

Значны ўплыў на фарміраванне мастацкага асяроддзя Віцебска другой паловы ХХ ст. аказала творчасць аднаго з прадстаўнікоў беларускага авангарду – жывапісца Аляксандра Салаўёва.
Нарадзіўся ён у в. Салані Лужскага раёна Ленінградскай вобласці (Расія). У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху, з 1944 г. у складзе Чырвонай арміі ваяваў на Карэльскім перашыйку, вызваляў Прыбалтыку. У 1955–1957 гг. вучыўся на аддзяленні манументальна-дэкаратыўнага жывапісу Ленінградскага вышэйшага мастацка-прамысловага вучылішча імя В. Мухінай. Затым працаваў настаўнікам малявання і чарчэння ў школе г. Мадоне (Латвія). У 1965 г. скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) і пераехаў у Віцебск, з якім звязаў далейшае жыццё і творчасць.
Працоўнай дзейнасць А. Салаўёва праходзіла ў Беларускім тэатры імя Я. Коласа (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа), дзе ён з’яўляўся мастаком-пастаноўшчыкам (1965–1997) і галоўным мастаком (1977–1995). Ён аформіў больш за 80 спектакляў у гэтым тэатры і каля 100 спектакляў у іншых тэатрах Беларусі і за мяжой. Яго сцэнічным работам характэрна багацце выразных сродкаў, філасофскае абагульненне і сімвалічнасць мастацкіх вобразаў, тонкае адчуванне эмацыянальнай і духоўнай сутнасці твора і задумы рэжысёра. Сярод аформленых ім спектакляў – «Ветрык, вей!» Я. Райніса (1965), «Клоп» У. Маякоўскага (1968), «Марыя Сцюарт» Ф. Шылера (1969), «Зацюканы апостал» (1971) і «Таблетку пад язык» (1973) А. Макаёнка, «Трывога» А. Петрашкевіча, «Званы Віцебска» У. Караткевіча (абодва 1974), «Матухна Кураж і яе дзеці» Б. Брэхта (1976), «Разгром» паводле А. Фадзеева (1977), «Летась у Чулімску» А. Вампілава (1978), «Стары дом» А. Казанцава (1980), «Закон вечнасці» паводле Н. Думбадзе (1981), «Парог» (1982) і «Радавыя» (1985) А. Дударава, «Зінуля» А. Гельмана (1984), «Рамэа і Джульета» У. Шэкспіра (1986), «Пакрыўджаныя» Л. Родзевіча (1994) і інш. У 1976 г. за спектакль «Сымон-музыка» паводле Я. Коласа пастановачная група тэатра была ўзнагароджана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі.
Аляксандр Аляксандравіч з’яўляўся актыўным удзельнікам мастацкага жыцця Віцебска. У 1966 г. стаў членам Саюза мастакоў Беларусі, у 1973–1977 гг. узначальваў яго Віцебскую абласную арганізацыю. Быў актыўным удзельнікам гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выставак. Праца ў тэатры, як адзначаў сам майстар, дазваляла яму шмат эксперыментаваць, сумяшчаць розныя накірункі і жанры мастацтва, свабодна выказваць свае творчыя погляды і быць вольным ад ідэалагічных установак таго часу. Атрымаўшы, класічную мастацкую адукацыю, А. Салаўёў з’яўляўся прыхільнікам абстракцыянізму. У сваіх творах ён звяртаўся да тэм Вечнасці, Сусвету, свабоды, ісціны, вызначэння сябе ў свеце і інш. Ён аўтар жывапісных работ «Дзве птушкі» (1984), «Сонечны горад» (1986), «Космас» (1988), «Тройца» (1992), «Накцюрн» (1998), «Водбліскі» (2003), «Экспромт», «Папярэджанне», «Настальгія», «Рэквіем па дрэве», «Мара» (усе 2008), «Кампазіцыя» (2009), «Галактыка», «Метамарфозы» (2010).
Захапленне прыродай і навакольным асяроддзем, дзіцячыя ўспаміны майстар сабраў у цыкле малюнкаў «Фарбы зямлі» – «Юнацтва» (1975), «Сонца гуляе» (1976), «На арэлях» (1977), «Вясна» (1982), «Залатая восень» (1985), «Гарадскі пейзаж» (1986), «Раніца ў лесе» (2011), «Зіма» (2016) і інш.
Вайна, як вялікая трагедыя, прадстаўлена ім у жывапісных і графічных работах «Рэквіем» (1973, 1974, 1984, 2011), «Маё мінулае» (2001). Тэме Старажытнай Русі мастак прысвяціў шэраг твораў з цыкла «Русь» – «Прарок» (1974, 1975, 1990), «Старажытная Русь» (1975, 1985), «Архангел» (1976), «Старая фрэска» (1981, 2001–2011), «Вока Госпада» (1996), «Няхай будзе святло» (2011) і інш. Ствараў таксама казачныя і легендарна-міфалагічныя вобразы – «Дэман» (1974), «Папялушка» (1976), «Карыятыда» (1981), «Царэўна-лебедзь» (1982), «Снягурка» (1985), «Сфінкс» (2009) і інш.
Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, Віцебскім мастацкім музеі, Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё мастацтва і культуры Беларусі А.А. Салаўёў адзначаны ганаровым званнем заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1982) і ордэнам Ф. Скарыны (2016). Сярод іншых узнагарод – Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені (1985) і юбілейныя медалі ў гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.