ДАРОГАМІ ПЕРАМОЖЦАЎ: ДА 80-ГОДДЗЯ ВЫЗВАЛЕННЯ БЕЛАРУСІ АД НЯМЕЦКА-ФАШЫСЦКІХ ЗАХОПНІКАЎ

За сваю гісторыю Беларусь зведала шмат розных ваенных канфліктаў. Самым разбуральным і жорсткім сярод іх была Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гг. З 22 чэрвеня 1941 г. наша краіна стала арэнай баявых дзеянняў. Гераічная барацьба пагранічнікаў Брэсцкай крэпасці, цяжкія абарончыя баі пад Мінскам, Гомелем, Віцебскам, Магілёвам і Бабруйскам аслабілі і затрымалі праціўніка, далі магчымасць камандаванню Чырвонай арміі мабілізаваць сілы і нанесці ворагу сакрушальныя ўдары ў бітвах пад Масквой і Сталінградам, на Курскай дузе.

У канцы жніўня 1943 г. Стаўкай Вярхоўнага Галоўнакамандавання было прынята рашэнне аб наступленні. Войскі Цэнтральнага фронту (камандуючы генерал арміі К.К. Ракасоўскі) былі павінны прарваць абарону ворага і разгарнуць наступленне ў бок Сожа, Дняпра і Прыпяці.

У ходзе Чарнігаўска-Прыпяцкай і Гомельска-Рэчыцкай наступальных аперацый было вызвалена каля 38 населеных пунктаў Беларусі, уключаючы Гомель, Ветку, Брагін, Добруш, Лоеў, Нароўлю, Рэчыцу, Хойнікі і інш. 2 438 удзельнікам бітвы за Дняпро было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, з іх каля 700 чалавек вызначыліся ў баях на тэрыторыі Беларусі.

 

Чарнігаўска-Прыпяцкая аперацыя 1943

 

Чарнігаўска-Прыпяцкая аперацыя 1943 (карта). Крыніца ілюстрацыі: Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён : дадатак да 6-томнай "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" : [каля 200 каляр. карт, схем, планаў, іл. / [склад.: Г. Р. Шыкунова, Л. У. Языковіч ; аўт. тэкста Л. У. Языковіч]. – Мінск, 2004. – С. 137.

 

Чарнігаўска-Прыпяцкая наступальная аперацыя (26 жніўня – 30 верасня 1943 г.) праводзілася войскамі Цэнтральнага фронту (камандуючы генерал арміі К.К. Ракасоўскі). У пачатку аперацыі быў вызвалены шэраг украінскіх гарадоў. 21 верасня часці 13‑й арміі (камандуючы генерал‑палкоўнік М.П. Пухаў) выйшлі на левы бераг Дняпра і праз дзень пачалі фарсіраваць раку. Воіны 360‑га стралковага палка (камандзір палкоўнік М.І. Сташак) першымі ўступілі на беларускую зямлю і пры падтрымцы 129‑й асобнай танкавай брыгады (камандзір палкоўнік М.В. Пятрушын) цэлы дзень вялі бой каля гарадскога пасёлка Камарын (на той час раённы цэнтр Палескай вобласці), які вызвалілі 23 верасня. 26 верасня байцамі 65‑й арміі (камандуючы генерал-лейтэнант П.І. Батаў) быў вызвалены яшчэ адзін раённы цэнтр – гарадскі пасёлак Церахоўка (Добрушскі раён Гомельскай вобласці).

За фарсіраванне Дняпра і мужнасць, праяўленую ў баях за Камарын і навакольныя населеныя пункты, 33 салдаты і афіцэры былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. У 1976 г. у Камарыне ў гонар воінаў‑вызваліцеляў быў узведзены мемарыял.


Бранская аперацыя 1943

 

Бранская аперацыя 1943 (карта). Крыніца ілюстрацыі: Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён : дадатак да 6-томнай "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" : [каля 200 каляр. карт, схем, планаў, іл. / [склад.: Г. Р. Шыкунова, Л. У. Языковіч ; аўт. тэкста Л. У. Языковіч]. – Мінск, 2004. – С. 138.

 

У канцы верасня 1943 г. войскі Бранскага фронту (камандуючы генерал арміі М.М. Папоў) у ходзе Бранскай наступальнай аперацыі (1 верасня – 3 кастрычніка 1943 г.), прыступілі да вызвалення ўсходніх раёнаў Беларусі. Перадавыя падраздзяленні 50‑й арміі (камандуючы генерал-лейтэнант І.В. Болдзін) 26 верасня занялі вёскі Малая і Вялікая Ліпаўка, Узлогі, Чарняў (Хоцімскі раён Магілёўскай вобласці) і гарадскі пасёлак Хоцімск. Праз некалькі дзён былі вызвалены раённыя цэнтры Касцюковічы, Клімавічы, Крычаў, Чэрыкаў, Краснаполле і інш.


 

Смаленская аперацыя 1943

 

 

Смаленская аперацыя 1943 (карта). Крыніца ілюстрацыі: Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён : дадатак да 6-томнай "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" : [каля 200 каляр. карт, схем, планаў, іл. / [склад.: Г. Р. Шыкунова, Л. У. Языковіч ; аўт. тэкста Л. У. Языковіч]. – Мінск, 2004. – С. 137.

 

Адначасова з Бранскай з 7 жніўня па 2 кастрычніка 1943 г. праходзіла Смаленская наступальная аперацыя (кодавая назва «Сувораў»), якую праводзілі войскі Заходняга фронту (камандуючы генерал арміі В.Д. Сакалоўскі) і левага крыла Калінінскага (генерал-палкоўнік А.І. Яроменка). У канцы верасня 1943 г. чырвонаармейцы прыйшлі на беларускую зямлю. 28 верасня байцы 49‑й арміі (камандуючы генерал‑лейтэнант І.Ц. Грышын) вызвалілі ад акупантаў Мсціслаў, 2 кастрычніка – Дрыбін.


На Лоеўскім плацдарме

 

Вялікіх намаганняў і чалавечых страт каштавала войскам Цэнтральнага фронту бітва за Лоеўскі плацдарм. У гэтым раёне гітлераўцы стварылі магутную сістэму абарончых збудаванняў. 15 кастрычніка 1943 г. пасля масіраванага авіяналёту 16-й паветранай арміі (камандуючы генерал-палкоўнік авіяцыі С.І. Рудэнка) штурмавыя батальёны 65-й (камандуючы генерал-лейтэнант П.І. Батаў) і 61-й (камандуючы генерал‑лейтэнант П.А. Бялоў) армій пад шквальным агнём праціўніка пачалі пераправу цераз Дняпро. Савецкім войскам удалося зламаць супраціўленне ворага і вызваліць гарадскі пасёлак Лоеў. Перамога была аплочана велізарнымі людскімі стратамі: больш за 10 тыс. савецкіх салдат і афіцэраў загінулі, а 365 чырвонаармейцаў сталі Героямі Савецкага Саюза.

Подзвігу вызваліцеляў прысвечана экспазіцыя Музея бітвы за Дняпро, адкрытага 9 мая 1985 г.

 

Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943

 

 

Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943 (карта). Крыніца ілюстрацыі: Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён : дадатак да 6-томнай "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" : [каля 200 каляр. карт, схем, планаў, іл. / [склад.: Г. Р. Шыкунова, Л. У. Языковіч ; аўт. тэкста Л. У. Языковіч]. – Мінск, 2004. – С. 138.

 

10 лістапада 1943 г. пачалася Гомельска-Рэчыцкая наступальная аперацыя. Пасля артылерыйскай падрыхтоўкі стралковыя злучэнні трох армій (48‑й, камандуючы генерал‑лейтэнант П.Л. Раманенка, 61‑й – генерал‑лейтэнант П.А. Бялоў і 65‑й – генерал‑лейтэнант П.І. Батаў) прарвалі нямецкую абарону і пачалі хутка прасоўвацца ў тыл праціўніка. 18 лістапада вораг пакінуў Рэчыцу – буйны вузел камунікацый і важны апорны пункт праціўніка. Развіваючы поспех, войскі Беларускага фронту вызвалілім гарадскія пасёлкі Васілевічы і Стрэшын, гарады Брагін і Хойнікі. 26 лістапада 1943 г. Гомель – важнейшы вузел чыгуначных дарог і магутны апорны пункт немцаў – быў вызвалены.

 

Гарадоцкая аперацыя 1943

 

Гарадоцкая аперацыя 1943 (карта). Крыніца ілюстрацыі: Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён : дадатак да 6-томнай "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" : [каля 200 каляр. карт, схем, планаў, іл. / [склад.: Г. Р. Шыкунова, Л. У. Языковіч ; аўт. тэкста Л. У. Языковіч]. – Мінск, 2004. – С. 138.

 

Вызваленне Віцебшчыны пачалося ў кастрычніку 1943 г. Савецкія войскі авалодалі населенымі пунктамі Марчанскага, Руднянскага, Газьбінскага сельсаветаў, аднак у сярэдзіне лістапада наступленне было спынена. На лініі фронту ўтварыўся вялікі выступ, у аснове якога знаходзіўся раённы цэнтр Віцебскай вобласці г. Гарадок. Штабам 1‑га Прыбалтыйскага фронту (камандуючы генерал арміі І.Х. Баграмян) быў распрацаваны план Гарадоцкай наступальнай аперацыі. Галоўная роля адводзілася войскам 11‑й гвардзейскай арміі (камандуючы генерал‑лейтэнант К.М. Галіцкі) і 4‑й ударнай (генерал-лейтэнант В.І. Швяцоў).

Гарадоцкая аперацыя пачалася 13 снежня 1943 г. Пасля масіраванай артылерыйскай падрыхтоўкі байцы 11‑й гвардзейскай арміі пры падтрымцы танкаў перайшлі ў наступленне. 24 снежня 1943 г. Гарадок быў вызвалены.

 

Калінкавіцка-Мазырская аперацыя 1944

 

 

Калінкавіцка-Мазырская аперацыя 1944 (карта). Крыніца ілюстрацыі: Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён : дадатак да 6-томнай "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" : [каля 200 каляр. карт, схем, планаў, іл. / [склад.: Г. Р. Шыкунова, Л. У. Языковіч ; аўт. тэкста Л. У. Языковіч]. – Мінск, 2004. – С. 139.

 

Планам Калінкавіцка‑Мазырскай аперацыі прадугледжвалася вызваленне Калінкавіч і Мазыра. У аперацыі ўдзельнічалі 61‑я (камандуючы генерал-лейтэнантам П.А. Бялоў) і 65‑я (камандуючы генерал-лейтэнант П.І. Батаў) арміі. Моцную авіяцыйную падтрымку аказвалі атрады бамбардзіроўшчыкаў 16‑й паветранай арміі (камандуючы генерал-палкоўнік авіяцыі С.І. Рудэнка). У ходзе Калінкавіцка-Мазырскай наступальнай аперацыі дапамогу Чырвонай арміі аказвала партызанскае злучэнне пад кіраўніцтвам І.Д. Вятрова.

Калінкавіцка‑Мазырская наступальная аперацыя пачалася 8 студзеня 1944 г. 14 студзеня былі адбіты ў ворага Калінкавічы і Мазыр, 20 студзеня – Азарычы, 23 студзеня – Лельчыцы.

  

Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1944

 

 

Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1944 (карта). Крыніца ілюстрацыі: Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён : дадатак да 6-томнай "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" : [каля 200 каляр. карт, схем, планаў, іл. / [склад.: Г. Р. Шыкунова, Л. У. Языковіч ; аўт. тэкста Л. У. Языковіч]. – Мінск, 2004. – С. 139.

 

21 лютага 1944 г. наступленнем войск 3-й арміі (камандуючы генерал‑лейтэнант А.В. Гарбатаў) пачалася Рагачоўска‑Жлобінская аперацыя. 24 лютага 1944 г. савецкія байцы штурмам авалодалі Рагачовам. У гэтых баях асабліва вызначыліся 120‑я гвардзейская і 169‑я стралковыя дывізіі 41‑га стралковага корпуса пад камандаваннем генерал‑лейтэнанта В.К. Урбановіча. 22 лютага перайшлі ў наступленне войскі 50‑й арміі (камандуючы генерал‑лейтэнант І.В. Болдзін). 26 лютага 1944 г. Рагачоўска‑Жлобінская аперацыя завяршылася.

 

Беларуская аперацыя 1944

 

 

Беларуская аперацыя 1944 (карта). Крыніца ілюстрацыі: Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён : дадатак да 6-томнай "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" : [каля 200 каляр. карт, схем, планаў, іл. / [склад.: Г. Р. Шыкунова, Л. У. Языковіч ; аўт. тэкста Л. У. Языковіч]. – Мінск, 2004. – С. 144.

 

Наступленне Чырвонай арміі восенню і зімой 1943–1944 гг. мела важнае значэнне для далейшага ходу Вялікай Айчыннай вайны. Становішча на савецка‑германскім фронце складалася на карысць Чырвонай арміі. Фронт праходзіў па лінііі возера Нешчарда, на усход ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей на поўдзень ад Прыпяці да Ковеля, утвараючы так званы «Беларускі выступ» (ці «балкон») даўжынёй больш за 1100 км. Каб ліквідаваць яго і вызваліць ад ворага тэрыторыю БССР, была распрацавана Беларуская наступальная аперацыя (кодавая назва «Баграціён»). Перад савецкімі войскамі была пастаўлена задача прарваць абарону праціўніка, акружыць і знішчыць асноўныя сілы групы армій «Цэнтр» і выйсці да заходніх граніц СССР. Для правядзення аперацыі прыцягваліся сілы чатырох франтоў: 1‑га Прыбалтыйскага (камандуючы генерал арміі І.Х. Баграмян), 3‑га Беларускага (камандуючы генерал арміі І.Д. Чарняхоўскі), 2‑га Беларускага (камандуючы генерал-палкоўнік Г.Ф. Захараў) і 1‑га Беларускага (камандуючы маршал К.К. Ракасоўскі). У склад 1‑га Беларускага фронту ўваходзіла 1‑я армія Войска Польскага (камандуючы палкоўнік З. Берлінг). У аперацыі ўдзельнічалі Дняпроўская рачная ваенная флатылія (камандуючы капітан 1‑га рангу В.В. Грыгор’еў), 1‑ы асобны знішчальны авіяполк французскіх лётчыкаў «Нармандыя-Нёман». Агульную каардынацыю ажыццяўлялі маршалы Савецкага Саюза Г.К. Жукаў і А.М. Васілеўскі.

Беларуская аперацыя падзялялася на два этапы. На першым (з 23 чэрвеня па 4 ліпеня 1944 г.) былі праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая і Мінская аперацыі. З 5 ліпеня па 29 жніўня 1944 г. праходзіў другі этап аперацыі «Баграціён», які складаўся з Вільнюскай, Шаўляйскай, Каўнаскай, Беластоцкай і Люблін‑Брэсцкай аперацый, у ходзе якіх была поўнасцю вызвалена ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў Беларусь, часткова Літва, Эстонія і Латвія. Войскі Чырвонай арміі ўступілі на тэрыторыю Польшчы, падышлі да Усходняй Прусіі.

 

Віцебска-Аршанская аперацыя 1944

 

Віцебска-Аршанская аперацыя 1944 (карта). Крыніца ілюстрацыі: Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён : дадатак да 6-томнай "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" : [каля 200 каляр. карт, схем, планаў, іл. / [склад.: Г. Р. Шыкунова, Л. У. Языковіч ; аўт. тэкста Л. У. Языковіч]. – Мінск, 2004. – С. 146.

 

 У ходзе Віцебска-Аршанскай наступальнай аперацыі (праводзілася з 23 па 28 чэрвеня 1944 г.) войскі 1‑га Прыбалтыйскага і 3‑га Беларускага франтоў вызвалілі Лепель, Чашнікі, Віцебск, Оршу і выйшлі да Бярэзіны. Войскі 43‑й арміі (камандуючы генерал‑лейтэнант А.П. Белабародаў) 1‑га Прыбалтыйскага фронту і 39‑й арміі (камандуючы генерал‑лейтэнант І.І. Люднікаў) 3‑га Беларускага фронту прарвалі абарону ворага, абышлі Віцебск і 25 чэрвеня аб’ядналіся каля в. Гняздзілава (Бешанковіцкі раён). Групоўка праціўніка (5 нямецкіх дывізій) трапіла ў так званы «кацёл». 26 чэрвеня 145‑я дывізія 43‑й арміі ўварвалася ў Віцебск. Да сярэдзіны дня ва ўзамадзеянні з байцамі 39-й арміі горад быў вызвалены. За шэсць дзён баёў вораг страціў 20 тыс. салдат і афіцэраў забітымі, больш за 10 тыс. былі ўзяты ў палон.

Злучэнні 11‑й гвардзейскай арміі (камандуючы генерал‑лейтэнант К.М. Галіцкі), конна‑механізаваная група генерал‑лейтэнанта М.С. Аслікоўскага і часці 5-й гвардзейскай танкавай арміі (камандуючы маршал бранятанкавых войск П.А. Ротмістраў) рухаліся ў бок Оршы. 25 чэрвеня вораг пакінуў Багушэўск і Сянно, 26 чэрвеня – Талачын, 27 чэрвеня – Оршу.


  Полацкая аперацыя 1944

 

Полацкая аперацыя 1944 (карта). Крыніца ілюстрацыі: Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён : дадатак да 6-томнай "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" : [каля 200 каляр. карт, схем, планаў, іл. / [склад.: Г. Р. Шыкунова, Л. У. Языковіч ; аўт. тэкста Л. У. Языковіч]. – Мінск, 2004. – С. 148.

 

Галоўнай мэтай Полацкай наступальнай аперацыі (29 чэрвеня – 4 ліпеня 1944 г.) з’яўлялася авалоданне Полацкам. У аперацыі прымалі ўдзел войскі 4‑й ударнай арміі генерал-лейтэнанта П.Ф. Малышава, 6‑й гвардзейскай арміі генерал‑палкоўніка І.М. Чысцякова, 43‑й арміі (камандуючы генерал‑лейтэнант А.П. Белабародаў), 3‑й паветранай арміі (камандуючы генерал‑лейтэнант авіяцыі М.П. Папівін).

29 чэрвеня 1944 г. пачаліся баі за Полацк, а 4 ліпеня горад быў поўнасцю вызвалены. У ходзе аперацыі былі вызвалены Ушачы, Шаркаўшчына, Докшыцы, Глыбокае, а савецкія войскі атрымалі магчымасць працягваць наступленне ў бок Дзвінска (цяпер Даўгаўпілс, Латвія).

 

Магілёўская аперацыя 1944

 

Магілёўская аперацыя 1944 (карта). Крыніца ілюстрацыі: Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён : дадатак да 6-томнай "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" : [каля 200 каляр. карт, схем, планаў, іл. / [склад.: Г. Р. Шыкунова, Л. У. Языковіч ; аўт. тэкста Л. У. Языковіч]. – Мінск, 2004. – С. 148.

 

Магілёўская наступальная аперацыя праводзілася з 23 па 28 чэрвеня 1944 г. войскамі 2‑га Беларускага фронту пад камандаваннем генерал-палкоўніка Г.Ф. Захарава. 23 чэрвеня 1944 г. савецкія войскі фарсіравалі р. Проню. У ходзе баёў былі вызвалены Чавусы, Горкі, Копысь, Шклоў і іншыя гарады і населеныя пункты Магілёўшчыны. 26 чэрвеня чырвонаармейцы фарсіравалі Днепр, выйшлі да Магілёва і замкнулі кальцо акружэння. 28 чэрвеня 1944 г. Магілёў быў вызвалены.

 

Бабруйская аперацыя 1944

 

 

Бабруйская аперацыя 1944 (карта). Крыніца ілюстрацыі: Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён : дадатак да 6-томнай "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" : [каля 200 каляр. карт, схем, планаў, іл. / [склад.: Г. Р. Шыкунова, Л. У. Языковіч ; аўт. тэкста Л. У. Языковіч]. – Мінск, 2004. – С. 146.

 

Бабруйскай наступальнай аперацыі (24–29 чэрвеня 1944 г.) надавалася асобае значэнне: авалоданне горадам на Бярэзіне адкрывала войскам 1га Беларускага фронту прамы шлях на Мінск. 24 чэрвеня войскі 1‑га Беларускага фронту (камандуючы Маршал Савецкага Саюза К.К. Ракасоўскі) перайшлі ў наступленне. Сіламі 3‑й і 48‑й армій (камандуючыя генерал-лейтэнанты А.В. Гарбатаў і П.Л. Раманенка) абарона ворага была прарвана. Байцы 65‑й арміі (камандуючы генерал-лейтэнант П.І. Батаў) нанеслі ўдар непадалёк ад Парыч. 27 чэрвеня войскі злучыліся на поўначы ад Бабруйска. У Бабруйскі «кацёл» трапілі 6 нямецкіх дывізій, каля 40 тыс. салдат і афіцэраў, вялікая колькасць баявой тэхнікі. Адначасова ішлі баі за Бабруйск, нямецкі гарнізон якога налічваў 10 тыс. чалавек. 29 чэрвеня бабруйчане віталі вызваліцеляў.

 

Мінская аперацыя 1944

 

 

Мінская аперацыя 1944 (карта). Крыніца ілюстрацыі: Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён : дадатак да 6-томнай "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" : [каля 200 каляр. карт, схем, планаў, іл. / [склад.: Г. Р. Шыкунова, Л. У. Языковіч ; аўт. тэкста Л. У. Языковіч]. – Мінск, 2004. – С. 147.

 

Пасля разгрому гітлераўцаў пад Віцебскам, Магілёвам і Бабруйскам галоўнай мэтай стала вызваленне сталіцы. Мінская наступальная аперацыя праводзілася з 29 чэрвеня па 4 ліпеня 1944 г. Войскі 3га Беларускага фронту (камандуючы генералпалкоўнік І.Д. Чарняхоўскі) 30 чэрвеня фарсіравалі Бярэзіну і пачалі наступленне на Мінск праз Барысаў і Бягомль (вызвалены 1 ліпеня), Лагойск, Смалявічы, Вілейку, Краснае (вызвалены 2 ліпеня). Байцы 1га Беларускага фронту (камандуючы генерал арміі К.К. Ракасоўскі) прагналі ворага з Любані, Слуцка (30 чэрвеня), Гарадзеі і Стоўбцаў (2 ліпеня). 29‑ы гвардзейскі танкавы корпус (камандзір генерал‑маёр Я.І. Фаміных) перарэзаў аўтамабільную дарогу Мінск – Маладзечна. Войскі 2га Беларускага фронту (генералпалкоўнік Г.Ф. Захараў) знішчылі праціўніка ў Бялынічах (29 чэрвеня), Чэрвені (2 ліпеня) і Беразіно (3 ліпеня). У выніку наступлення савецкіх войск утварыўся Мінскі «кацёл». У акружэнне трапілі галоўныя каля 105 тыс. салдат і афіцэраў. Да 8‑га ліпеня савецкія войскі вялі цяжкія баі з гітлераўцамі. У выніку праціўнік страціў больш за 70 тыс. салдат і афіцэраў забітымі і каля 35 тыс. палоннымі.

Вызваленне беларускай сталіцы пачалося ноччу 3га ліпеня 1944 г. Першай у горад уварвалася танкавая брыгада падпалкоўніка А.А. Лосіка 2‑га гвардзейскага танкавага корпуса (камандзір генерал‑маёр А.С. Бурдзейны). Потым у Мінск увайшлі злучэнні 3‑га Беларускага фронту (часці 5‑й гвардзейскай танкавай арміі маршала бранятанкавых войск П.А. Ротмістрава), падраздзяленні 11‑й гвардзейскай і 31‑й армій (камандуючыя генерал‑палкоўнік К.М. Галіцкі і генерал‑лейтэнант В.В. Глаголеў). У другой палове дня Мінск быў вызвалены.

16 ліпеня 1944 г. у горадзе адбыўся мітынг, на якім прысутнічалі І.Д. Чарняхоўскі і кіраўнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху П.К. Панамарэнка. Урачыстае мерапрыемства завяршылася парадам беларускіх партызан, удзел у якім прынялі больш за 30 тыс. чалавек.

 

29 жніўня 1944 г. Беларусь была поўнасцю вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.