэрні. Уладальнік зямель граф Развадоўскі паклапаціўся пра наданне станцыйнаму пасёлку статуса мястэчка, распрацаваў план яго забудовы і прапанаваў надаць мястэчку новую назву – Развадова. З цягам часу пасёлак Развадова атрымаў неафіцыйную назву – Старыя Баранавічы.

У 1884 г. за 2 км на ўсход ад станцыі Баранавічы Маскоўска-Брэсцкай чыгункі быў здадзены ў эксплуатацыю ўчастак Віленска-Ровенскага напрамку Палескай чыгункі, які злучыў гэту мясцовасць з Прыбалтыкай і Украінай. Узнікла яшчэ адна станцыя – Баранавічы–Палескія (Баранавічы ІІ). У 1886 г. завяршылася будаўніцтва яшчэ адной чыгункі, якая злучыла Баранавічы з Беластокам. Пачала дзейнічаць новая станцыя Палескай чыгункі – Баранавічы ІІІ. Баранавічы сталі чыгуначным вузлом, які звязаў эканамічныя цэнтры Расійскай Імперыі.

Развіццё чыгуначных станцый дало штуршок прытоку насельніцтва і росту гандлёва-прамысловай дзейнасці. У 1890-я гг. два пасёлкі – Развадова і Новыя Баранавічы – зліліся ў адзін населены пункт Баранавічы–Развадова. У 1897 г. у мястэчку налічвалася ўжо 5135 жыхароў, 4 прадпрыемствы, дзве школы, крамы, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка. У 1908 г. было завершана будаўніцтва храма, адкрыты летні тэатр. У 1909 г. адкрыўся першы кінатэатр, у 1911 г. пачала дзейнічаць тэлефонная сетка. У 1912 г. жыхары мястэчка сталі сведкамі аўтапрабегу па маршруце Пецярбург – Вільна – Баранавічы – Мінск – Масква.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Баранавічах пражывала ўжо больш за 30 тыс. чалавек, дзейнічалі цагельны, маслабойны, лесапільны, чыгуначны, сухарны і іншыя заводы, чыгуначныя майстэрні, 2 млыны. У 1912–1913 гг. тут выдавалася інфармацыйна-даведачная газета «Баранавіцкі лісток аб’яў». Напачатку Першай сусветнай вайны ў Баранавічах размяшчалася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага расійскай арміі, якую некалькі разоў наведаў Мікалай ІІ. З восені 1915 г. да студзеня 1919 г. Баранавічы былі акупіраваны германскімі і аўстра-венгерскімі войскамі і значна разбураны.

6 лютага 1919 г. Баранавічам быў нададзены статус павятовага горада Мінскай губерні. Паводле Рыжскага мірнага дагавора (сакавік 1921 г.) горад увайшоў у склад Польшчы як цэнтр павета Навагрудскага ваяводства. У 1929 г. тут адкрыўся павятовы музей, а вясной 1936 г. – цэнтр культуры.

У 1939 г. пасля ўваходу ў склад БССР Баранавічы сталі цэнтрам вобласці. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны тут пражывала ўжо каля 45 тыс. жыхароў, у гарадской бібліятэцы налічвалася больш за 12 тыс. кніг, працавалі музычная школа, карцінная галерэя, музей выяўленчага мастацтва, драматычны тэатр.

З канца чэрвеня 1941 г. Баранавічы былі акупіраваны войскамі Германіі (вызвалены 8 ліпеня 1944 г.). Захопнікамі было разбурана 80% усіх пабудоў, не падлягалі аднаўленню прадпрыемствы, былі выведзены са строю паравознае і вагоннае дэпо, разбураны вакзалы, чыгуначныя пуці. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў канцлагерах і гета загінула больш за 100 тысяч чалавек. Пасля вызвалення горад ляжаў у руінах і папялішчах, у жывых засталося нямногім больш за чатыры тысячы жыхароў. У цяжкіх умовах людзі наладжвалі мірнае жыццё. Ужо ў канцы 1940-х гг. горад быў пераўтвораны ў адзін з буйнейшых прамысловых, транспартных і культурных цэнтраў краіны.

Другая палова ХХ ст. адзначана развіццём машынабудавання, лёгкай і харчовай галін прамысловасці. У 1970–1980-я гг. жыхары Баранавіч маглі ганарыцца вынікамі сваёй працы: у горадзе дзейнічала больш за 60 прамысловых, будаўнічых і транспартных прадпрыемстваў і арганізацый, шэраг устаноў для атрымання сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, 21 сярэдняя агульнаадукацыйная школа, установы культуры і аховы здароўя, спартыўныя аб'екты і новыя добраўпарадкаваныя жылыя кварталы. Прадукцыя баранавіцкіх прадпрыемстваў – баваўняныя тканіны, аўтаматычныя лініі, тэхналагічнае абсталяванне для металаапрацоўчых станкоў і многае іншае – была вядома далёка за межамі СССР.

Сёння Баранавічы – горад з выгадным геаграфічным становішчам, буйны вузел чыгуначных і шасейных дарог, які размешчаны на перакрыжаванні папулярных турыстычных маршрутаў на Мір, Нясвіж, Навагрудак, Слонім, Гродна, Ліду. У Баранавічах дзейнічаюць буйныя прадпрыемствы: станкабудаўнічы завод, авіяцыйны рамонтны завод, вытворчае баваўнянае аб’яднанне, завод аўтаматычных ліній, аўтаагрэгатны завод.

У горадзе створаны ўніверсітэт, маецца шэраг устаноў для атрымання прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Працуе краязнаўчы музей – старэйшая ўстанова культуры Баранавіч (дзейнічае з кастрычніка 1929 г.). У 1999 г. створаны Музей чыгуначнай тэхнікі. З 1997 г. тут праводзяцца рэспубліканскія фестывалі духавой музыкі «Беларускія фанфары», традыцыйным стала свята горада «Баранавіцкая вясна», конкурс бальнага танца «Фіеста запальвае агні».

У Баранавічаў больш за 20 гарадоў-пабрацімаў, сярод якіх фінскі Хейнала, аўстрыйскі Штакерау, польскія Бяла-Падляска і Гдыня, кітайскі Чыбі, італьянскі Ферара, латвійская Елгава і іншыя. У горадзе, які займае восьмае месца ў рэспубліцы па колькасці насельніцтва, жыве каля 180 тысяч чалавек.

Інфармацыйныя матэрыялы да 150-годдзя Баранавіч, размешчаныя на афіцыйным сайце Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта