

Штогод у першую нядзелю верасня наша краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства. Свята адбываецца ў гарадах з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай, старадаўніх цэнтрах асветы і кнігадрукавання. Сёлета свята адбудзецца на Магілёўшчыне.
Упершыню Дзень беларускага пісьменства прымаў старажытны Полацк у 1994 г. З таго часу гасцей і ўдзельнікаў свята сустракалі ў Барысаве, Бялынічах, Ганцавічах, Гарадку, Глыбокім, Добрушы, Заслаўі, Іванаве, Камянцы, Капылі, Міры, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Паставах, Пінску, Рагачове, Слоніме, Смаргоні, Тураве, Хойніках, Шчучыне, Івацэвічах, Лідзе.
5 і 6 верасня 2026 г. XХХІІІ Дзень беларускага пісьменства завітае ў самы ўсходні горад Беларусі – Касцюковічы. Тут нарадзіліся народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў і народны пісьменнік Іван Чыгрынаў, беларускія паэты Алесь Пісьмянкоў і Аляксей Русецкі і яшчэ больш за два дзясяткі літаратурных імёнаў!
Мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства будуць прысвечаны шэрагу тэм: 85-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Году беларускай жанчыны, юбілеям класікаў беларускай літаратуры, пяцігодцы якасці. Гасцей і жыхароў горада чакае насычаная праграма, але ў цэнтры ўвагі будзе жывое слова і кніга: у павільёне рэдкай кнігі будуць прадстаўлены старадрукі і факсімільныя выданні; у «кабінеце пісьменніка» можна будзе пабачыць рукапісы, асабістыя рэчы, рэдкія фатаграфіі і архіўныя дакументы выбітных пісьменнікаў; асноўным гістарычным вехам развіцця кнігадрукавання на Магілёўшчыне прысвечана тэматычная інтэрактыўная прэзентацыя «Ад берасцянай граматы – да сучасных рэалій». Госці і жыхары горада маюць магчымасць наведаць Фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг» і стаць удзельнікамі Фестывалю кнігі і прэсы, пазнаёміцца з лепшымі ўзорамі сучаснага беларускага кнігавыдання.