Да юбілею Анатоля Тычыны

У маі спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага графіка Анатоля Мікалаевіча Тычыны

Анатоль Мікалаевіч Тычына ўвайшоў у гісторыю беларускага жывапісу як адзін з заснавальнікаў нацыянальнай школы графікі і вядомы майстар экслібрыса. Нарадзіўся ён у в. Грузджай непадалёк ад Шаўляя. З 1898 г. сям’я жыла ў Коўне і Шаўляі, дзе Анатоль наведваў двухкласнае гарадское вучылішча. Першыя ўрокі малюнка і кампазіцыі хлопчык атрымаў у мастака І. Севасцьянава. У 1911 г. быў удзельнікам сельскагаспадарчай выстаўкі Паўночна-Заходняга краю, дзе прадставіў свае эцюды, гарадскія пейзажы, копіі работ вядомых мастакоў. Пасля заканчэння вучобы А. Тычына працягваў адукацыю ў Пензенскім мастацкім вучылішчы імя М.Д. Селіверстава. Падзеі Першай сусветнай вайны прымусілі А. Тычыну пераехаць у Омск. Там ён працаваў чорнарабочым, табельшчыкам і адначасова займаўся на мастацкіх курсах, заснаваных пры Таварыстве мастакоў і аматараў вытанчаных мастацтваў Стэпавага краю. У сваіх першых творах «У сібірскім займішчы», «На рацэ Іртыш», «Вярблюды» (усе 1920), «Аўтапартрэт» (1921), «Вандроўны кітайскі тэатр» (1922) малады мастак прадэманстраваў уласны аўтарскі почырк, у якім спалучаліся мадэрн і канструктывізм.

У 1922 г. А. Тычына пераехаў у Мінск і адразу ўключыўся ў творчае, культурнае і грамадскае жыццё рэспублікі. Яго работы «На электрастанцыі» і «Слясарны цэх» (1925), «На Мінскай чыгуначнай станцыі», «На шпалернай фабрыцы», «Ля чыгуначнага дэпо» (усе 1926), «На скураным заводзе» і «На будаўніцтве шашы» (1931) аб’ядноўвае тэма развіцця прамысловасці.


З 1924 г. А. Тычына пачаў займацца кніжнай ілюстрацыяй. Ён аформіў першае выданне паэм «Магіла льва» і «Над ракой Арэсай» Я. Купалы, зрабіў малюнкі да кнігі «Чалавек ідзе» Я. Маўра, твораў К. Крапівы, З. Бядулі, А. Гурло.


                                                    

Адным з першых беларускіх мастакоў савецкага перыяду А. Тычына асвоіў малыя графічныя формы – часопісную графіку і паштовыя знакі. Асобнай старонкай яго творчасці стала захапленне экслібрысам. У 1928 г. была выдадзена кніга А.А. Шлюбскага «Exlibris’ы Тычыны», якая стала ўзорам паліграфічнага мастацтва БССР 1920–1930-х гг.


                                                      

 

Значнае месца ў творчасці А. Тычыны займае вялікі цыкл «Мой Мінск». Першыя малюнкі «Стары Мінск» і «З былога Мінска» былі зроблены ў 1922 г. У іх мастак адлюстраваў характэрнае аблічча беларускай сталіцы тых часоў. Наступныя творы «Мінск. Дом на Камсамольскай вуліцы» (1924), «Ля вежы-званіцы» (1926), «Стары Мінск» (1930) сталі гістарычнымі дакументамі тагачаснай архітэктуры. Пашыраючы кола мінскіх матываў, А. Тычына маляваў і новыя будынкі. Гэта адлюстравана ў работах «Ля дома Чырвонай Арміі», «Бібліятэка імя У.І. Леніна», «Савецкая вуліца» (усе 1940).


                          

У гады Вялікай Айчыннай вайны А. Тычына заставаўся ў Мінску. Творы таго часу адлюстроўваюць цяжкае жыццё людзей, якія апынуліся пад уладай нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шмат часу А. Тычына прысвяціў рабоце над тэмай беларускіх народных казак. Самымі даступнымі сродкамі (туш, пяро, чорная акварэль, бялілы) яму ўдалося стварыць цудоўныя творы, якія перадаюць веру ў перамогу светлых сіл.

У пасляваенныя гады А. Тычына працягваў працаваць над цыклам «Мой Мінск». Яго работы «Мінскі вакзал» (1946), «Аднаўленне Мінска» (1948), «Вуліца Карла Маркса», «Новы бульвар на Камсамольскай вуліцы» (усе 1949) спалучаюць у сабе лірызм з дакладнасць адлюстравання характэрных рыс. Мінск 1950-х гг. паўстае на гравюрах А. Тычыны адной з самых маладых сталіц СССР: «Новыя дамы на Прывакзальнай плошчы» (1952), «Над ракой Свіслач» (1954), «Плошча Перамогі» (1956), «Ля Цэнтральнага сквера» (1957).


                                     

 

Цыкл «Мой Мінск» стаў кульмінацыяй, апагеем развіцця таленту А. Тычыны. Работы мастака 1970–1980-х гг. прысвечаны стваральнай працы («У аэрадоку», 1976; трыпціх «Над ракою Арэсай», 1980); дзеячам беларускай культуры («Я. Купала ў камунараў Палесся», 1981; «М. Багдановіч у Ялце», 1982); беларускай прыродзе («На возеры», 1976) і любімаму гораду («На дзіцячай чыгунцы», «Зона адпачынку (Зялёны луг)», «Праспект Леніна (Усход 1)» (усе 1984).