Родныя мясціны Тадэвуша Касцюшкі (1746–1817)
Мерачоўшчына
Невялікі фальварак Мерачоўшчына (у некаторых крыніцах – Марачоўшчына) вядомы з ХVI ст. У 1730 г. землі фальварка, якія належалі Сапегам, узяў у арэнду бацька Т. Касцюшкі Людвік Тадэвуш Касцюшка, берасцейскі мечнік, палкоўнік булавы польнай войска Вялікага Княства Літоўскага. У гэтым доме 4 лютага 1746 г. (па іншых звестках – 12 лютага) нарадзіўся будучы генерал, кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г., нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі Тадэвуш Касцюшка. У 1758 г. ён страціў бацьку і сям’я пераехала ў радавы маёнтак, які знаходзіўся ў в. Малыя Сяхновічы Кобрынскага павета. У Мерачоўшчыну Т. Касцюшка ўжо больш ніколі не вяртаўся. З 1764 г. яна належала Яну Ежы Флемінгу, пазней – яго дачцэ Ізабеле, жонцы Адама Казіміра Чартарыйскага. Дачка Ізабелы – Соф’я – прадала землі Войцаху Пуслоўскаму. Дом меў адзін паверх і высокі двух’ярусны дах, накрыты саломай альбо чаротавай страхой, над якой узвышаліся два сіметрычна размешчаныя коміны. Перад галоўным уваходам – ганак з дахам і шчытком на чатырох слупах. Сядзібу абкружаў старадаўні пейзажны парк.
Першая рэканструкцыя дома ў Мерачоўшчыне была завершана ў 1857 г. У 1871 г. Н. Орда зрабіў малюнак адноўленай сядзібы. Пра знешні выгляд дома даюць уяўленне фотаздымкі І. Шыманчыка – фатографа з Косава. Чарговая рэстаўрацыя будынка была праведзена ў міжваенны перыяд польскімі ўладамі. У доме быў створаны музей Т. Касцюшкі, а ў пакоі, дзе ён нарадзіўся, была ўстаноўлена памятная дошка. У гады Другой сусветнай вайны дом быў знішчаны. У 1987 г. на яго месцы ўстаноўлены мемарыяльны камень. У 1999 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё бронзавай пліты Т. Касцюшку (мастак А. Пашкевіч). У 2004 г. быў адкрыты для наведвальнікаў Мемарыяльны музей-сядзіба імя Тадэвуша Касцюшкі. Музей-сядзіба з’яўляецца часткай Косаўскага палацава-паркавага ансамбля і штогод набывае ўсё большую папулярнасць у турыстаў.
Малыя Сяхновічы
Малыя Сяхновічы таксама маюць права называцца малой радзімай Т. Касцюшкі. Сяхновічы існавалі з сярэдзіны ХV ст. і належалі роду Каранеўскіх. У 1509 г. прывілеем караля Жыгімонта I Старога былі падараваны Фёдару Касцюшку (1480 – каля 1561 г.), потым належалі Яну Рыгоравічу Касцюшку (1600? – 1647), па спадчыне перайшлі сыну Стэфану, які прадаў Малыя Сяхновічы М. Целяціцкаму. У 1656 г. маёнтак зноў вярнуўся да Касцюшкаў: яго гаспадарамі сталі Аляксандр Ян (1629–1711) і Амброжы Казімір (1667 – каля 1720 г.). Аляксандр Ян Касцюшка пабудаваў невялікі дом.
Паводле інвентару 1768 г. ён быў драўляным, аднапавярховым, меў высокі ламаны дах, накрыты саломай, і ганак на чатырох слупах. Перад хатай стаяла ўязная брама з варотамі. З правага боку двара размяшчаўся флігель, побач з ім хлеў і свіран. У 1784 г. генерал Т. Касцюшка вярнуўся на радзіму і пяць гадоў гаспадарыў у Сяхновічах. У доме былі сталовая, спальня і месца для варштата (у вольны час Т. Касцюшка працаваў на ім). За домам знаходзіліся агарод, невялікі фруктовы сад, арэшнік. Нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, гаспадар распачаў вытворчасць галандскіх сыроў, разбіў парк з лабірынтам і альтанкай. Не забываў і пра кнігі, заўсёды клапаціўся аб набыцці новых выданняў для сваёй бібліятэкі. У другой палове ХIХ ст. маёнтак перайшоў да роду Булгакаў, якія былі гаспадарамі Сяхновічаў да 1939 г. Да нашых дзён захавалася толькі частка парку: ліпавая алея, бярозавы гай, клёны, дубы, каштаны, а таксама шэраг экзатычных раслін. Захаваўся і адзіны гістарычны аб’ект тых часоў – будынак сыраварні з глыбокімі мураванымі скляпеннямі. У 1988 г. каля Сяхновіцкай школы быў устаноўлены помнік Т. Касцюшку, у 1996 г. пры школе быў створаны музейны пакой. 3 2003 г. музейны пакой разам з помнікам, рэшткамі парку складаюць у Малых Сяхновічах сапраўдны музейна-гістарычны куток.
Залессе ў жыцці Міхала Клеафаса Агінскага (1765–1833)
Род Агінскіх, да якога належаў Міхал Клеафас, быў адным з самых старажытных магнацкіх родаў Беларусі і адыгрываў значную ролю ў дзяржаўным, грамадска-палітычным і культурным жыцці. Агінскім належалі маёнткі ў Маладзечне, Залессі, Бабры, Бялынічах і інш. Залессе вядома з ХVI ст. (першапачаткова мела назву «Дзербы»), знаходзілася ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства. У першай палавіне ХVIII ст. маёнтак належаў віцебскаму ваяводу Марцыяну Міхалу Агінскаму (1672–1750), потым яго жонцы Тэклі і сыну Тадэвушу Францішку (1712–1783). Пасля смерці Тадэвуша Агінскага Залессе атрымаў яго сын Францішак Ксаверый (1742–1814). Францішак пакінуў Залессе ў спадчыну свайму пляменніку Міхалу Клеафасу Агінскаму, які пражыў тут каля 20 гадоў.
Сядзіба ўключала драўляны дом, млын на беразе вадаёма, гаспадарчы двор, сад і агарод. Вялікі ўчастак былога парку быў засаджаны пладовымі дрэвамі, ягаднымі кустамі, гароднінай. У парку размяшчалася альтанка, лаўкі, сад з цяпліцамі. Да 1815 г. вяліся работы па будаўніцтве новага мураванага палаца па праекце архітэктара М. Шульца (пасля яго смерці працай кіраваў архітэктар Ю. Пусэ), які стаў галоўнай архітэктурнай дамінантай Залесся. Цэнтральная частка будынка была вылучана порцікам і завяршалася невялікай вежай са шпілем. Унутраная планіроўка дазваляла размясціць тут жылыя пакоі, гасціныя, салоны, аранжарэі, бібліятэку. На адным баку газона знаходзілася афіцына – сямівосевы аднапавярховы будынак, на другім – капліца Маці Божай Вастрабрамскай. Палац размяшчаўся паміж старым французскім і новым англійскім паркамі. У парку акрамя разнастайных павільёнаў і мосцікаў былі ўстаноўлены памятныя камяні, прысвечаныя Т. Касцюшку і настаўніку Міхала Клеафаса Ж. Ралею. Прыгажосць сядзібе надавалі клумбы, адна з якіх называлася «клумбай Эмы» ў гонар дачкі кампазітара.
Залессе стала адной з самых прыгожых магнацкіх рэзідэнцый і мела назву «Паўночныя Афіны». Тут збіраліся музыканты, паэты, артысты, ладзіліся музычна-літаратурныя вечары. У Залессі М. Агінскі працаваў над камерна-вакальнымі і інструментальнымі мініяцюрамі, пачаў пісаць літаратурныя творы – 4-томныя «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (Парыж, 1826–1827) і трактат «Лісты пра музыку» (завершаны ў 1828 г., выдадзены ў 1956 г.). Тут ён склаў большасць сваіх рамансаў і паланэзаў. Існуе версія, што менавіта ў Залессі быў напісаны паланэз «Развітанне з Радзімай» (у выданнях музычных твораў таго часу паланэз называўся «ля-мінор»). Маёнтак заставаўся ва ўладанні Агінскіх да 1927 г. З пабудоў старога маёнтка ХVIII ст. амаль нічога не засталося, за выключэннем падмуркаў старажытных будынкаў. Праца па рэстаўрацыі і кансервацыі помніка архітэктуры пачалася яшчэ ў 1970-х гг. У 1996 г. сядзіба была перададзена Аб’яднанню дзяржаўных літаратурных музеяў Рэспублікі Беларусь, у 2001 г. увайшла ў склад Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, з 2009 г. сядзіба Агінскіх належыць Смаргонскаму аддзелу культуры. Рашэннем ЮНЕСКА 2015 г. быў аб’яўлены Годам М.К. Агінскага. У гэтым жа годзе быў адкрыты Музей-сядзіба М.К. Агінскага.
Падарожжа па родных мясцінах Адама Міцкевіча (1798–1855)
Жыццё і паэтычная творчасць Адама Міцкевіча звязана з Навагрудскім краем, яго культурай, бытам і гістарычнымі традыцыямі. Знакаміты паэт правёў у Завоссі першыя гады жыцця і даволі часта наведваў родныя мясціны: у 1801–1810 гг. праводзіў тут свае канікулы, прыязджаў сюды і пазней, калі быў настаўнікам у Коўне. Гісторыя Завосся пачалася ў сярэдзіне ХVII ст., у той час яно належала Радзівілам.