Адной з найбольш значных і маштабных падзей у культурным жыцці краіны, сапраўдным брэндам Беларусі з’яўляецца Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Першы фестываль, галоўнай мэтай якога было азнаямленне з песеннай творчасцю славянскіх краін, адбыўся ў 1992 г. Кожны год Віцебск прымаў усё большую колькасць гасцей з краін блізкага і далёкага замежжа. З 1995 г. фестываль стаў сапраўды міжнародным. У рамках «Славянскага базару ў Віцебску» праводзяцца Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні, Міжнародны дзіцячы музычны конкурс, дні нацыянальных культур, свята горада, выстава-продаж рамесных вырабаў, паказ лепшых тэатральных пастановак для дзяцей і дарослых, фэст вулічнага мастацтва і інш. Фестывальнымі пляцоўкамі з’яўляюцца: Летні амфітэатр, Канцэртная зала «Віцебск», Віцебская абласная філармонія, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа, Беларускі тэатр «Лялька», плошчы і вуліцы Віцебска.
Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі праводзіцца ў г. Маладзечна з 1993 г. Мэтай праекта з’яўляецца папулярызацыя нацыянальных духоўных каштоўнасцей, азнаямленне з лепшымі творамі сучаснай беларускай музыкі і паэзіі. У рамках фестывалю праходзяць канцэрты прафесійных і аматарскіх творчых калектываў, паказ спектакляў і кінафільмаў, сустрэчы с сучаснымі літаратарамі, выстаўкі рамесных вырабаў, майстар-класы па розных відах народнага мастацтва і інш. Галоўнае мерапрыемства фестывалю – Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які праходзіць у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга.
У 1998 г. Беларусь адзначала 190-годдзе з дня нараджэння В.І. Дуніна-Марцінкевіча. У гэты год у Бабруйску адбыўся першы Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча. Тэатральны фэст у Бабруйску праходзіў у 2001, 2008, 2011, 2015, 2017, 2019, 2021 і 2022 гг. На сцэне Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча прафесійныя тэатральныя калектывы з Брэста, Віцебска, Гомеля, Маладзечна, Бабруйска, Магілёва і Мінска штораз прадстаўляюць свае лепшыя пастаноўкі беларускіх драматургічных твораў. Фестываль накіраваны на пошук маладых таленавітых драматургаў і папулярызацыю іх творчасці, пашырэнне жанравай разнастайнасці рэпертуару тэатральных устаноў.
Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» – адзін з самых вядомых фестываляў Беларусі. Пачынаючы з 1996 г. штогод у вялікім і малым залах Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, Палацы культуры прафсаюзаў і Брэсцкім тэатры лялек адбываюцца паказы лепшых сцэнічных пастановак класічных і сучасных драматургічных і харэаграфічных твораў. У фестывалі прымаюць удзел драматычныя, лялечныя тэатры, харэаграфічныя калектывы блізкага і далёкага замежжа. Фестывальная афіша вельмі разнастайная: тэатральныя пастаноўкі, адукацыйныя праекты, творчыя лабараторыі, майстар-класы, дыскусіі і абмеркаванні спектакляў.
З 2006 г. у Мінску ладзіцца Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Аўтарам ідэі і мастацкім кіраўніком праекта з’яўляецца беларускі піяніст і дырыжор Расціслаў Крымер. Ганаровы старшыня фестывалю – знакаміты музыкант і дырыжор, народны артыст Расіі і СССР Юрый Башмет. Мерапрыемства спрыяе папулярызацыі класічнай музыкі, умацаванню міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне культуры. Фармат фестывалю прадугледжвае сумесны ўдзел у канцэртах вядомых музыкантаў і таленавітых маладых артыстаў, сольныя канцэрты, выступленні творчых калектываў, правядзенне майстар-класаў для студэнтаў Беларускай акадэміі музыкі. Канцэртныя праграмы фестывалю ўключаюць творы сучасных кампазітараў нароўні з шэдэўрамі класікі і праходзяць у Палацы Рэспублікі, Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску, а таксама ў Расіі і Германіі.
Першы Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (ІFMC) адбыўся ў Віцебску ў 1987 г. як свята нефармальнай моладзі СССР. У 1990 і 1991 гг. праводзіўся як Усесаюзны фестываль папулярнага танца «Белы Сабака». З 1992 г. фэст у Віцебску вядомы як Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі. Мастацкая канцэпцыя, пастановачныя рашэнні і прыёмы, майстэрства выканання кожнага харэаграфічнага твора ацэньваюцца міжнародным журы і экспертным саветам. У праграме фестывалю акрамя конкурснай праграмы шмат творчых мерапрыемстваў, якія пакідаюць яркія уражанні ў публікі. Танцавальны форум у Віцебску карыстаецца аўтарытэтам і атрымаў прызнанне майстроў і прыхільнікаў сучаснага танца ва ўсім свеце.
Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад»
У першым кінафоруме, які адбыўся ў лістападзе 1994 г., удзельнічалі кінастужкі краін Балтыі і СНД. З цягам часу геаграфія краін-удзельніц фестывалю значна пашырылася і ў 2002 г. мерапрыемства атрымала сучасную назву. Кожны год «Лістапад» аб’ядноўвае рэжысёраў, акцёраў, аматараў кінамастацтва розных краін. У рамках фестывалю праводзіцца асноўны конкурс і конкурс маладых рэжысёраў мастацкіх і дакументальных фільмаў, фільмаў для дзяцей і юнацтва «Лістападзік». Праграма кінафоруму насычана пазаконкурснымі і рэтраспектыўнымі паказамі фільмаў, творчымі сустрэчамі, майстар-класамі, прэзентацыямі і выстаўкамі. «Лістапад» стаў пляцоўкай для зносін прафесіяналаў у сферы кіно, абмену вопытам, распрацоўкі спосабаў узаемадзеяння кінематаграфістаў і прадзюсараў.
Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка»
Першая «Анімаёўка» адбылася ў Мінску ў 1998 г. У верасні таго ж года фестываль прымаў Магілёў. У рамках мерапрыемства традыцыйна праводзяцца тры конкурсы – анімацыйных фільмаў, дзіцячай анімацыйнай, выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Фестываль праводзіцца штогод з мэтай папулярызацыі лепшых твораў сусветнага і айчыннага анімацыйнага кіно, развіцця і пашырэння культурных сувязяў, падтрымкі таленавітых дзяцей і моладзі.
Фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі»
Дажынкі – традыцыйнае беларускае народнае свята, якое сімвалізуе заканчэнне адной з самых важных земляробчых работ – жніва. З даўніх часоў абраду дажынак адводзілася выключная роля, таму што дабрабыт беларускага селяніна цалкам залежаў ад ураджаю.
Першы рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі быў праведзены ў верасні 1996 г. і аб’яднаў у сабе старыя і новыя традыцыі. Абавязковымі атрыбутамі-сімваламі мерапрыемства з’яўляюцца снапы жыта і каравай з мукі новага ўраджаю, урачыстае шэсце пераможцаў жніва па цэнтральнай вуліцы і цырымонія іх узнагароджвання. У рамках свята адбываюцца выступленні прафесійных і аматарскіх мастацкіх калектываў, арганізоўваюцца кірмашы-продажы прадуктаў харчавання і вырабаў майстроў народных рамёстваў. Штогод свята прымае новы раённы цэнтр Беларусі.
У перыяд з 1996 да 2014 г. «Дажынкі» мелі агульнарэспубліканскі фармат. З 2015 г. фестываль праводзіцца ў кожным рэгіёне Беларусі.
Свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»)
Упершыню купальскі фестываль прайшоў у ліпені 2010 г. Месцам правядзення свята стаў аграгарадок Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Штогод на маляўнічым беразе Дняпра ладзяцца народныя забавы, працуюць тэматычныя творчыя пляцоўкі, выстаўкі-кірмашы, праводзяцца майстар-класы, падводзяцца вынікі конкурсаў, адбываюцца канцэрты майстроў мастацтваў Беларусі і краін блізкага замежжа. Яскравым момантам свята з’яўляецца гала-канцэрт з феерверкам і лазерным шоу.
Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня»
Першы фестываль прайшоў у 1998–1999 гг. у Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Праект названы ў гонар жаночага персанажа ўсходнеславянскай міфалогіі: істоты, якая аберагае ўсё навокал і ўвасабляе добрыя і пазітыўныя сілы прыроды. У 2001 г. фестываль стаў абласным, з 2004 г. мае статус рэспубліканскага. У рамках мерапрыемства ладзяцца выступленні фальклорных калектываў рэспублікі; спаборніцтвы на лепшае выкананне народных песень, танцаў і гульняў, ігры на народных музычных інструментах; майстар-класы па народных спевах і танцах і інш. Асноўная мэта фестывалю – выхаванне ў дзяцей і моладзі цікавасці да народнага мастацтва, захаванне мясцовых культурных традыцый і гістарычнай спадчыны, папулярызацыя дзіцячага і маладзёжнага фальклорнага руху.
З 1995 г. раз у два гады ў вёсках Вялікія і Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці ладзіцца Рэспубліканскі фестываль народнага гумару «Аўцюкі». Ініцыятарам яго правядзення з’яўляецца заслужаны дзеяч культуры Беларусі Уладзімір Ліпскі. Праграма фэсту вельмі разнастайная: работа гумарыстычнай мытні, арт-пляцовак, спецыялізаваных вясковых падворкаў з дэгустацыяй страў мясцовай кухні; конкурс на лепшае выкананне прыпевак, баек, анекдотаў, ігры на музычных інструментах; выстаўка стылізаванай аўтамотатэхнікі і вырабаў народных майстроў; спартыўныя забавы і інш.
Больш інфармацыі пра беларускія фестывалі змешчана ў анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях».