Да юбілею Адама Русака

24 мая спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння паэта Адама Русака

Адметнай старонкай нацыянальнай паэтычна-песеннай культуры Беларусі з’яўляецца творчасць Адама Русака.

Нарадзіўся А. Русак у в. Пясочнае Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Яго бацька добра іграў на скрыпцы, стварыў у вёсцы невялікі аматарскі аркестр, дзе Адам атрымаў першыя ўрокі музыкі. Пасля заканчэння ў 1914 г. Песачанскай пачатковай школы ён некаторы час працаваў у бацькоўскай гаспадарцы. У 1922 г. паступіў у Мінскі будаўнічы тэхнікум, аднак пакінуў вучобу і ў 1925 г. стаў студэнтам Мінскага музычнага тэхнікума. У час вучобы іграў у сімфанічным аркестры Беларускага радыё, два гады (1928–1930) служыў у Чырвонай арміі (быў музыкантам вайсковага аркестра). У 1930 г. А. Русак скончыў тэхнікум. З 1932 г. вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі і адначасова працаваў у аркестры Ленінградскага Малога опернага тэатра. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі ў Арэнбургу. У 1949 г. яго запрасілі ў сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Першым друкаваным творам А. Русака стаў верш «Мая песня», апублікаваны ў майскім нумары двухтыднёвіку «Чырвоны сейбіт» у маі 1927 г.

 

 

З 1932 г. вершы маладога паэта сталі рэгулярна з’яўляцца на старонках часопісаў «Заклік», «Полымя рэвалюцыі», газет «Звязда», «Літаратура і мастацтва».

У 1940 г. быў падрыхтаваны першы паэтычны зборнік А. Русака «На родных палетках» (выдадзены ў 1946 г.). Потым з’явіліся кнігі «Песні і вершы» (1951), «Песні» (1954), «Пад голас баяна» (1957), «Звонкія крыніцы» (1965), «Закрасуйся, Нёман» (1978) і інш.

 

                   

 

Ёсць у паэта і творы для дзяцей, якія ўвайшлі ў зборнікі «У Буслаўцы» (1967), «Добра ведаю ўрок» (1981), «Дружбакі» (1987).

 

                                                           

 

Прывабнасць паэзіі А. Русака ў яе напеўнасці, музычнасці, лірызме, арганічнай сувязі з фальклорам. Асабліва ярка гэта выяўляецца ў вершах «Чырвоная вяргінечка», «Вясельная», «Зімовы вечар», «Крынічанька», «Як правёў мяне Цімох» і інш. Глыбінёй і шчырасцю кранае любоўная лірыка А. Русака (вершы «Толькі з табою», «Дзе ты, зорка мая…», «Ціхі вечар», «Сярожка» і інш.). Шмат твораў прысвяціў паэт роднаму краю, сваім землякам, Радзіме і яе абаронцам у час Вялікай Айчыннай вайны («Мой край», «Веснавыя плыні», «Жніўная песня», «Закрасуйся, Нёман», «Мяцеліца», «Люблю лугі квяцістыя», «На Прыпяці», «Прыляцелі гусі», «Купчастая вішня», «Край палескі», «Лясная песня» і інш.).

Каля трох соцень вершаў А. Русака сталі песнямі, выканаўцамі якіх былі Л. Александроўская, І. Балоцін, Л. Уцёсаў, І. Кабзон, «Песняры», «Верасы», «Чараўніцы». Музыку да іх стваралі Р. Пукст, А. Туранкоў, У. Алоўнікаў, Ю. Семяняка, І. Лучанок і іншыя беларускія кампазітары. Найбольшую вядомасць атрымала песня «Бывайце здаровы» (музыка У. Захарава і І. Любана), якая стала народнай.

 

                  

 

У 1964 г. А. Русак атрымаў званне «Заслужаны работнік культуры БССР». Ён узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў і «Знак Пашаны», медалямі. У гонар паэта названы вуліцы ў Капылі і Пясочным.