Дата нараджэння: 07.03.1872
Дата смерці: 25.05.1964
Кароткая даведка: расійскі і беларускі кампазітар, педагог, народны артыст Беларусі, заслужаны артыст Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1950), кавалер ордэна Леніна
Імёны на іншых мовах: Золотарёв Василий Андреевич (руская);
З іменем Васіля Андрэевіча Залатарова – старэйшага савецкага кампазітара і педагога – звязаны яркія старонкі развіцця беларускай музычнай культуры.
Нарадзіўся ён у Таганрогу (Расія) у сям’і рабочага. У 1883 г. паступіў у Імператарскую Прыдворную пеўчую капэлу (Санкт-Пецярбург), кіраўніком якой з’яўляўся вядомы кампазітар і піяніст М. Балакіраў. Акрамя агульнаадукацыйных дысцыплін, там вывучалі тэорыю музыкі, сальфеджыа, гармонію. У капэле В. Залатароў спяваў у хоры, браў урокі ігры на скрыпцы ў прафесара П. Краснакуцкага. Пасля заканчэння (1892) некаторы час выкладаў у капэле, удзельнічаў таксама ў сімфанічных канцэртах Імператарскага музычнага таварыства, наведваў вечары М. Балакірава, займаўся кампазіцыяй, вывучаў кантрапункт і фугу пад кіраўніцтвам прафесара А. Пятрова. У 1898 г. паступіў у Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю ў клас кампазіцыі М. Рымскага-Корсакава, якую скончыў у 1900 г. На выпускных экзаменах атрымаў прэмію імя А. Рубінштэйна за кантату «Рай и Пери» (дыпломная работа). На працягу 1901 г. В. Залатароў напісаў «Еврейскую рапсодию», шэраг хароў (найбольш вядомыя – «Вечерний звон» і «Ночь»), некалькі рамансаў на вершы М. Кальцова і Ф. Цютчава, пазней – Першую сімфонію («Симфонию гнева», 1902) і Другі струнны квартэт (1903). Шмат увагі надаваў кампазітар педагагічнай дзейнасці. У 1909 г. ён выкладаў тэарэтычныя дысцыпліны (кантрапункт, гармонію, форму, кампазіцыю) у Маскоўскай кансерваторыі. У 1918 г. атрымаў званне прафесара і пачаў працаваць у Растове-на-Доне, потым у Краснадары і Адэсе (1924–1926), з 1926 г. – у Кіеўскім музычна-драматычным інстытуце імя М. В. Лысенкі, у 1931–1933 гг. – у Свярдлоўскім музычным тэхнікуме імя П. І. Чайкоўскага і Уральскай кансерваторыі.
Педагагічную дзейнасць В. Залатароў сумяшчаў з творчасцю. За гады выкладчыцкай работы напісаў шмат твораў у розных музычных жанрах. Сярод іх – Фартэпіяннае трыа (1905), аперэта «Рикики» (1917), Саната для скрыпкі і фартэпіяна (1922), оперы «Декабристы» (1925) і «Хвесько Андибер» (1928), Другая сімфонія «1905-й год» і «Шевченковская сюита» для хору, салістаў і аркестра (1929), «Молдавская» (1928), «Узбекская» (1931), «Таджикская» (1932) сюіты і інш. Кампазітар з’яўляецца таксама аўтарам вучэбнага дапаможніка «Фуга», які быў выдадзены ў 1932 г. У гэтым жа годзе атрымаў ганаровае званне заслужанага артыста РСФСР. У 1949 г. стаў народным артыстам БССР.
У 1933 г. В. Залатароў прыехаў у Мінск і пачаў працаваць у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Многія яго вучні (М. Крошнер, Д. Лукас, У. Алоўнікаў, Л. Абеліёвіч, А. Багатыроў, П. Падкавыраў, І. Жыновіч, С. Нісневіч і іншыя) сталі вядомымі кампазітарамі, інструменталістамі і музыкаведамі. Сярод твораў, напісаных В. Залатаровым у Беларусі, асобай увагі заслугоўвае цыкл апрацовак беларускіх народных песень «Кантрасты» (1933) для голасу і аркестра, у якіх увасоблены нацыянальныя характарныя вобразы, стылістычныя асаблівасці беларускага фальклору. Яркім узорам стала сімфонія «Беларусь» (1934) – манументальны твор пра грамадзянскую вайну і мірнае пасляваеннае жыццё, які заснаваны на народных беларускіх напевах і савецкіх песнях. У 1937 г. кампазітар напісаў сімфанічную сюіту «Белорусская танцевальная» (1937), куды ўключаны мелодыі танцаў «Юрачка», «Лявоніха», «Бульба-Янка», а таксама песня «Ой, рэчанька, рэчанька».
У гады Вялікай Айчыннай вайны В. Залатароў знаходзіўся ў Маскве. Патрыятызм і героіка, вера ў перамогу з’яўляюцца галоўнымі тэмамі буйнейшых яго твораў. Сярод іх – Пятая сімфонія «1941 год» і «Концертный марш» (1942), Уверцюра-фантазія на беларускія тэмы (для вялікага сімфанічнага аркестра) і Святочная ўверцюра (1943), Шостая сімфонія «Моя Родина» (1944) і інш. У пасляваенны час кампазітар напісаў шэраг вакальных і харавых твораў на вершы беларускіх паэтаў. Значнай падзеяй у музычным жыцці рэспублікі стаў балет В. Залатарова «Князь-возера» (1949), адзначаны ў 1950 г. Дзяржаўнай прэміяй СССР. Кампазітар быў узнагароджаны ордэнамі У. І. Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У 1960-я гг. В. Залатароў працаваў у кіруючых органах Саюза кампазітараў СССР. Да 90-годдзя музыканта ў Вялікай зале Маскоўскай кансерваторыі, Саюзе кампазітараў СССР і РСФСР, на Усесаюзным тэлебачанні і радыё прайшлі юбілейныя вечары, прысвечаныя яго творчасці. У апошні год жыцця, за некалькі месяцаў да смерці, В. Залатароў працягваў пісаць музыку. Ён памёр ва ўзросце 92 гадоў. Пахаваны ў Маскве.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.