Да юбілею Станіслава Нарбута

4 мая спаўняецца 170 гадоў з дня нараджэння Станіслава Нарбута – урача і грамадскага дзеяча

Станіслаў Нарбут пакінуў яркі след у гісторыі Браслаўскага краю. Нарадзіўся ён у маёнтку Шаўры на Гродзеншчыне (цяпер Воранаўскі раён). Яго бацька – Тэадор Нарбут – быў вядомым гісторыкам, археолагам, краязнаўцам, грамадскім дзеячам і ваенным інжынерам. Удзел сям’і Нарбутаў у паўстанні 1863–1864 гг. прывёў да пазбаўлення дваранскага тытула, канфіскацыі маёнтка, заўчаснай смерці бацькі. Толькі дзякуючы падтрымцы сваякоў і сяброў С. Нарбут змог наведваць Віленскую класічную гімназію. У 1872 г. стаў студэнтам лячэбнага факультэта Баварскага каралеўскага ўніверсітэта ў Мюнхене, які скончыў у 1879 г. і атрымаў навуковае званне доктара медыцыны па хірургіі і акушэрстве. У тым жа годзе абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную вывучэнню каўтуна – хваробы, вельмі распаўсюджанай у той час сярод простых людзей.

У 1880-х гг. С. Нарбут стаў жыць і працаваць на Браслаўшчыне. У 1891 г. скончыў Дэрпцкі (зараз Тартускі) універсітэт і доўгі час меў прыватную практыку. Магчымасць атрымаць пасаду ўрача Новааляксандраўскага павета прадставілася толькі ў 1904 г. З гэтага часу С. Нарбут жыў і працаваў у Браславе. Шмат намаганняў ён прыкладаў для будаўніцтва новай бальніцы, займаўся зборам ахвяраванняў на яе абсталяванне. Увосень 1906 г. лячэбніца ў Браславе была адкрыта.

Адкрыццё лячэбніцы ў Браславе (1906).


Тут С. Нарбут разгарнуў актыўную дзейнасць: рабіў хірургічныя аперацыі, змагаўся з інфекцыйнымі захворваннямі, дзіцячай смяротнасцю. Праз некаторы час быў прызначаны галоўным урачом Браслаўскай земскай бальніцы.


Доктар Нарбут праводзіць аперацыю (пачатак ХХ ст.).


У гады Першай сусветнай вайны С. Нарбут працягваў працаваць. Ваенныя падзеі прывялі да рэзкага павелічэння колькасці хворых сярод насельніцтва. Доктар Нарбут лячыў не толькі мясцовых жыхароў, але і параненых вайскоўцаў. Яго самаахвярная праца была адзначана ордэнам Святога Станіслава 3-й ступені.

Увосень 1919 г. тэрыторыя Браслаўшчыны была занята польскімі войскамі. У хуткім часе мясцовыя ўлады прапанавалі С. Нарбуту ўзначаліць санітарны аддзел Браслаўскага павета. Станіслаў Нарбут адыграў важную ролю ў паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва: арганізоўваў супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, санітарную справу, наглядаў за санітарным станам аптэк, лазняў, школ, прадпрыемстваў харчавання.

Станіслаў Нарбут актыўна займаўся і грамадскай дзейнасцю: быў адным з заснавальнікаў мясцовай пажарнай каманды, з’яўляўся сябрам павятовай камісіі па барацьбе з п’янствам, прымаў удзел у дабрачынных пастаноўках аматарскага тэатра ў якасці рэжысёра і акцёра, быў ініцыятарам выдання мясцовай газеты.

Магіла С. Нарбута знаходзіцца на вяршыні ўзгорка. Над ёй стаіць помнік-стэла, увенчаная ліхтаром, узведзены на ахвяраванні жыхароў Браслаўскага павета. Сёння ў Браславе ёсць вуліца Нарбута, у фондах Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў захоўваюцца матэрыялы аб жыцці і дзейнасці гэтага выбітнага дзеяча медыцыны. У 2003 г. у Беларусі была выпушчана паштовая марка, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння Станіслава Нарбута, у 2008 г. на тэрыторыі Браслаўскай бальніцы быў устаноўлены бюст знакамітага ўрача.