Да юбілею Юліі Бібілы

10 студзеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння выдатнага бібліёграфа Юліі Іосіфаўны Бібілы

З іменем Юліі Іосіфаўны Бібілы звязана станаўленне і развіццё бібліяграфічнай дзейнасці ў Беларусі. Нарадзілася яна ў сям’і валаснога пісара ў мястэчку Поразава Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні (цяпер гарадскі пасёлак у Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці). Вучылася спачатку ў Ваўкавыскай, пасля – у Бабруйскай жаночай гімназіі. У 1915 г. паступіла ў адну з першых жаночых вышэйшых навучальных устаноў Расійскай імперыі – Бястужаўскія вышэйшыя жаночыя курсы ў Петраградзе. Каб палепшыць матэрыяльнае становішча адначасова займалася перакладамі, перапісваннем, давала ўрокі. Пасля Лютаўскай рэвалюцы 1917 г. вярнулася ў Бабруйск. Працавала настаўніцай у школе, у гарадской бібліятэцы арганізавала аддзел краязнаўчай літаратуры, была членам Беларускага культурна-асветнага таварыства.

У 1921 г. Ю.І. Бібіла пераехала ў Мінск. У 1922–1937 гг. працавала загадчыкам беларускага аддзела Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна. Разам з калегамі ўдзельнічала ў стварэнні першай у рэспубліцы краязнаўчай бібліяграфічнай картатэкі, арганізавала выданне (з 1924 г.) «Летапісу беларускага друку», склала бібліяграфію твораў Ц. Гартнага і надрукавала матэрыялы да біяграфіі Цёткі, падрыхтавала сістэматычны паказальнік «Беларускі перыядычны друк, 1917–1927» (1929) і інш. Юлія Іосіфаўна цесна супрацоўнічала з прадстаўнікамі нацыянальнай творчай інтэлігенцыі – Я. Купалам, Ц. Гартным, З. Бядулем, Я. Пушчай, Я. Дылам, Ю. Дрэйзіным, Е. Міровічам і іншымі, некаторыя з іх перадалі на захаванне ў бібліятэку свае рукапісы і кнігі з аўтографамі. Адначасова вучылася на этнолага-лінгвістычным аддзяленні факультэта грамадскіх навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыла ў 1925 г.), выкладала ў даследчыцка-паказальнай школе-сямігодцы пры педагагічным факультэце, працавала сакратаром бібліяграфічнай камісіі Інбелкульта.


                         

 

У 1937 г., каб пазбегнуць арышту, Ю.І. Бібіла выехала ў Саратаў. Працавала майстрам у арцелі «Каруначніца». Некаторы час з-за палітычнага праследавання знаходзілася ў зняволенні. У 1939–1959 гг. была галоўным бібліёграфам у бібліятэцы Саратаўскага ўніверсітэта. Юлія Іосіфаўна вяла перапіску з Дзяржаўнай бібліятэкай БССР, Літаратурным музеем Я. Купалы, збірала звесткі аб беларускіх пісьменніках ва ўсесаюзным перыядычным друку.

 

                                                           

 

У 1959 г. Ю.І. Бібіла вярнулася ў Мінск. Займалася камплектаваннем рэспубліказнаўчага і краязнаўчага кніжных фондаў, збірала кнігі на беларускай мове, выдадзеныя ў Беларусі і за яе межамі. Напісала ўспаміны пра Я. Купалу, пра працу ў беларускім аддзеле ў 1920–1930-я гг. і ў Саратаўскай бібліятэцы.

 

                                                             

 

Удзельнічала ў падрыхтоўцы бібліяграфічных выданняў Дзяржаўнай бібліятэкі БССР «Русская дореволюционная книга о Белоруссии» (1802–1916 гг., 1964), «Беларуская ССР у друку сацыялістычных краін, 1946–1965» (1966), «Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: феадалізм і капіталізм» (1969), «Асвета ў Беларускай ССР за 50 гадоў Савецкай улады» (1973) і інш. Захаплялася таксама беларускім мастацкім ткацтвам – стварала вырабы, калекцыяніравала ўзоры.