Да юбілею Алеся Махнача

27 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння драматурга, празаіка і публіцыста Алеся Махнача

Алесь (Аляксандр Іванавіч) Махнач нарадзіўся ў в. Забалацце Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў восем класаў Уздзенскай сярэдняй школы і паступіў у Мінскае ваеннае пяхотнае вучылішча (1939). У 1940 г. стаў курсантам Калінкавіцкага ваеннага пяхотнага вучылішча. Пасля яго заканчэння ў 1941 г. быў накіраваны на службу ў гарнізон Брэсцкай крэпасці, дзе прыняў пад сваё камандаванне стралковы ўзвод.

Лейтэнант А. Махнач (1940)


У чэрвені 1941 г. удзельнічаў у абароне крэпасці, быў цяжка паранены і трапіў у палон. Пасля вызвалення з канцэнтрацыйнага лагера ў 1945 г. працяглы час знаходзіўся на лячэнні ў шпіталях. З 1947 па 1953 г. загадваў Прысынкаўскай сельскай бібліятэкай Уздзенскага раёна, у 1953–1961, 1963–1966 гг. працаваў у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, завочна скончыў Мінскі бібліятэчны тэхнікум (1954) і Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве (1960).

Першы верш Алеся Махнача “Калгасная восень” у 1949 г. надрукавала Уздзенская раённая газета “За Савецкую Радзіму”. З цягам часу яго вершы, нарысы, рэцэнзіі сталі з’яўляліся ў рэспубліканскім перыядычным друку. У 1956 г. А. Махнач выдаў першы зборнік аднаактовых п’ес “Драматычныя мініяцюры”.


За гады творчай працы ім напісана каля пяці дзясяткаў аднаактовых п’ес, камедый, сцэнак, скетчаў, інтэрмедый. Многія з іх увайшлі ў зборнікі “Аднаактовыя п’есы” (1961), “Мы будзем жыць” (1967), “П’есы” (1974), “Не кажы: мая хата з краю...” (1980), “Няхай красуе жыццё” (1982) і інш.


                     


Пяру драматурга належаць папулярныя п’есы для дзяцей “Шпачок” (1963), “Гаўрошы Брэсцкай крэпасці” (1974), дзе адлюстравана героіка Вялікай Айчыннай вайны. Алесь Махнач аўтар дакументальных аповесцей “Дзеці крэпасці” (1988), “Камандзір Усходняга форта” (1991), за якія Міжнародная асацыяцыя пісьменнікаў баталістаў і марыністаў узнагародзіла яго дыпломам і медалём К. Сіманава.


                           


Алесь Махнач вядомы як краязнавец, які рупліва збіраў звесткі пра свой родны край. Найбольш значнай яго працай з’яўляюцца нарысы “Мой Нёман”, “Цячэ рэчка”, “Ля родных крыніц”. У 1998 г. у серыі “Ведаць свой край Беларусь” выйшаў яго краязнаўчы зборнік нарысаў “Нізок” пра вядомых людзей, якія нарадзіліся ў гэтай вёсцы. Не забываў пісьменнік і пра родную вёску Забалацце, яго цікавіла ўсё, што тычылася мінулага малой радзімы. Праз тры гады пасля смерці даследчыка выйшла кніжка пра вёску Забалацце і яе людзей.


                                                


Алесь Махнач, які сам выйшаў з асяроддзя сельскай творчай інтэлігенцыі, вельмі паважаў працу сельскіх настаўнікаў, супрацоўнікаў бібліятэк і дамоў культуры. У 1980 г. драматургу было прысвоена званне “Заслужаны работнік культуры Беларусі”. Пісьменнік узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, медалямі. У 2001 г. адбылася прэм’ера дакументальнага тэлефільма “...Я – лейтэнант Махнач” (рэжысёр В. Жыгалка), прысвечаны гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці.