Да юбілею Міхала Казіміра Радзівіла (Рыбанькі)

13 чэрвеня спаўняецца 320 гадоў з дня нараджэння Міхала Казіміра Рыбанькі – выдатнага прадстаўніка роду Радзівілаў

Найбуйнейшы ў Беларусі магнацкі род Радзівілаў даў Айчыне палітыкаў, военачальнікаў, прадстаўнікоў вышэйшага духавенства і культуры. Сярод іх вылучаецца Міхал Казімір Радзівіл па мянушцы Рыбанька, які займаў вельмі адказныя і ўплывовыя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ): маршалка надворнага літоўскага (з 1734 г.), кашталяна віленскага (з 1742 г.), ваяводы віленскага і гетмана вялікага літоўскага (з 1744 г.). Быў старостам камянецкім і крычаўскім.

Нарадзіўся Міхал Казімір на Валыні ў г. п. Алыка. Яго бацька Кароль Станіслаў Радзівіл быў вядомы ў ВКЛ і даслужыўся да пасады канцлера, маці Ганна Катажына паходзіла з княжацкага роду Сангушкаў. Дзяцінства Міхала Казіміра прайшло на Памор’і. З-за частых пераездаў малады князь не атрымаў належнай адукацыі, але гэты недахоп лёгка кампенсаваўся самаадукацыяй і яго прыроднымі задаткамі, сярод якіх не апошняя роля належала дзелавітасці, рашучасці і настойлівасці ў дасягненні пастаўленай мэты.

Міхал Казімір Радзівіл рана пачаў удзельнічаць у палітычным жыцці краіны. Пасля заўчаснай смерці бацькі (1719) князь стаў ардынатам нясвіжскім і алыцкім, адным з багацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай. У 1721 г. малады князь адправіўся ў працяглае замежнае падарожжа. Пабываў у Берліне, Празе, Вене, Ротэрдаме, Амстэрдаме, Бруселі, Парыжы.

У 1724 г. Міхал Казімір вярнуўся на радзіму і пачаў актыўна адбудоўваць Нясвіжскі замак, разбураны шведамі ў 1706 г. Неўзабаве Нясвіж стаў яго рэзідэнцыяй і буйным культурным цэнтрам. Тут быў адкрыты кадэцкі корпус; з’явілася друкарня, пры гэтым два экзэмпляры кожнага выдання паступалі ў замкавую бібліятэку. Асобнай старонкай культурнай дзейнасці Міхала Казіміра з’яўляецца стварэнне тэатра, кіраўніком якога была яго жонка Францішка Уршуля Радзівіл.

Князь клапаціўся аб належным стане сваёй летняй рэзідэнцыі ў Альбе (вёска каля Нясвіжа). На месцы разбураных у перыяд Паўночнай вайны 1700–1721 гг. пабудоў, узведзеных яшчэ Мікалаем Крыштофам Сіроткам, узнік раскошны палац. У Альбе Міхал Казімір распачаў работы па стварэнні комплексу, што складаўся з 180 жылых дамоў у нацыянальных архітэктурных стылях розных народаў свету. Садзейнічаў князь і будаўніцтву культавых аб’ектаў: кляштароў, капліц, езуіцкага калегіума.

Шмат сіл і часу аддаваў Міхал Казімір развіццю мануфактур у Слуцку, на Падляшшы і Навагрудчыне, стварыў новыя прадпрыемствы для вытворчасці шкла, керамікі, жалеза, сукна, палатна. Шырокую вядомасць набылі Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, Налібоцкая шкляная, Свержанская фаянсавая і Нясвіжская дывановая мануфактуры.

Будучы адным з самых уплывовых магнатаў Рэчы Паспалітай, Міхал Казімір Радзівіл заўсёды знаходзіўся ў эпіцэнтры палітычнай барацьбы. Гісторыкі ўспамінаюць яго як прадпрымальнага, а часам і вераломнага палітыка; прыхільнікі Мельпамены ўдзячны за стварэнне прыдворнага тэатра; літаратуразнаўцаў князь цікавіць як аўтар шматтомнага дзённіка “Дыярыуш”, які ён вёў на працягу большай часткі свайго жыцця.