Вытокі сакральнага дойлідства на тэрыторыі сучаснай Беларусі бяруць пачатак з рассялення тут славянскіх плямён дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў пачалося будаўніцтва ўмацаваных гарадзішчаў і земляробчых селішчаў з выкарыстаннем драўляна-земляных і драўляна-каменных канструкцый. Так узводзіліся гарадскія ўмацаванні, жылыя і гаспадарчыя пабудовы, дамбы, масты цераз водныя перашкоды і інш. Культавая прастора афармлялася стварэнем капішча або кургана. Пляцоўка круглай формы была акрэслена па краях ровам, камянямі або ямамі. У цэнтры размяшчаўся ідал, вакол якога ў час рытуалаў запальвалі вогнішчы. Капішчы Х – пачатку ХІІ стст. каля в. Ходасавічы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці і в. Верхаўляны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Верхаўлянскае свяцілішча. Рэканструкцыя Э.М. Зайкоўскага
Прыняцце Старажытнай Руссю хрысціянства ў 988 г. паклала пачатак развіццю хрысціянскага сакральнага дойлідства. Асновай збудавання ў тыя часы з’яўляўся зруб – канструкцыя ў выглядзе пакладзеных адно на адно і змацаваных па краях бярвенняў. У далейшым на аснове зруба як планава-прасторавай адзінкі былі вынайдзены разнастайныя віды кампазіцый: падоўжана-восевая, цэнтрычная, ярусная.
Зрубныя канструкцыі. Забудова старажытнага Бярэсця
Пра такія пабудовы раннефеадальнага перыяду вядома надзвычай мала. У пісьмовых крыніцах існуюць толькі кароткія заўвагі наконт наяўнасці храмаў. Так, Друцкае евангелле XІV ст. сведчыць пра першую драўляную царкву, пабудаваную ў 1001 г. у Друцку – старажытным горадзе Полацкай зямлі (цяпер аграгарадок у Талачынскім раёне Віцебскай вобласці).
Старажытнае гарадзішча каля аг. Друцк Талачынскага раёна Віцебскай вобласці
У буйных гарадах, цэнтрах земляў і княстваў у гэты ж перыяд пачынаюць з’яўляцца манументальныя мураваныя збудаванні. На Беларусі першым вядомым творам мураванага сакральнага дойлідства стаў Сафійскі сабор у Полацку. Даты яго пабудовы ў пісьмовых крыніцах дакладна не пазначаны, аднак на падставе розных гістарычных звестак даследчыкі адносяць яго да перыяду праўлення князя Усяслава Брачыславіча (1044–1101 гг.). Храм стаў цэнтрам горадабудаўнічай структуры, увасабленнем палітычнага ўзвышэння і культурнага росквіту Полацкага княства.
Аб першапачатковым выглядзе Сафійскага сабора можна меркаваць толькі на падставе археалагічных рэканструкцый, бо на працягу сваёй шматвяковай гісторыі ён неаднаразова перабудоўваўся. Паводле даных даследчыкаў гэта была пяцінефавая шаснаццаціслуповая базіліка з пяцікупальным завяршэннем і вежай-званіцай. Муроўка сцен візантыйская, з радоў каменю і плінфы, якія чаргуюцца. Мяркуецца, што храм мог мець драўлянага папярэдніка. Найбольш істотна Полацкі храм пацярпеў у гады Паўночнай вайны 1700–1721 гг., пасля чаго ў сярэдзіне XVIII ст. па заказе і на сродкі ўніяцкага мітрапаліта Ф. Грабніцкага над рэшткамі будынка па праекце архітэктара Я.К. Глаўбіца быў узведзены новы грэка-каталіцкі храм у стылі позняга беларускага барока.
Сафійскі сабор у Полацку. Сучасны выгляд
Закладзеныя ў Полацкім сафійскім саборы ХІ ст. наватарскія прыёмы і мадыфікацыі візантыйскай схемы крыжова-купальнага храма атрымалі ў далейшым развіццё і паслужылі асновай для фарміравання самабытнай полацкай школы дойлідства. Характэрнымі яе рысамі сталі храмы вежападобнай канструкцыі, муроўка сцен з плінфы са “схаваным радам”, маёлікавая падлога з рознакаляровымі керамічнымі пліткамі і інш. Храмавае будаўніцтва ў Полацкім княстве працягнулася ў пачатку ХІІ ст., калі была ўзведзена значная колькасць цэркваў. Даследчыкам вядома пра існаванне храмаў-пахавальняў полацкіх князёў на Ніжнім замку і полацкіх епіскапаў у прадмесці Сялец на тэрыторыі Спаса-Праабражэнскага манастыра, царквы на ірве ў Полацку, чатырох мураваных храмаў Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра і інш. Большасць з іх цяпер знаходзіцца ў архітэктурна-археалагічным стане, калі ад іх засталіся толькі падмуркі.
Вялікі сабор Бельчыцкага манастыра. Рэшткі галоўнай апсіды. З раскопак А. Трусава. 1990 г.
Адзіным помнікам храмабудаўніцтва Полацка ХІІ ст., які дайшоў да нашага часу ў аўтэнтычным архітэктурным стане, з’яўляецца Спаса-Праабражэнская царква, пабудаваная ў 1143–1161 гг. мясцовым дойлідам Іаанам па заказе Ефрасінні Полацкай. Невялікі па памерах храм прадстаўляў сабой крыжова-купальную трохнефавую базіліку. Вялікую гісторыка-культурную каштоўнасць мае фрэскавы роспіс яго інтэр’ера, які захаваўся да нашых дзён у значнай колькасці фрагментаў. Сярод жаночых вобразаў фрэскавага цыкла ёсць гіпатэтычная выява Ефрасінні Полацкай, якая вызначаецца амаль партрэтнай рэалістычнасцю і высокай адухоўленасцю.
Полацкая Спаса-Праабражэнская царква. Рэканструкцыя П. Рапапорта і Г. Штэндэра
Полацкая Спаса-Праабражэнская царква. Фрэска "Невядомая святая"
Асобны кірунак мураванага сакральнага дойлідства існаваў у Віцебску. Згодна з летапісамі, першыя цэрквы тут былі закладзены яшчэ ў Х ст. кіеўскай княгіняй Вольгай. Даследчыкі лічаць, што мураваныя храмы ў горадзе з’явіліся ў канцы ХІ–ХІІ стст. Захаваліся рэшткі падмуркаў Міхайлаўскай і Благавешчанскай цэркваў. Іх муроўка адрозніваецца ад полацкай тым, што замест спалучэння валуноў і плінфы тут ужыты чэсаныя блокі з мясцовага вапняку і плінфа на цамяначным растворы. У 1992–1998 гг. была ажыццёўлена рэстаўрацыя Віцебскай Благавешчанскай царквы ў яе аўтэнтычным выглядзе (архітэктар Г.А. Лаўрэцкі).
Царква ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы ў г. Віцебск. Сучасны выгляд
Другой па часе і колькасці помнікаў старажытнарускага перыяду на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’яўляецца гродзенская школа дойлідства. Яе адметнымі рысамі сталі арыгінальная кампазіцыя храмаў са скошанымі вугламі і прамавугольнай цэнтральнай апсідай, цагляная роўнаслаёвая муроўка з аздабленнем фасаду шліфаванымі камянямі і фігурнымі керамічнымі пліткамі, выкарыстанне жбаноў-галаснікоў для паляпшэння акустыкі і змяншэння агульнай вагі купала і сцен будынкаў. Даследчыкам вядома пра існаванне ў ХІІ ст. Ніжняй і Прачысценскай цэркваў у Гродна, Барысаглебскай царквы ў Навагрудку, Замкавай царквы ў Тураве, недабудаванага храма ў Ваўкавыску. Вяршыняй развіцця гродзенскай школы дойлідства стала Барысаглебская царква ў Гродна, пабудаваная ў канцы ХІІ ст.
Гродзенская Барысаглебская царква. Усходні фасад. Рэканструкцыя П. Пакрышкіна
Гродзенская Барысаглебская царква. Сучасны выгляд
У ХІІІ ст. у развіцці беларускага сакральнага дойлідства пачаўся якасна новы этап, што звязана з фарміраваннем новай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага. Узрастанне знешняй пагрозы татара-мангольскай навалы з усходу і агрэсіі крыжацкіх ордэнаў з захаду стала прычынай таго, што манументальнае дойлідства набыло татальна абарончы характар. Паступовае пранікненне каталіцтва спрыяла з’яўленню на беларускіх землях архітэктурна-мастацкіх форм і канструкцый заходнееўрапейскай готыкі.
Самым раннім узорам храма, пабудаванага ў гатычным стылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, з’яўляецца Касцёл Святога Казіміра ў аг. Уселюб (Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці). Ён быў заснаваны ў 1433 г. Янам Нямірам у гонар свайго нябеснага патрона Яна Хрысціцеля. Даследчыкі лічаць, што першапачаткова касцёл меў нескладаную 1-слуповую канструкцыю, дзе разам з рысамі “цаглянай готыкі” відавочны ўплыў традыцый мясцовага драўлянага дойлідства. Знешні выгляд храма быў значна зменены шматлікімі перабудовамі. У канцы ХХ ст. будынак быў грунтоўна даследаваны, рэканструяваны і адноўлены пад тытулам Святога Казіміра.
Касцёл Святога Казіміра ў аг. Уселюб. Сучасны выгляд
Найбольш яскрава архітэктурна-мастацкія асаблівасці беларускай касцёльнай готыкі праявіліся ва ўзведзеным да 1471 г. Касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў в. Ішкалдзь (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці). Нягледзячы на складаную рэлігійную гісторыю, храм амаль цалкам захаваў сваю аўтэнтычную структуру. Будынак не мае вертыкальных кампазіцый, ажурных канструкцый, багатага скульптурнага аздаблення, уласцівых для Заходняй Еўропы. Але яго своеасаблівая скульптурная пластыка, зграбныя прапорцыі сцен і контрфорсаў, імклівая дынаміка шчыта даха сведчаць аб яго гатычным характары, вельмі самабытна і творча трактаваным.
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў в. Ішкалдзь. Сучасны выгляд
Вялікае падабенства з ішкаладзкім касцёлам у сваім аўтэнтычным выглядзе меў і пабудаваны ў 1491–1495 гг. Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў г. Іўе (Гродзенская вобласць). На працягу сваёй гісторыі храм выкарыстоўваўся як арыянскі, пазней як кальвінскі, у 1633 г. каля касцёла быў узведзены кляштар манахаў бернардзінцаў. Касцёл і кляштарны комплекс захаваліся часткова і ў цяперашні час аднаўляюцца.
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў г. Іўе. Сучасны выгляд
Непасрэдны ўплыў ранняй касцёльнай готыкі ў гэты перыяд адбіўся і ў праваслаўным храмабудаўніцтве. У 1517–1519 гг. па фундацыях гетмана Вялікага Княства Літоўскага К. Астрожскага і кіеўскага мітрапаліта І. Солтана была пабудавана трохнефавая Навагрудская Барысаглебская царква. Яе аўтэнтычная архітэктура мела яскрава гатычны характар – зорчатыя скляпенні, падпружныя аркі, вокны спічастай формы, контрфорсы. У канцы ХІХ ст. царква была перабудавана ў псеўдарускім стылі, рэканструявана ў 1923–1924 гг. і доўгі час выкарыстоўвалася як архіўнае сховішча.
Сабор Святых благаверных князёў Барыса і Глеба ў г. Навагрудак. Сучасны выгляд
Унікальным феноменам у кантэксце стылявога развіцця еўрапейскай архітэктуры канца XV – пачатку XVI стст. сталі чатырохвежавыя абарончыя праваслаўныя храмы Вялікага Княства Літоўскага. Ідэя царквы-крэпасці была выкарыстана пры будаўніцтве Царквы ў імя Святога Архангела Міхаіла ў в. Сынкавічы (Зэльвенскі раён) і Царквы ў гонар Раства Багародзіцы ў в. Мураванка (Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці).
Царква ў імя Святога архангела Міхаіла ў в. Сынкавічы. Сучасны выгляд
Распаўсюджванне ў XVI ст. рэфармацыйнага руху ў выглядзе кальвінізма, лютэранства і арыянства абумовіла з’яўленне ў сакральным дойлідстве мастацкіх уплываў так званага паўночнага рэнесансу. Элементы рэнесансу ў беларускім познегатычным каталіцкім храмабудаўніцтве прасочваюцца ў будынках Міхайлаўскага касцёла ў аг. Гнезна (Ваўкавыскі раён) і Мікалаеўскага касцёла ў аг. Геранёны (Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці).
Міхайлаўскі касцёл у аг. Гнезна. Сучасны выгляд
Мікалаеўскі касцёл у аг. Геранёны. Сучасны выгляд
З другой паловы XVI ст. у беларускай архітэктуры пачаў укараняцца стыль барока, прынесены на нашы землі каталіцкім ордэнам езуітаў. Яго архітэктурныя формы арганічна спалучаліся ў мясцовым дойлідстве з элементамі готыкі і рэнесансу. Першым збудаваннем у стылі барока на Беларусі стаў Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы. Пабудаваны ў 1587–1593 гг. паводле праекта Я.М. Бернардоні, ён уяўляў сабой трохнефавую крыжова-купальную базіліку і ў агульных рысах паўтараў галоўны ордэнскі храм езуітаў Іль-Джэзу ў Рыме.
Касцёл Божага Цела ў г. Нясвіж. Сучасны выгляд
Помнікамі беларускага барока XVIІ–XVIІІ стст. з’яўляюцца Жодзішкаўскі Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1612), Аршанская Святадухаўская царква (1-я палова XVII ст.), Дзятлаўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1646), Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў (1678), Лідскі Крыжаўзвіжанскі касцёл (1770) і інш.
Касцёл Святога Францішка Ксаверыя і кляштар езуітаў у Гродна. Сучасны выгляд
У канцы XVIІІ – пачатку ХІХ ст. у мураваным сакральным дойлідстве пачынае пераважаць архітэктура класіцызму. У ёй увасобіліся навуковы падыход да рэчаіснасці, рацыяналізм, абгрунтаваныя законамі суразмернасці і прыгажосці. У стылі класіцызму ўзведзены Валожынскі касцёл Святога Юзафа (1816), Барысаўскі касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1823), Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор (1824), Лідскі Міхайлаўскі кафедральны сабор (1825) і інш.
Лідскі Міхайлаўскі кафедральны сабор. Сучасны выгляд
З сярэдзіны ХІХ ст. у сакральным дойлідстве пачаўся перыяд эклектыкі – спалучэння разнастайных стылявых элементаў. Так у архітэктуры з’явіліся неаготыка, неарамантыка, неабарока, неакласіцызм, мадэрн і іншыя накірункі.
Пратэстанцкія, каталіцкія, а таксама некаторыя праваслаўныя храмы ў гэты перыяд атрымалі псеўдагатычны выгляд – стромкія дахі, высокія франтоны, шпілі-шатры, разеткі-вітражы, стральчатыя вокны, контрфорсы. У стылі неаготыкі ўзведзены Сар’янская Успенская царква (1857), Рэчыцкі Троіцкі касцёл (1903), Ліпнішкаўскі Казіміраўскі касцёл (1910), Рубяжэвіцкі Іосіфаўскі касцёл (1911), Канвелішскі касцёл Сэрца Ісуса (1925) і інш.
Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы ў в. Сар’я. Сучасны выгляд
Касцёл Святога Іосіфа ў в. Рубяжэвічы. Сучасны выгляд
У стылі неабарока пабудаваны Валкалацкі касцёл Яна Хрысціцеля (1870), Ашмянскі Міхайлаўскі касцёл (1900–1910), Лынтупскі Андрэеўскі касцёл (1914). У стылі мадэрн – Малажухавіцкая царква Іаана Хрысціцеля (1783, перабудавана ў пачатку ХХ ст.), Перабродскі касцёл Сэрца Ісуса (1920-я гг.), Лыскаўская царква Раства Багародзіцы (1930), Радунскі касцёл Маці Божай Ружанцовай (1933) і інш.
Ашмянскі Міхайлаўскі касцёл. Сучасны выгляд
Пануючым стылем у афіцыйным царкоўным будаўніцтве другой паловы ХІХ ст. стаў псеўдарускі. Яго асноўныя рысы – выкарыстанне матываў і дэталяў старажытнарускага дойлідства і рускай архітэктуры XVII ст. Да храмаў, узведзеных на тэрыторыі Беларусі ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў 1850–1890 гг., адносяцца: Брэсцкі Мікалаеўскі сабор (1856–1877), Брэсцкая Сімяонаўская царква (1865–1868), Высокаўская Крыжаўзвіжанская царква (1869), Ваўкавыская Мікалаеўская царква (1874), Барысаўскі Васкрасенскі сабор (1874), Гродзенскі кафедральны Пакроўскі сабор (1904–1905) і інш.
Свята-Сімяонаўскі кафедральны сабор у г. Брэст. Сучасны выгляд
Сабор у гонар Уваскрасення Хрыстовага ў г. Барысаў. Сучасны выгляд
Малакракоткаўская царква Іаана Хрысціцеля (1740), Паланэчкаўскі Юр’еўскі касцёл (1751), Новапагосцкі Троіцкі касцёл (1766), Княгінінская Троіцкая царква (1772) з’яўляюцца помнікамі драўлянага дойлідства XVIІІ–ХІХ стст.
Княгінінская Троіцкая царква. Сучасны выгляд
Паланэчкаўскі Юр'еўскі касцёл. Сучасны выгляд
Акрамя хрысціянскіх храмаў на тэрыторыі Беларусі ствараліся таксама і сакральныя пабудовы іншых рэлігійных вучэнняў. З XIV ст. на землях Вялікага Княства Літоўскага пачалося рассяленне татар, якія з дазволу вялікага князя будавалі невялікія драўляныя храмы. Першыя мусульманскія мячэці ўзводзіліся згодна з мясцовымі цяслярскімі традыцыямі і ў большасці сваёй нагадвалі зруб з чатырохсхільным дахам, вежачкай-мінарэтам і слупавой галерэяй-падсенню. Да 1795 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі 23 мячэці і 65 малітоўных татарскіх дамоў. Да пачатку Другой сусветнай вайны іх засталося нямногім больш за дзясятак. Доўгія гады адзіным дзеючым храмам была Іўеўская мячэць (1882). На цяперашні час маюцца звесткі пра мячэці ў в. Даўбучкі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці (1735; разабрана, захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту), Навагрудку (1855), в. Лоўчыцы Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці (каля 1688; адрэстаўравана ў 2002 г.).
Мячэць у в. Даўбучкі Смаргонскага раёна.Фота пачатку ХХ ст.
Іўеўская мячэць. Сучасны выгляд
Перамяшчэнне вялікай колькасці яўрэйскага народу прынесла з сабой і з’яўленне прасторных абшчынных дамоў – сінагог. Сінагогі на Беларусі будаваліся з дрэва ці каменю і складаліся з цэласнага, значных памераў аб’ёма пад блізкім да шатровага дахам. Алтары арыентаваліся ў бок Іерусаліма і ўпрыгожваліся разьбяным арнаментам, узорамі кавальскага майстэрства і ліцця. Драўляныя храмы не зберагліся, пакінуўшы аб сабе памяць на старых малюнках і фатаздымках. Сінагогі з каменю і цэглы часткова ацалелі, і толькі некаторыя з іх выкарыстоўваюцца па сваім прызначэнні. Сярод помнікаў іўдзейскага сакральнага дойлідства Вялікая харальная сінагога ў Гродна (1578), Быхаўская сінагога (XVII ст.), храмы ў Слоніме (1642), Століне (1792), Бабруйску (XIX ст.), Ружанах (1875), Індуры (1885) і інш.
Сінагога ў в. Воўпа Ваўкавыскага раёна. Фота пачатку ХХ ст.
Быхаўская сінагога. Сучасны выгляд