Да юбілею Максіма Танка

17 верасня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка

Адзін з самых яркіх і самабытных беларускіх паэтаў Максім Танк (сапраўднае імя – Яўген Іванавіч Скурко) нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці). У 1922 г. скончыў школу, затым вучыўся ў Вілейскай, Радашковіцкай і Віленскай гімназіях. У гэты перыяд далучыўся да дзейнасці падпольных арганізацый, удзельнічаў у выпуску рукапісных часопісаў «Пралом» і «Краты», пачаў выступаць у друку. У другой палове 1930-х гг. супрацоўнічаў з перыядычнымі выданнямі «Poprostu», «Наша воля», «Беларускі летапіс», «Калоссе», дзе змяшчаў вершы, апавяданні, літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы пад псеўданімам Максім Танк. Першы зборнік паэзіі «На этапах» быў надрукаваны ў Вільні ў 1936 г. Прыкметнымі з’явамі літаратурнага жыцця сталі таксама зборнікі «Журавінавы цвет» (1937), «Пад мачтай» (1938), паэма «Нарач» (1937).


                                          

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР Максім Танк працаваў у газетах «Віленская праўда» і «Сялянская газета». У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўступіў у народнае апалчэнне і быў накіраваны на Бранскі фронт. Працаваў у газеце «За Савецкую Беларусь», рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». У вершах гэтага перыяду паэт заклікаў змагацца супраць ворагаў і нічога не шкадаваць дзеля перамогі, услаўляў бессмяротнасць роднага краю і беларускага народа. Паэтычныя творы ваенных гадоў увайшлі ў зборнікі «Вастрыце зброю» і «Праз вогненны небасхіл» (1945).

 

   

                                 

У пасляваенныя гады Максім Танк працаваў у часопісе «Вожык», з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Полымя» (1948–1967), выдаў шэраг паэтычных зборнікаў: «Каб ведалі» (1948, Дзяржаўная прэмія СССР), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «У дарозе» (1954), «След бліскавіцы» (1957, Літаратурная прэмія імя Я. Купалы).

Высокую ацэнку крытыкаў і літаратуразнаўцаў атрымалі кнігі вершаў «Мой хлеб надзённы» (1962, Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы), «Хай будзе святло» (1972), «Нарачанскія сосны» (1972, Ленінская прэмія), «Дарога, закалыханая жытам» (1976), «Прайсці праз вернасць» (1979, Літаратурная прэмія імя А. Фадзеева), «За маім сталом» (1984), «Паслухайце, вясна ідзе» (1990), «Errata» (1996).


             

                                     

Максім Танк – аўтар шэрага твораў для дзяцей, сабраных у кнігах «Галінка і верабей» (1946), «Казкі лірніка» (1948), «Ехаў казачнік Бай» (1955), «Светлячок» (1970), «Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні» (1979), «Лемантар» (1993).

                           



Выступаў Максім Танк і як празаік-дакументаліст, перакладчык твораў А. Пушкіна, У. Маякоўскага, А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, У. Бранеўскага і інш. Многія творы паэта перакладзены на розныя мовы свету і пакладзены на музыку.

За плённую грамадска-культурную дзейнасць і багатую літаратурна-творчую працу Максіму Танку былі прысвоены званні народнага паэта Беларусі і Героя Сацыялістычнай Працы. Ён быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, з’яўляўся ганаровым грамадзянінам Мінска і Радашковіч. З 1995 г. Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт носіць імя М. Танка. У 2014 г. у Мядзелі з’явіўся помнік паэту.