Да юбілею Уладзіміра Бабука

26 чэрвеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння заслужанага дзеяча навукі Беларусі Уладзіміра Вікенцьевіча Бабука

Вядомы беларускі хірург, тапографаанатам Уладзімір Вікенцьевіч Бабук нарадзіўся ў в. Навасёлкі Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў Навасёлкаўскім народным вучылішчы, скончыў кончыў Магілёўскую фельчарскую школу і медыцынскі факультэт Казанскага ўніверсітэта. Урачэбную дзейнасць пачаў у 1923 г. загадчыкам Чэрвеньскага павятовага аддзела аховы здароўя. Быў ардынатарам, асістэнтам, старшым асістэнтам кафедры агульнай хірургіі медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (пазней факультэт быў рэарганізаваны ў Мінскі медыцынскі інстытут). У 1935 г. У.В. Бабуку прысвоена вучоная ступень кандыдата медыцынскіх навук, а ў 1937 г. – доктара медыцынскіх навук. У 1938 г. ён стаў прафесарам. Да 1941 г. загадваў кафедрамі агульнай хірургіі, аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі Мінскага медыцынскага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны У.В. Бабук узначальваў кафедру агульнай і факультэцкай хірургіі Кіргізскага медыцынскага інстытута і быў кансультантам шэрага эвакашпіталяў Кіргізіі, а потым галоўным хірургам праўлення шпіталяў БССР. У 1943–1944 гг. У.В. Бабук загадваў кафедрай агульнай хірургіі Беларускага медыцынскага інстытута (Яраслаўль), у 1944–1949 гг. Мінскага медыцынскага інстытута. У 1946–1949 гг. быў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканальвання ўрачоў, загадваў кафедрай аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі Мінскага медыцынскага інстытута (1949–1962).

Уладзімір Бабук унёс вялікі ўклад у развіццё медыцынскай навукі. Ён займаўся складанымі і актуальнымі пытаннямі практычнай хірургіі, праводзіў даследаванні па эксперыментальным і клінічным лячэнні траўматычнага шоку і крывацёку, хірургічным лячэнні астэаміэліту, спантаннай гангрэны, распрацоўваў метады лячэння вострай прамянёвай хваробы, апендыкулятарных інфільтратаў, апёкаў, гангрэны, сепсісу. Вучоны з’яўляецца аўтарам больш за 90 навуковых публікацый, у тым ліку манаграфіі «Травматический шок и острые кровопотери» (1953), падручніка для студэнтаў медыцынскіх ВНУ «Оперативная хирургия» (1962). Пад яго рэдакцыяй у 1965 г. быў выдадзены «Практикум по топографической анатомии».

 

                                                        

 

Шмат увагі У.В. Бабук удзяляў арганізацыйным пытанням аховы здароўя. Узначальваў Вучоны медыцынскі савет Міністэрства аховы здароўя БССР (1962–1966), праўленне Рэспубліканскага навуковага таварыства хірургаў БССР, уваходзіў у склад праўлення Усесаюзнага таварыства хірургаў (1965–1967). Па яго ініцыятыве створаны абласныя і гарадскія навуковыя таварыствы хірургаў, распрацаваны устаў рэспубліканскага таварыства, арганізаваны V Рэспубліканскі з’езд хірургаў.

За поспехі ў лячэбнай рабоце і падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў, правядзенні навуковых даследаванняў У.В. Бабуку ў 1948 г. было прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі Беларусі. Таксама ён узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, знакам «Выдатнік аховы здароўя», ганаровымі граматамі.