БЕЛАРУСЬ ІНДУСТРЫЯЛЬНАЯ

Прамысловасць – найважнейшая галіна матэрыяльнай вытворчасці, якая аказвае вырашальнае ўздзеянне на ўзровень эканамічнага развіцця грамадства. Яна ўяўляе сабой сукупнасць прадпрыемстваў (фабрык, заводаў, электрастанцый, шахт, руднікоў і г. д.), занятых выпускам прылад працы, вытворчасцю энергіі, здабычай сыравіны і паліва, апрацоўкай і перапрацоўкай прадуктаў, вырабленых у прамысловасці або атрыманых у сельскай гаспадарцы. Рэспубліка Беларусь – краіна сучаснай індустрыі. Аўтамабільная, трактарная, горназдабываючая, нафтаперапрацоўчая і хімічная прамысловасць, станкабудаванне, стварэнне электроннай тэхнікі і дакладных прыбораў, мінеральных угнаенняў і сінтэтычных валокнаў… Вось далёка не поўны пералік вытворчасцей, якія характарызуюць індустрыяльнае аблічча нашай краіны.

 

Развіццё прамысловасці

 

Як самастойная галіна грамадскай вытворчасці прамысловасць узнікла пасля аддзялення рамяства ад земляробства. На працягу даволі доўгага часу яна існавала ў выглядзе дробных промыслаў, якія з’яўляліся падсобнымі заняткамі і насілі сезонны характар. Адны з іх сустракаліся вельмі часта (збіральніцтва, паляванне, рыбалоўства, бортніцтва). Іншыя існавалі толькі на вызначанай тэрыторыі, што залежала ад прыродных умоў і крыніц сыравіны. Шырокае распаўсюджванне атрымалі промыслы па апрацоўцы дрэва, валакністых рэчываў, гліны, скур, жалеза. Разнастайныя жыццёва неабходныя прадметы – жыллё, харчовыя прыпасы, тканіны, адзенне, абутак, рэчы хатняга ўжытку, посуд, сельскагаспадарчыя прылады і транспартныя сродкі – усё ў абсалютнай большасці выраблялася на месцы. З развіццём абмену промыслы перараслі ў дамашнюю прамысловасць, калі частка вырабаў паступала на продаж ці аддавалася землеўладальніку ў якасці аброку. Вялікую ролю ў далейшым станаўленні прамысловасці адыгралі гарады, дзе склаліся першыя элементы капіталістычных адносін. Так промыслы паступова перарасталі ў вытворчасць вырабаў па заказе спажыўца ў майстэрні і сталі неабходнай састаўной часткай гарадскога побыту. У XVII ст. у гарадах Беларусі было зафіксавана ўжо каля 200 спецыялізаваных відаў рамёстваў і промыслаў. Гарадскія рамеснікі аб’ядноўваліся ў прафесійныя арганізацыі – цэхі (брацтвы, староствы). Рамяство працягвала адыгрываць істотную ролю ў жыцці народа і заставалася асноўнай формай прамысловай вытворчасці да пачатку ХХ ст.

Наступным этапам прамысловага развіцця сталі мануфактуры, якія ўзніклі ў пачатку XVIII ст. галоўным чынам у малых гарадах i мястэчках. Яны сталі пераходнай формай ад рамеснай вытворчасці да капіталістычнай фабрыкі. З майстэрняй рамесніка іх збліжала выкарыстанне ручной працы, а з фабрыкай – наёмная праца і яе падзел. Першымі прадпрыемствамі такога тыпу сталі Налібоцкая (1717) і Урэцкая (1737) шкляныя мануфактуры. Потым з’явіліся Нясвіжская і Слуцкая мануфактуры шаўковых паясоў, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры і інш. У канцы стагоддзя іх было ўжо больш за 50. Мануфактуры пачалі прыходзіць у заняпад у другой палове ХІХ ст., хаця асобныя (Мінская гарбарная, Віцебская цагельная, Жабіцкая шкляная, Обальская драўняна-хімічная і іншыя) існавалі і ў пачатку ХХ ст.

На працягу ХІХ ст. з укараненнем паравых рухавікоў пачала стварацца фабрычна-заводская вытворчасць. Першыя ў Беларусі паравыя рухавікі з’явіліся ў 1825–1827 гг. на суконных прадпрыемствах у Косаве (Івацэвіцкі раён) і Хомску (Драгічынскі раён), у 1845 г. запушчаны першыя капіталістычныя вытворчасці (мукамольная фабрыка ў Магілёве і Беліцкі цукровы завод каля Гомеля). У 1860 г. працавала ўжо 30 механізаваных прадпрыемстваў. Мадэрнізацыйныя працэсы паскорыліся ў другой палове ХІХ ст. у сувязі з адменай прыгоннага права, эканамічнымі рэформамі і буйнамаштабным будаўніцтвам чыгункі. У гэты перыяд канчаткова вызначылася спецыялізацыя беларускай прамысловасці, арыентаваная на перапрацоўку мясцовай сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай сыравіны. З’явіліся першыя акцыянерныя таварыствы і больш буйныя прадпрыемствы: Барысаўшчынскі металургічны завод (1854), Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка (1880), Барысаўская запалкавая фабрыка «Вікторыя» (1891) і інш. У пачатку ХХ ст. паскорылася будаўніцтва прадпрыемстваў, узніклі манапалістычныя аб’яднанні, павялічылася канцэнтрацыя вытворчасці і замежныя інвестыцыі. Напярэдадні Першай сусветнай вайны пераважалі металаапрацоўка, харчовая, дрэваперапрацоўчая, папяровая і лёгкая прамысловасці. У Беларусі налічвалася 1282 цэнзавыя прадпрыемствы і каля 100 тыс. дробнакапіталістычных вытворчасцей і саматужна-рамесных майстэрняў. Найбольшымі былі Віцебская льнопрадзільная фабрыка «Дзвіна», Гродзенская тытунёвая фабрыка, Галоўныя механічныя майстэрні Лібава-Роменскай і Палескай чыгунак, Добрушская папяровая фабрыка, шклозавод «Нёман» і інш.

Палітычныя перамены і ваенныя дзеянні першай чвэрці ХХ ст. прывялі да парушэння дзейнасці прадпрыемстваў. У 1917 г. прамысловая вытворчасць скарацілася ў параўнанні з даваенным перыядам на 70%, захавалася толькі каля паловы прадпрыемстваў, большасць з якіх не дзейнічала з-за недахопу сыравіны і паліва. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі заводы і фабрыкі былі нацыяналізаваны. У наступныя гады прамысловасць Беларусі развівалася ў адпаведнасці з курсам на індустрыялізацыю, а з 1928 г. – па пяцігадовых планах. У гэты перыяд з’явілася тарфяная вытворчасць, першыя буйныя прадпрыемствы хімічнай галіны, хутка развівалася электраэнергетыка і машынабудаванне. У 1940 г. на прамысловасць прыпадала 80% усёй прадукцыі народнай гаспадаркі Беларусі. Буйнымі індустрыяльнымі цэнтрамі сталі Мінск, Гомель, Віцебск, Магілёў, Орша, Бабруйск, Барысаў. Заходнебеларускі рэгіён у складзе Польшчы з’яўляўся пераважна аграрным, вылучаўся невысокім узроўнем развіцця індустрыі, якая была арыентавана на перапрацоўку мясцовай сыравіны і выпуск паўфабрыкатаў. Прамысловасць была прадстаўлена дробнымі прадпрыемствамі (90,1%) і рамяством. Вядучымі галінамі з’яўляліся лясная, харчовая, мінеральная і тэкстыльная.

Вялікія страты прамысловасць Беларусі панесла ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, калі было разбурана і вывезена больш за 10 тыс. прадпрыемстваў. У першыя пасляваенныя гады ішоў працэс аднаўлення вытворчасці. У краіну ўвозілася абсталяванне для найбольш прыярытэтных і перспектыўных галін эканомікі, што дазволіла істотна аднавіць вытворчасць з улікам новых тэхналогій, закласці падмуркі для развіцця новых відаў прамысловасці (аўтамабільнай, паліўна-энергетычнай, папяровай, сельскагаспадарчага машынабудавання). У 1950–1955 гг. было запушчана больш за 1 тыс. новых прадпрыемстваў. Паступова з’явіліся навукаёмістыя і высокатэхналагічныя вытворчасці (радыёэлектронная, электратэхнічная, дакладнае прыладабудаванне, вытворчасць аўтаматычных ліній, рухавікоў), створаны нафтаздабыўная і нафтаперапрацоўчая прамысловасць, арганізаваны выпуск калійных, азотных, фасфатных угнаенняў, сінтэтычных валокнаў, смол і пластмас. Паскоранымі тэмпамі развівалася вытворчасць грузавых аўтамабіляў, трактароў і металарэзных станкоў. Такім чынам склаліся асноўныя рысы сучаснай структуры прамысловасці, якая ператварылася ў высокааснашчаную галіну гаспадаркі.

У пачатку 1990-х гг. пачалася стыхійная лібералізацыя эканомікі (свабода прадпрымальніцтва, свабоднае цэнаўтварэнне і г. д.), былі парушаны эканамічныя сувязі, пачаліся перабоі з пастаўкамі сыравіны, паліва і электраэнергіі, страчаны рынкі збыту гатовай прадукцыі. У выніку прамысловасць апынулася ў стане глыбокага крызісу, яе спад да 1995 г. склаў 31%. Складаная сітуацыя ў эканоміцы прымусіла ўрад Беларусі прыняць шэраг мер і распрацаваць праграму развіцця прамысловага комплексу да 2000 г. У гэты перыяд пачалося ўзмацненне дзяржаўнага рэгулявання вытворчасці і цэн, жорсткая бюджэтна-фінансавая палітыка. Прыярытэтнымі кірункамі развіцця сталі экспарт, жыллё і харчаванне. У пачатку 2000-х гг. была праведзена буйнамаштабная мадэрнізацыя некаторых прамысловых прадпрыемстваў шляхам дзяржаўных інвестыцый і субсідый. Ствараліся акцыянерныя таварыствы, стратныя вытворчасці аб’ядноўваліся з рэнтабельнымі, была ўведзена сістэма дзяржаўных заказаў, недапускалася банкруцтва прадпрыемстваў, стымуляваўся ўнутраны попыт на айчынныя тавары і інш. Адной з мер павышэння канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў стала аб’яднанне іх у холдынгі (на канец 2023 г. дзейнічалі ўжо 140 холдынгаў).

Прамысловае развіццё Рэспублікі Беларусь у цяперашні час адпавядае стадыі развітой індустрыялізацыі. Характэрным з’яўляецца высокі ўзровень канцэнтрацыі найбуйнейшых прадпрыемстваў у Мінску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Віцебску, Наваполацку, Гродне, Мазыры, Брэсце, Барысаве, дзе вырабляецца каля 2/3 прамысловай прадукцыі. Адметнай рысай сучаснай прамысловай структуры з’яўляецца залежнасць ад знешніх фактараў – паставак паліўна-энергетычных рэсурсаў і матэрыялаў, рынкаў збыту гатовай прадукцыі. Частка неабходных прамысловасці паліва, сыравіны і матэрыялаў паступае з краін СНД і большасць вырабленай прадукцыі рэалізуецца на іх рынках. У тэхналагічнай структуры ідзе працэс павелічэння долі нізкатэхналагічных, скарачэнне сярэднетэхналагічных і высокатэхналагічных вытворчасцей. Нягледзячы на зніжэнне колькасці стратных прадпрыемстваў, страты працягваюць расці. Гэта выклікана праблемамі са збытам гатовай прадукцыі, яе высокай затратаёмістасцю, падзеннем попыту і ростам расходаў на лагістыку, узмацненнем канкурэнцыі і недастатковай канкурэнтаздольнасцю самой прадукцыі.

Урад Рэспублікі Беларусь прымае меры па стымуляванні далейшага развіцця прамысловасці. Яе нарошчванне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гг., якая прадугледжвае рэарганізацыю айчыннай прамысловасці ў канкурэнтаздольны комплекс, паскоранае развіццё высокатэхналагічных вытворчасцей у фармацэўтыцы, оптыцы і электроніцы, мадэрнізацыю прадпрыемстваў металургіі і машынабудавання, хімічнай і харчовай галіны, узмацненне палітыкі рацыянальнага імпартазамяшчэння і інш. Згодна з праграмай «Якасць 2021–2025» прадугледжана рэалізацыя больш за 30 мерапрыемстваў па тэхнічным нармаванні, эфектыўным менеджменце, матывацыі, прапагандзе і павышэнні якасці ў галінах. Шмат робіцца для заахвочвання арганізацый, якія дабіліся значных вытворчых поспехаў, укаранілі высокаэфектыўныя метады кіравання. Сярод іх праводзяцца конкурсы «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» і «Лідары прамысловасці Рэспублікі Беларусь», вызначаюцца лаўрэаты Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь і Прэміі СНД за дасягненні ў галіне якасці, кіраўнікі прадпрыемстваў адзначаюцца нагрудным знакам «Лідар якасці». У мэтах павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі праз беражлівыя і прадуманыя адносіны да рэсурсаў, рэалізацыю высокатэхналагічных і энергаёмістых праектаў, прыярытэт якасных паказчыкаў над колькаснымі, 2024 год у Рэспубліцы Беларусь аб’яўлены Годам якасці. Было прынята рашэнне аб увядзенні вышэйшай дзяржаўнай ганаровай узнагароды «Знак якасці», якой адзначаюцца прадпрыемствы, прадукцыя якіх адпавядае самым высокім стандартам.

 

Лідары прамысловасці Беларусі

 

Прамысловасць з’яўляецца неад’емнай часткай эканамічнай сістэмы дзяржавы, ад эфектыўнасці функцыянавання прадпрыемстваў у многім залежыць эканамічны рост і дабрабыт грамадзян. Згодна са статыстычнымі данымі, цяпер у краіне дзейнічае больш за 16 тыс. прамысловых прадпрыемстваў. У сучаснай індустрыяльнай стуктуры пераважае перапрацоўчая прамысловасць, на долю якой прыпадае 89,7% валавага прамысловага выпуску. Лідарамі з’яўляюцца вытворчасці прадуктаў харчавання, напояў і тытуню (23%), кокса і прадуктаў нафтаперапрацоўкі (14%), хімічных прадуктаў (9%), здабыча і размеркаванне электраэнергіі, газа і вады (9%), металургія і вытворчасць гатовых металічных вырабаў (6%), вытворчасць гумавых, пластмасавых і іншых неметалічных прадуктаў (6%), машын і абсталявання (6%), вырабаў з дрэва і паперы (4%).

 

Харчовая прамысловасць

 

Харчовая прамысловасць – група галін, прадпрыемствы якой вырабляюць харчовыя прадукты, напоі і тытунёвыя вырабы. Уключае алейна-тлушчавую, вінаробную, кандытарскую, лікёра-гарэлачную, макаронную, масласыраробную, малочную, мукамольна-крупяную, мясную, піваварную, плодаагароднінную, рыбную, спіртавую, тытунёва-махорачную, харчовых канцэнтратаў, хлебапякарную і інш. У цяперашні час у яе складзе налічваецца больш за 1 тыс. прадпрыемстваў, якія вырабляюць больш за 3 тыс. відаў харчовых прадуктаў. Вядучая роля належыць мясной, малочнай, масласыраробнай і лікёра-гарэлачнай вытворчасцям. Асноўным кірункам развіцця з’яўляецца асваенне сучасных тэхналогій, якія дазваляюць больш поўна выкарыстоўваць сыравіну, паскараць тэхналагічныя працэсы і зніжаць колькасць адходаў. Вялікае значэнне мае выпуск прадуктаў функцыянальнага харчавання з лекава-прафілактычнымі і дыетычнымі ўласцівасцямі, ежы хуткага прыгатавання, асваенне нетрадыцыйнай сыравіны. Прадпрыемствы харчовай прамысловасці аб’яднаны ў канцэрн «Белдзяржхарчпрам», холдынгі «Гомельская мяса-малочная кампанія», «Канцэрн “Брэстмясамалпрам”», «Мінск Крышталь Груп», «Магілёўская малочная кампанія “Бабушкіна крынка”», «Першы малочны», «Гроднамясамалпрам» і інш. Сярод лідараў галіны – Брэсцкі, Пінскі, Гродзенскі, Слонімскі, Жлобінскі і Ваўкавыскі мясакамбінаты, Віцебская бройлерная птушкафабрыка, агракамбінаты «Дзяржынскі» і «Сноў», Лунінецкі і Мінскі малочныя заводы, Пружанскі і Тураўскі малочныя камбінаты, Глыбоцкі малочнакансервавы і Бярозаўскі мясакансервавы камбінаты, Мінскі маргарынавы і Жабінкаўскі камбікормавы заводы, кампаніі «Беллакт», «Малочны гасцінец», «Малочны Мір», «Савушкін прадукт», «Белавежскія сыры», «Камунарка», «Спартак», «Санта-Брэмар», «Мазырсоль», «Мінск Крышталь», Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод «Белалка» і інш.

 

Хімічная, нафтахімічная і нафтаперапрацоўчая прамысловасць

 

Хімічная і нафтахімічная прамысловасць – галіна цяжкай індустрыі, на прадпрыемствах якой выкарыстоўваюць хімічныя метады перапрацоўкі сыравіны і матэрыялаў, атрымліваюць розную хімічную прадукцыю (арганічныя і неарганічныя хімікаты, мінеральныя ўгнаенні і сыравіну для іх, фарбавальнікі, хімічныя валокны, гумавыя вырабы шырокага ўжытку і інш.). Сыравіннай базай для гэтага служаць залежы калійных солей, нафта і прадукты яе перапрацоўкі, прыродны і спадарожны газ, апатыты, сера і інш. Сярод лідараў хімічнай, нафтахімічнай і нафтаперапрацоўчай галіны – Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Завод горнага воску, Завод «Палімір», кампаніі «Беларуськалій», «Гродна Азот», «Полацк-Шкловалакно», «Магілёўхімвалакно», «Август-Бел», «Вітэкс», «Беліта» і інш. Прадпрыемствы ўваходзяць у склад вытворчага аб’яднання «Беларуснафта», холдынг «Белрэсурсы». Каардынацыйную дзейнасць па пошуку, разведцы, здабычы, транспарціроўцы, перапрацоўцы нафты і забеспячэнні народнай гаспадаркі краіны нафтапрадуктамі ажыццяўляе Беларускі дзяржаўны канцэрн па нафце і хіміі «Белнафтахім».

Падгаліной хімічнай з’яўляецца фармацэўтычная прамысловасць, прадпрыемствы якой вывучаюць, распрацоўваюць, вырабляюць і размяркоўваюць лекавыя сродкі, неабходныя для прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння рознага віду захворванняў. Асноўная прадукцыя – сінтэтычныя і фітахімічныя прэпараты, медыкаменты з расліннай сыравіны, вітаміны, ферменты і каферменты медыцынскага прызначэння, антыбіётыкі, кровазаменнікі, гатовыя лекі. Аснову сучаснай фармацэўтычнай прамысловасці складаюць установы холдынга «Белфармпрам», які быў створаны ў 2017 г. Сярод лідараў галіны – Барысаўскі і Нясвіжскі заводы медыцынскіх прэпаратаў.

 

Металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка

 

Металургія – галіна цяжкай прамысловасці, якая спецыялізуецца на атрыманні металаў з руды і іншых матэрыялаў, замене хімічнага саставу, структуры і ўласцівасцей металічных сплаваў. Прадпрыемствы выпускаюць чыгун, сталь, ферасплавы, металічныя вырабы прамысловага прызначэння, перапрацоўваюць другасную сыравіну. У цяперашні час найбуйнейшым прадпрыемствам з’яўляецца Беларускі металургічны завод у Жлобіне (Гомельская вобласць). Прадпрыемствы галіны аб’яднаны ў холдынг «Беларуская металургічная кампанія», куды акрамя заводаў у Магілёве і Жлобіне ўваходзяць таксама Рэчыцкі метызны завод, Маладзечанскі завод металаканструкцый, Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт». Таксама ў складзе найбуйнейшых заводаў краіны маецца больш за 100 ліцейных участкаў і цэхаў.

Машынабудаванне і металаапрацоўка – комплекс галін цяжкай прамысловасці па вытворчасці машын, механізмаў, агрэгатаў, прылад, металаканструкцый, металавырабаў, а таксама па рамонце машын і абсталявання. У адпаведнасці з класіфікацыяй Рэспублікі Беларусь металургія ўключае каля 30 галін, найважнейшыя з якіх: станкабудаўнічая і інструментальная; аўтамабільнае, трактарнае, сельскагаспадарчае, дарожна-будаўнічае і камунальнае машынабудаванне; вытворчасць бытавых прылад, сродкаў вылічальнай тэхнікі, металічных канструкцый і вырабаў; рамонт машын і абсталявання. Вытворцы галіны аб’ядноўваюцца ў холдынгі «Гарызонт», «Інтэграл», «БелОма», «Аграмашсэрвіс», «Лідсельмаш», «Бабруйскаграмаш», «Аўтакампаненты», «Амкадор», «Мінскі маторны завод», «БелАўтаМАЗ», «БелАЗ-холдынг» і інш. Сярод прадпрыемстваў-лідараў – Мінскі трактарны завод, Мінскі маторны завод, Мінскі завод колавых цягачоў, Мінскі механічны завод імя С.І. Вавілава, Мінскі электратэхнічны завод імя В.І. Казлова, Гомельскі завод ліцця і нармаляў, Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання, Навагрудскі завод газавай апаратуры, станказавод «Чырвоны барацьбіт», прадпрыемствы «БелАЗ», «Гандальмаш», «Гомсельмаш», «Атлант», «Брэстгазаапарат», «Беларускабель» і інш.

 

Лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая прамысловасць

 

Лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая прамысловасць – сукупнасць галін па нарыхтоўцы драўніны, яе апрацоўцы і перапрацоўцы. Уключае лесанарыхтоўчую, дрэваапрацоўчую, мэблевую, лесахімічную і цэлюлозна-папяровую вытворчасці. У пералік прадукцыі ўваходзіць дзелавая драўніна, піламатэрыялы, мэбля, клееная фанера, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты, папера, кардон, запалкі, каніфоль, шкіпінар і інш. Большасць прадпрыемстваў знаходзіцца ў падпарадкаванні Беларускага вытворча-гандлёвага канцэрна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці («Беллеспаперапрам»). У цяперашні час вядучымі прадпрыемствамі з’яўляюцца Барысаўскі шпаланасычальны завод, «Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў”», «Слоніммэбля», «Маладзечнамэбля», Кіруючая кампанія холдынга «Беларускія шпалеры».

 

Прамысловасць будаўнічых матэрыялаў і канструкцый


Прамысловасць будаўнічых матэрыялаў і канструкцый – шматпрофільная высокаразвітая галіна па вытворчасці матэрыялаў, вырабаў, дэталяў і канструкцый для ўсіх відаў будаўніцтва. Яе прадпрыемствы выпускаюць цэмент, кераміку, зборныя жалезабетонныя канструкцыі, шкло, мяккія дахавыя і гідраізаляцыйныя матэрыялы, нярудныя будаўнічыя матэрыялы і інш. У цяперашні час вялікая ўвага надаецца ўкараненню рэсурсазберагальных матэрыялаў і тэхналогій, якія ўплываюць на памяншэнне масы і павелічэнне цеплазберагальных уласцівасцей, павялічваецца выпуск эфектыўных вырабаў і вытворчасць новых матэрыялаў і канструкцый на аснове палімернай сыравіны. Прадпрыемствы галіны аб’ядноўваюцца ў холдынгі «Беларуская шкляная кампанія» і «Беларуская цэментная кампанія». Сярод лідараў – Беларускі цэментны завод, буравая кампанія «Дэльта», прадпрыемствы «Краснасельскбудматэрыялы», «Бярозабудматэрыялы», «Кераміка», Кіруючая кампанія холдынга «Забудова», «Крычаўцэментнашыфер», «Граніт», «Керамін», «Мінскжалезабетон», «Гомельбудматэрыялы», «Гомельшкло».

 

Лёгкая прамысловасць

 

Лёгкая прамысловасць – сукупнасць спецыялізаваных галін прамысловасці, якія вырабляюць прадметы масавага ўжытку з розных відаў сыравіны: тканіна, трыкатаж, дываны, швейныя, футравыя, галантарэйныя вырабы, абутак, а таксама сыравіну і зыходны матэрыял для ўласных і іншых галін. Лёгкая прамысловасць аб’ядноўвае некалькі кірункаў: тэкстыльную (баваўняную, шарсцяную, шаўковую, ільняную, трыкатажную), швейную, гарбарную, футравую, абутковую, скурна-галантарэйную і інш. У цяперашні час лёгкая прамысловасць займае адно з важных месцаў у вытворчасці валавага нацыянальнага прадукту і адыгрывае значную ролю ў эканоміцы краіны. Асноўныя прадпрыемствы лёгкай прамысловасці Беларусі ўваходзяць у склад канцэрна «Беллегпрам», холдынгі «Абутак-Прамень», «Белвест», «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія “Марка”» і інш. Сярод лідараў галіны – Аршанскі льнокамбінат, Добрушскі фарфоравы завод, прадпрыемствы «Магатэкс», «Мілавіца», «Світанак», «Контэ Спа», «Купалінка», «Ромгіль», «БелКрэда», «Камінтэрн», «Элема», «Віцебскія дываны», «Стужка», «Галантэя», «Белвест».