Да юбілею Ефрасінні Бондаравай

25 лістапада спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння кіназнаўцы, кінакрытыка і сцэнарыста Ефрасінні Леанідаўны Бондаравай

Вялікі ўклад у станаўленне і развіццё беларускага нацыянальнага кінематографа ўнесла педагог, кінакрытык, заслужаны дзеяч навукі Беларусі Ефрасіння Леанідаўна Бондарава.

Нарадзілася яна ў в. Гапонава Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння школы паступіла на гістарычны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта. Свой журналісцкі шлях Е.Л. Бондарава пачынала ў Лёзненскай раённай газеце “Ленінскі сцяг” літсупрацоўнікам, адказным сакратаром, адначасова працавала на радыё дыктарам. У 1945 г. паступіла на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гэты час яна супрацоўнічала з рэдакцыямі газет “Знамя юности”, “Чырвоная змена”, працавала карэспандэнтам рэдакцыі “Апошнія паведамленні” на Беларускім радыё.

Сапраўдным захапленнем маладой журналісткі стала кіно. У 1948 г. Е.Л. Бондарава была запрошана на працу рэдактарам-кансультантам Міністэрства кінематаграфіі БССР. У 1949 г. скончыла ўніверсітэт і паступіла ў аспірантуру. У гэтым жа годзе з’явілася яе першая рэцэнзія на вядомы беларускі фільм “Канстанцін Заслонаў”. Пасля заканчэння аспірантуры ў 1953 г. і абароны кандыдацкай дысертацыі Е.Л. Бондарава пачала выкладаць спецкурсы, спецсемінары і асноўны свой курс літаратурна-мастацкай крытыкі на факультэце журналістыкі БДУ. У розныя гады яе вучнямі былі знакамітыя дзеячы культуры як А. Мальдзіс, А. Сабалеўскі, І. Пташнікаў, І. Чыгрынаў, І. Дабралюбаў, А. Алай, Р. Ясінскі, В. Дашук, П. Васючэнка і інш.

На рахунку Е.Л. Бондаравай – шэраг сцэнарыяў дакументальных фільмаў, спецыяльных выпускаў кінахронікі, творчых партрэтаў дзеячаў кіно. Ефрасінню Леанідаўну па праву лічаць заснавальнікам беларускай школы кінакрытыкі. Яна аўтар навуковых работ, грунтоўных даследаванняў па кінамастацтве, крытычных і публіцыстычных артыкулаў, манаграфій – “В кадре и за кадром” (1973), “Время, экран, критика” (1975), “Кинолента длиною в жизнь” (1980), “Экран в разных измерениях” (1983), “Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране” (1993), “Мастацтва і крытыка” (1999), “От сердца – к сердцу” (2001), “Освещение литературы и искусства в СМИ” (2004), шэрага навучальных дапаможнікаў.


              

На працягу доўгага часу доктар навук, прафесар Е.Л. Бондарава была старшынёй секцыі кінакрытыкаў Беларусі, членам мастацкага савета кінастудыі “Беларусьфільм”, старшынёй метадычнага савета Рэспубліканскага Дома кіно, уваходзіла ў склад Беларускага саюза журналістаў, Беларускага саюза кінематаграфістаў і Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў. У 1997 г. Беларускі саюз журналістаў прысвоіў ёй званне ганаровага журналіста рэспублікі. У 2002 г. Е.Л. Бондарава стала лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.