

Ілья Львовіч Курган нарадзіўся ў Барысаве. У сярэдзіне 1930-х гг. разам з бацькамі пераехаў у Мінск. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі ў Куйбышаўскай вобласці і Самаркандзе: працаваў вартаўніком, слесарам, кацельшчыкам. У Мінск вярнуўся восенню 1945 г. і паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся на курсе драматурга, рэжысёра, народнага артыста Е. Міровіча, у ліку яго выкладчыкаў былі таксама акцёры К. Саннікаў і Д. Арлоў. Пасля заканчэння інстытута І. Курган быў накіраваны ў Віцебск у БДТ-2 імя Я. Коласа, аднак па сямейных абставінах не змог туды трапіць. Некаторы час быў акцёрам у створаным яго аднакурснікамі вандроўным тэатры.
Восенню 1949 г. І. Курган прыняў удзел у конкурсе на вакансію дыктара і пачаў працаваць на Беларускім радыё. Вёў грамадска-палітычныя, літаратурна-драматычныя, музычныя перадачы, агучваў дакументальныя тэлефільмы. У 1961 г. І. Курган быў прызначаны галоўным рэжысёрам дыктарскай групы Беларускага радыё.
Акрамя таго, займаўся прафесійнай падрыхтоўкай маладых дыктараў, навучыў сцэнічнай мове некалькі пакаленняў артыстаў і вядучых СМІ. Адначасова з 1959 г. выкладаў у Тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) і з 1995 г. – у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.
Ілья Курган – выкладчык
З 2006 г. І. Курган займаў пасаду рэжысёра Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, з 2007 г. быў рэпетытарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Яго вучнямі былі А. Мілаванаў, Б. Масумян, В. Мазынскі, В. Анісенка, В. Маслюк, У. Мішчанчук, Г. Дзягілева і інш.
Ілья Курган з’яўляецца аўтарам метадычных дапаможнікаў для дыктараў «Слова пра дыктарскае майстэрства» (1975), «Жывое слова ў эфіры» (1992), «Самота светлая мая...» (1997), адным з аўтараў «Хрэстаматыі па сцэнічнай мове» (1998–2000).
Найбольш ярка талент І. Кургана выявіўся ў радыёпастаноўках па творах беларускіх аўтараў, сярод якіх – «Прымакі» Я. Купалы, «Паляўнічае шчасце» Э. Самуйлёнка, «Сцяг брыгады» А. Куляшова, «Незабыўныя дні» М. Лынькова, «Доктар Русель» У. Дзюбы. Сярод запiсаў на радыё – «Скіп’ёўскі лес» К. Чорнага (1995), «Пан Тадэвуш» А. Мiцкевiча (1997); на грампласцінках – «Курган» Я. Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» (урыўкi) Я. Коласа, «Мужнасць» i «Летні дзень» (урыўкi) П. Глебкi, «Дзясяты падмурак» П. Труса, вершы М. Багдановiча, П. Броўкi i iнш.
Ля мікрафона Ілья Курган
Ілья Курган выступаў у друку з публікацыямі па пытаннях культуры мовы, методыкі мастацкага чытання. Ён з’яўляецца аўтарам сцэнарыяў кампазіцый, прысвечаных М. Багдановічу, В. Быкаву, У. Караткевічу і інш. Даследаваў праблемы сучаснага радыё і тэлебачання, культуру маўлення беларускага тэатра.
У 1968 г. І. Курган атрымаў ганаровае званне заслужанага артыста БССР, быў узнагароджаны граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1955, 1965), Дзяржтэлерадыё БССР (1968, 1986), Міністэрства вышэйшай і сярэдняй адукацыі БССР (1976, 1986), знакам «Ганаровы радыст СССР» (1965), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2006, 2010) і інш.