Да юбілею Канстанціна Піевіча Тышкевіча

17 лютага 2026 г. спаўняецца 220 гадоў з дня нараджэння вучонага, археолага, гісторыка, краязнаўца, аднаго з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі Канстанціна Піевіча Тышкевіча

Канстанцін Піевіч Тышкевіч увайшоў у айчынную гісторыю як адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі і стваральнік першага нацыянальнага музея старажытнасцей.

Нарадзіўся будучы вучоны ў мястэчку Лагойск Мінскай губерні (цяпер г. Лагойск Мінскай вобласці) у сям’і графа Пія Феліцыянавіча Тышкевіча. Яго бацькі былі адукаванымі людзьмі, захапляліся калекцыяніраваннем гістарычных дакументаў і твораў выяўленчага мастацтва, вялі сямейную хроніку, збіралі бібліятэку, арганізоўвалі ў сваім палацы камерныя і сольныя канцэрты. Любоў да Бацькаўшчыны, яе гісторыі і культуры Тышкевічы імкнуліся перадаць дзецям, якіх у сям’і было чацвёра. Пачатковую адукацыю старэйшы сын Канстанцін атрымаў дома. Потым вучыўся ў Полацкім езуіцкім і Забельскім дамініканскім калегіумах, Віленскай гімназіі. У 1828 г. скончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Некалькі гадоў працаваў у Міністэрстве фінансаў Царства Польскага ў Варшаве.

У 1836 г. пакінуў службу і пасяліўся ў Лагойску і пачаў актыўна праводзіць гаспадарчай рэформы ў сямейных уладаннях на аснове найноўшых эканамічных дасягненняў і вопыту вядзення сельскай гаспадаркі. Пабудаваў цукровыя заводы, палатняную мануфактуру, ліцейны цэх, заснаваў ашчадны банк для мяшчан і сялян.

Аднак галоўным заняткам графа стала вывучэнне помнікаў старажытнасці. Сваю навуковую і краязнаўчую дзейнасць ён пачаў з даследавання гісторыі наваколля. Разам з бацькам і малодшым братам Яўстафіем ён шукаў рэдкія рэчы для хатняга музея, праводзіў раскопкі курганоў дрыгавічоў і крывічоў, збіраў старажытныя рукапісы і мастацкія творы. У 1842 г. на аснове сваіх збораў бібліятэкі браты Тышкевічы арганізавалі першы на тэрыторыі Беларусі музей старажытнасцей, які размясціўся ў іх радавым маёнтку ў Лагойску. Праз тры гады частка гэтага збору была перавезена на выстаўку ў Вільню, а ў 1856 г. на яе аснове быў арганізаваны Віленскі музей старажытнасцей.

З цягам часу К.П. Тышкевіч працягваў вывучэнне роднага краю. Ён шмат вандраваў, вёў шырокую перапіску з навуковымі таварыствамі, збіраў звесткі па гісторыі Астрашыцкага Гарадка, Барысаўскага павета, Заслаўя і іншых месцаў. Даследаваў каля 200 курганаў, гарадзішчаў, замчышчаў у Мінскай губерні. Склаў першыя тапаграфічныя планы і атлас гарадзішчаў і замчышчаў у Заслаўі, Чашніках, Уле, Баравым Млынку і інш. Займаўся таксама грунтоўнымі даследаваннямі фальклору: запісваў песні, легенды, паданні, удзельнічаў у абрадах. Вынікі сваіх даследаванняў публікаваў у польскім штотыднёвіку “Przyjaciel Ludu” (“Сябра народа”), газеце “Новое время”. Першай працай даследчыка стала гістарычная частка ў кнізе яго брата Я.П. Тышкевіча “Апісанне Барысаўскага павета” (1847), для напісання якой былі выкарыстаны звесткі, сабраныя з друкаваных помнікаў, мясцовых архіваў, народных паданняў і археалагічных раскопак.

У 1857 г. К.П. Тышкевіч арганізаваў уласную экспедыцыю па рацэ Віліі. За чатыры месяцы вандроўнікі наведалі каля 300 населеных пунктаў. Падчас паездкі даследчык праводзіў раскопкі, апісваў археалагічныя помнікі і помнікі архітэктуры, вывучаў ландшафт, вымяраў глыбіню і шырыню ракі, знаёміўся з цікавымі людзьмі. Ён сабраў багаты этнаграфічны, фальклорны і археалагічны матэрыял, які лёг у аснову фундаментальнай працы “Wilija i jej brzegi” (“Вілія і яе берагі”). Кніга была выдадзена ўжо пасля смерці даследчыка ў Дрэздэне ў 1871 г.

 

                                                                

 

Сярод іншых публікацый археолага: “Pomniki rytownictwa krajowego” (“Помнікі айчыннага гравёрнага мастацтва”, 1858), “Wiadomosc historyczna o zamkach, horodyszczach i okopiskach starozytnych na Litwie i Rusi Litewskiej” (“Гістарычныя звесткі пра старажытныя замкі, гарадзішчы і курганы ў Літве і Літоўскай Русі”, 1859), “О курганах в Литве и Западной Руси” (1865) і інш.

 

                                                     

 

Грунтоўныя даследаванні графа К.П. Тышкевіча былі высока ацэнены навукоўцамі: ён з’яўляўся членам Віленскай археалагічнай камісіі, Маскоўскага археалагічнага, Парыжскага геаграфічнага і іншых навуковых таварыстваў.

Па ініцыятыве Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў з 2008 г. у Беларусі праходзяць Тышкевіцкія чытанні, прысвечаныя навуковай, мастацка-творчай і грамадскай дзейнасці прадстаўнікоў роду Тышкевічаў, праблемам захавання і актуалізацыі іх культурнай спадчыны.